А заяц выдаў нейкі голас чалавечы,

Жалосны! Цкавачы бягуць: ляжыць без духу,

І ўжо харты кудлачаць шэрсць яго на бруху.

Сабак адводзяць, гладзяць. Войскі ў гэтым часе,

Дастаўшы нож, што ля папругі целяпаўся,

Абрэзаў зайцу лапы і сказаў: 'Па праву

Харты аднолькавую заслужылі славу.

Іх роўная дасужасць, роўная і праца -

Палац быў варты Паца, а пан Пац палаца.

Яны ў вас роўныя, адзін другога варты,

Дык ваша спрэчка скончана ўжо не на жарты.

А я, што вамі запрашаны быў у суддзі,

Даю свой прыгавор: няхай пачуюць людзі,

Што выйгралі абодва, фанты не прайграны,

Дык падпішыце згоду'. Тут усхвалявана

Абодва цкавачы у ветлівым паклоне

І ў шчырай радасці паціснулі далоні.

Пан Рэент мовіў: 'Я стаўляў каня з нарадам,

Даў подпіс, нашым земскім сцверджаны урадам,

Што аддаю суддзі пярсцёнак мой прыгожы.

Фант, стаўлены ў заклад, забраны быць не можа.

Прашу, няхай жа персцень той пан Войскі прыме

I ўласнае на ім загад дасць выбіць імя,

А не, дык герб Грачэхаў - што больш да спадобы.

Рубін жа ў золаце адзінаццатай пробы!

Каня сягоння ў армію ўзялі уланы.

А той камплект пры мне, ён быццам маляваны,

Выгодны і трывалы, зроблены, як цацка.

Сядло па модзе ці турэцкай, ці казацкай,

Багата ўбранае ў каштоўныя каменні,

Падушачка з рубронту пушыцца ў сядзенні.

А як, ускочыўшы, у стрэмя ўставіш ножку,

Дык ты між куль сядзіш, нібыта ў ложку.

А як галопам пусціш (тутка пан Балеста,

Які, як ведама, ахвотнік быў да жэстаў,

Расставіў ногі, бы ў страмёнах падымаўся,

Пасля галоп паказваючы, ў такт ківаўся),

А як галопам скочыць, дык чапрак іскрыцца,

І проста золата пачне з каня валіцца,

Бо і табэнкі золатам панабіваны,

І пазалота на страмёнах серабраных.

На рамянях ад муштука і на аброці

Бялеюць ракавін кружкі, а колцы ў пазалоце.

Нагруднік ззяе месяцам, як герб Лялівы,

Накшталт маладзіка. Камплект той асаблівы

Здабыты у баі (здаецца) Падгаецкім

На нейкім знакамітым шляхціцы турэцкім,

Прыміце, пан Асэсар, ў знак маёй пашаны'.

Тады Асэсар, вельмі рад і ўсхваляваны,

Сказаў: 'Нашыйнікі цудоўныя я ставіў,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату