Якімі князь Сангушка колісь мяне ўславіў:
Яшчур і золата на іх - глядзець ахвота,
Пры іх ядвабны павадок. Яго работа -
Цудоўная, а ў ім каштоўны камень свеціць.
Я думаў, можа, ў спадчыне пяроймуць дзеці,
Напэўна ж буду мець дзяцей, бо вось жанюся.
Таму, пан Рэент, я таксама спадзяюся,
Што вы аброжкі прымеце з тае нагоды,
Што спрэчка наша, ўжо трываючая годы,
Нарэшце скончана так добра, ганарова
Для нас абодвух. Згода хай цвіце нанова!'
Пайшлі дамоў, каб чым хутчэй даць знаць наўкола,
Што спрэчка скончана за Кусага й Сакола.
Казалі, быццам Войскі зайца маладога
Хаваў пры доме ў клетцы ў таямніцы строгай,
Пасля ў гарод пусціў, каб лёгкаю здабычай
Змірыць двух цкавачоў. Зрабіў так таямніча,
Што аніхто не здагадаўся з Сапліцова.
Праз колькі год шапнуў пра гэта кухар слова,
Каб звесці Рэента з Асэсарам нанова,
Але дарма стараўся ў гэткім злым намеры:
Адрокся Войскі, дык не далі кухце веры.
Ужо сабраныя ў замковай пышнай залі,
Чакаючы бяседы, госці размаўлялі,
А тут Суддзя ў мундзіры ўрадавым заходзіць
І за сабой Тадэвуша і Зосю ўводзіць.
Паклон аддаў Тадэвуш леваю рукою
Гасцям і афіцэрам, што былі ў пакоі,
А Зося сарамліва вочкі апусціла
І прывітальны рэверанс гасцям зрабіла
(Прыгожа так, як цётка гэтага жадае).
На галаве вянок, бо Зося - маладая.
Яна была ў той самай вопратцы прыгожай,
Ў якой насіла ўранні зелле Маці Божай.
І зараз для гасцей снапок травы нажала.
Адной рукой прысутным кветкі раздавала,
Другой на галаве трымала серп бліскучы.
Бяруць героі кветкі, збіўшыся да кучы,
Цалуюць ёй руку, яна зноў чырванела.
Аж генерал Князевіч, падхапіўшы смела
І па-бацькоўску у чало пацалаваўшы,
На стол паставіў Зосю, перш высока ўзняўшы.
А ўсе ў далоні пляскалі, крычалі 'брава',
Захопленыя прыгажосцю і паставай,
А асабліва вопраткай яе народнай.
Бо ім, жаўнерам, што даўно з краіны роднай
Пайшлі ў чужыну ў войны, бітвы і паходы,
Былі надзвычай дарагімі люду моды -
Яны ж напаміналі маладыя годы,
Даўнейшае каханне. Дык усе глядзелі
