На Зосю, аж у многіх слёзы заблішчэлі.

Дык просяць, каб яна ўзняла нямнога вочы,

Каб павярнулася. Хоць твар гарыць дзявочы,

Пакручваецца, з сэрцам поўным неспакою

І засланіўшы вочкі ясныя рукою.

Тадэвуш вельмі рады, ажно цёр далоні.

Ці Зосі ўрадзіў хто адзецца так сягоння,

Ці падказаў інстынкт (дзяўчына адгадае

Заўсёды, што ёй лепш да твару прыпадае),

Сказаць даволі, што, хоць Талімэнай зрання

Яна была аблаяна за гэта ўбранне,

Адмовілася з плачам ад сукенкі моднай

І гэтак засталася ў вопратцы народнай.

Спаднічку мела беленькую пад кароткай

Зялёнаю сукенкай з яснаю абводкай.

Зялёны быў гарсет, прыгожа вышываны

І стужкамі ружовымі зашнураваны,

Дык грудзі выглядалі, як бутоны кветак.

З плячэй рукаўкі белыя свяцілі гэтак,

Як крыллі матыля, стрыманага ў разгоне.

Ружовы каснічок сціскаў іх ля далоні,

А шыя сціснута прыгожай белай блузкай,

Каўнер якой абшыгы стужачкаю вузкай.

У вушках завушнічкі з костачак ад вішні,

Якімі Сак Дабрынскі даў быў доказ лішні

Сваіх пачуццяў к Зосі (Сак на іх умелы

Вырэзваў спраўна сэрцы, ўздзетыя на стрэлы).

На шыі павісаюць два шнуркі бурштыну,

На галаве ляжыць вяночак з размарыну.

Ад косаў стужкі Зося кінула на плечы,

А над чалом у светлай валасоў густэчы

Свяціўся серп крывы, травой адшліфаваны,

Як ясны маладзік па-над чалом Дыяны.

Усе ў далоні плешчуць, хваляць. З афіцэраў

Адзін дастаў porteftuille, запоўнены паперай,

Расклаў, змачыў у вуснах алавік і значыў

Ім штось, на Зосю гледзечы. Суддзя пабачыў

Прылады, мастака па іх пазнаў самога,

Хоць за той час яго змянілі вельмі многа

Палкоўніка адзнакі і мундзір уланскі,

І вусікі з бародкай на манер іспанскі.

Суддзя сказаў: 'Вітаю вас, яснавяльможны

Пан Граф. І ў патранташы носіце дарожны

Прыбор для малявання!' (Бо пан Граф быў гэта.

Хоць толькі ў войску быў з мінулага ён лета,

Але за тое, што уланскі полк паставіў

За ўласны кошт і ўжо ў баях сябе праславіў,

Ён атрымаў палкоўніка сягоння званне.

Суддзя пачаў складаць яму павіншаванне,

Ды Граф маўчаў - яго займала маляванне.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату