Па Сапліцове і па тым сваім пакоі,
Дзе ў нас спатканне дзіўнае было такое
І дзе мы развіталіся. Вось так памалу
У сэрцы нешта, як расада, прарастала
Усю зіму; хоць не казала я нікому,
Ды вельмі сумавала і па гэтым дому,
І па пакойчыку, і нешта мне шаптала,
Што тут вас зноў убачу, - вось і прычакала.
Вас маючы ўсё ў думках, часта імя ваша
Я паўтарала, дык таварыства ўсё наша
Мяне ўвесь час лічыла ў Вільні закаханай.
Дык вось, калі кахаю, то, напэўна, пана'.
Адчуў Тадэвуш немалую асалоду
З тых слоў, і пад руку пайшлі яны з гароду
Ў напрамку да пакойчыка малога,
Дзе пражываў Тадэвуш год таму ўжо многа.
У той пакой жаночы пара падалася,
Дзе жыў Тадэвуш некалі ў дзяцінства часе.
Цяпер там Рэент быў у новенькім убранні
І памагаў збірацца сэрца свайго пані,
Падносячы пярсцёнкі, скрыначкі, падушкі,
Флаконы, ланцужкі, то парашкі, то мушкі,
Ды на нявесту пазіраў з трыумфам, рады.
А маладая, скончыўшы ўціраць памады,
І пекнасць перад люстрам пільна правярала.
Дзве пакаёўкі шчыпчыкамі спрытна, ўдала
Падкручваюць астылыя ўжо кос пярцёнкі,
Другія, ўкленчыўшы, працуюць ля фальбонкі
Калі так Рэент ля нявесты мітусіўся,
Ў акно пастукаў кухарчук: 'Шарак з'явіўся.
Пракраўшыся з лазы вялізарнага куста,
Праз луг матнуўся ў сад тым бокам, дзе капуста,
Ды там сядзіць. Не цяжка ўзяць яго ні трошкі,
Калі хартоў паставіць пасярод дарожкі'.
Бяжыць Асэсар, цягне Сокала ў бок саду,
І Рэент выбег, ён імчыцца з Кусым ззаду.
Паставіў Войскі іх з сабакамі ля плоту,
Сам з біткаю у сад пайшоў. Ля павароту
Дарожкі свіснуў, пляснуў - звера так трывожыў.
А кожны з цкавачоў зрок пільна насцярожыў,
Паказвае сабакам сцежку перад стартам
I цмокае сцішка. Глядзяць харты упарта,
Насы наставілі, дрыжаць нецерпяліва,
Як быццам дзве стралы адна дзяржыць цяціва.
Тут Войскі крыкнуў: 'Вычга-га! ' Заяц - скок з-за плоту
На луг, харты - за ім, і ў той жа момант, з лёту
Сакол і Кусы зайца разам ухапілі,
Зляцеўшы з двух бакоў, як быццам птушкі крыллі,
І зубы, быццам кіпцюры, убілі ў плечы.
