Качаюцца, ажно зарыліся ўжо ў пыле.

Глядзім, аж слугі між сабою зашапталі

І чорнага Гарэшкам так, у жарт назвалі,

А шэрага Сапліцам, і як ён быў гарою,

Крычаць: 'Гарэшка- трус! Сапліцы ў нас - героі!'

Як ападаў, крычалі: 'Панаддай, Сапліца,

Бо сорам шляхціцу прад багачом скарыцца!'

Смяёмся і чакаем, хто каго з іх зможа.

Аж раптам Зося к рыцарам, што так варожа

Таўкліся, падбягае, ручкай іх прыкрыла,

А тыя біліся ўсё, аж фурчэлі крылы -

Такая злосць была у гэткім дробным ліху.

Тут бабы і давай шаптаць з сабой паціху,

Што суджана, відаць, каб праз дзяўчыну гэту

Змірыліся дзве знатныя сям'і павету.

I, бачу, спраўдзіліся бабскія варожкі,

Хоць пра Тадэвуша не думалі ні трошкі

Тады, а больш пра Графа'.

Ключнік жа на гэта:

'Дзівосна як на свеце ў тайны ўсё адзета!

Скажу і я вашэці штось. Мо менш цудоўна

Было, чым з птушкамі, ды дзіўна невымоўна.

Ты знаеш, што Сапліцаў я без дай прычыны

Гатоў быў нішчыць, а да гэтага хлапчыны

Я адчуваў бязмерную любоў заўсёды.

Калі ён біўся з кім яшчэ ў малыя годы,

Заўсёды верх браў. Я яго, пад замка мурам

Сустрэўшы, падстракаў да розных авантураў.

Ці амялы з дубоў нарваць, ці з хвоі свежых

Набраць вароніх яек, ён без адгаворкі

Рабіў. Відаць, што пад шчаслівай светам зоркі

Прыйшоў на свет, я думаў, шкода, што Сапліца

Хто ж знаў, што суджана яму так ажаніцца,

Стаць мужам панны Зофіі, маім быць панам!'

Тут змоўклі, справам дзівяцца неспадзяваным,

І толькі зрэдку чуюцца ўсё тыя ж фразы:

'Так, так, мой пан Гервазы', 'Гэтак, пан Пратазы'.

Над прызбай той у кухні вокны ўсе раскрыты,

З іх пара, быццам дым, узносіцца ў блакіты,

А з тых дымоў, як беленькая галубіца,

Мільгнула светлая кухмайстара шляфмыца,

І Войскі праз акно па-над старых галовы

Нагнуўся тварам, моўчкі слухаў іх размовы.

Урэшце ім падаў дзве філіжанкі, сподак

З бісквітамі і мовіў: 'Хоць мядок салодак,

Ды закусіце і гісторыі цікавай

Паслухайце, што ледзь не сталася крывавай,

Калі ў Налібацкіх лясах за даўніх часаў

Падвёў пан Рэйтан штуку князю фон Дынасаў.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату