I, бедная, на рукі пакаёўкі ўпала.

Ах, бедная, хацела быць яснавяльможнай,

А зноў трэ' быць вяльможнай, як шляхцянцы кожнай'.

Тут Войскі скончыў сказ і апускае посах.

Ўваходзяць парамі лакеі, на падносах

Трымаюць пачастункі: боршч, што царскім звецца,

За ім расольнік старапольскі падаецца,

Ў які пан Войскі, маючы свае сакрэты,

Укінуў колькі перлаў і са дзве манеты

(Такі расольнік чысціць кроў, здароўю служыць).

Далей другія стравы. Хто ж бы мог падумаць

Запомніць невядомыя ўжо ў нашы часы

Кантузы розныя, аркасы і блямасы,

Пінэлі і памухлі ці там фігатэлі,

Цыбэты, піжмы і драганты, і брунелі.

А рыбы! Той ласось вядомы дунаецкі,

Ікра вянецкая і асяцёр турэцкі,

Шчупак галоўны, падгалоўны і лакетны,

І камбала, і карп стары, і карп шляхетны!

Ўканцы сакрэт кухарскі: рыбіна старанна

З канца падсмажана, а далей запякана,

А пры хвасце, як заліўная, зрыхтавана.

А госці не пыталі, як завуцца стравы,

Зусім іх не крануў і той сакрэт цікавы,

На ўсё салдацкія былі ў іх апетыты,

Абы часцей венгерскім келіх быў наліты.

Сервіз жа ў гэтым часе ў фарбах адмяніўся,

Ачышчаны ад снегу, зеленню пакрыўся,

Бо лёгкая, цяплом у залі разагрэта,

Растала ўжо пялёнка беленькая гэта,

Адкрыўшы дно з-пад снегу і з-пад цукру-лёду,

Дык краявід ажыў другой парою года,

Заззяў зялёнаю шматколернай вясною.

Вось збожжа раптам узнімаецца сцяною:

Шафранавай пшаніцы ўстаў шнур залацісты,

Палетак жыта серабраны і квяцісты,

Расце і грэчка, зробленая з шакаладу,

I яблыкі, і грушы пазіраюць з саду.

Ледзь госці маюць час аддаць прызнанне лету

І дарма просяць, каб пару прадоўжыць гэту,

Сервіз, нібы планета, цвёрда кіраваны,

Пару мяняе. Краявід залататканы,

Сагрэты ў памяшканні, колеры згартае:

Пажоўклі травы, ліст чырвоны аблятае,

І ўжо асенніх ветраў чуюцца павевы.

І вось, нядаўна стройныя такія дрэвы

Стаяць аголеныя, бы ў чаканні скону.

Так засталіся толькі палкі цынамону,

Галінкі лаўравыя там, дзе лес быў цёмны.

Замест іголак хвоі, кмен застаўся скромны.

Дык госці, папіваючы віно, пачалі

Ламаць галлё, сукі - закусваць імі сталі

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату