Ледзь ён жыццём не заплаціў за гэту звадку.
Я іх змірыў, а як - пачну казаць спарадку'.
Ды повесць Войскага тут кухары спынілі,
Пытаючы, ці так сервіз распалажылі.
Пайшоў пан Войскі, а старыя зноў ля мёду
Глядзелі моўчкі, задуменна ў бок гароду,
Дзе стройны той улан стаяў з прыгожай дзевай
Улан руку яе узяў рукою левай
(Бо правая рука была забінтавана)
І словы гэткія казаў усхвалявана:
'Зафія, трэ', каб ты нічога не ўкрывала
I, перш чым пабяромся, шчыра адказала.
Нічога, што калісьці ты была гатова
Даць слова мне. Я не прыняў у той час слова,
Не мог застацца я пры вымушаным слове.
Тады я вельмі мала жыў у Сапліцове,
І ў той час я не смеў чакаць таго ні мала,
Каб ты мяне вось так адразу пакахала:
Не фанфарон я, а хацеў заслугай, Зося,
Любоў тваю здабыць, хоць бы й чакаць прыйшлося.
Цяпер жа ты ізноў мне слова паўтарыла:
За што мяне ты гэткай ласкай надарыла?
А мо выходзіш за мяне ты не з кахання,
А толькі з дзядзькі слоў ці з цёткі намаўляння.
Але жаніцьба, Зося, справа немалая,
Парайся з сэрцам, хоць мо хто і намаўляе.
Пагроз не слухай дзядзькі, не зважай на цёцю.
Калі ж не па сваёй выходзіш мо ахвоце,
Тады заручыны на іншы час адложым,
Няма куда спяшацца, пачакаць мы можам,
Тым больш, што атрымаў я ўчора назначэнне
Ў інструктары, тут буду весці абвучэнне
Салдат, пакуль мае не выгаяцца раны.
Дык як, каханая?'
І Зося твар румяны
К яму ўзняла і стала гаварыць нясмела:
'Не помню, як яно тады ўсё стацца мела,
Ды ўсе казалі мне, што замуж трэба
За вас, а я заўсёды згодна з воляй неба
I са старэйшых воляй'. Апусціўшы вочы,
Прамовіла: 'Калі вы, помніце, той ночы,
Як ксёндз памёр у буру, двор наш пакідалі,
Заўважыла, што вы нас моцна шкадавалі,
Аж слёзы мелі у вачах. Скажу вам смела,
Што тыя слёзы помніла я й пэўнасць мела,
Што любіце мяне, і мне душа балела,
А ў час малітвы вы ў маім стаялі зроку
З бліскучымі вялікімі слязамі ў воку.
Пасля мяне Падкамарына ў Вільню брала
На зіму, але я там вельмі сумавала
