I не схаваеш зараз пад зямлю аблічча?

Дык гэтак помніш тое, ў чым ты мне клялася?

Пашто ж мне стужка гэта вось твая здалася?

Бяда таму, хто так мяне зняважыў груба!

Праз труп мой хіба пойдзе ён з табой да шлюба!'

Усталі госці, Рэент страшна ўсхваляваўся,

Тут Падкаморы ворагаў змірыць стараўся.

А Талімэна, Графа клікнуўшы ў старонку:

'Яшчэ,- шапнула,- ён не ўзяў мяне за жонку.

Калі ты пратэстуеш, дык у чым тут гора?

Скажы мне толькі зараз проста, цвёрда, скора:

Ці ўсё кахаеш, ці ў пачуццях не змяніўся

І ці са мною зараз ты б тут ажаніўся,

Сягоння, зараз? Хочаш, Рэента пакіну!'

Граф адказаў: 'I зразумей ты тут жанчыну!

Ты гэткаю была ў пачуццях паэтычнай,

А зараз сталася бясконца празаічнай.

І што ў вас за жаніцьбы? Хіба дзеля мукі,

Бо не кранаюць душ, а толькі вяжуць рукі.

Павер, прызнанні ёсць без лішніх слоў, без ласкі

І без абавязацельстваў ёсць абавязкі!

Два сэрцы закаханыя на'т і здалёку

З сабой вядуць размову, быццам зоркі ў змроку.

Хто знае! Можа ад таго зямля ад сонца

Імкнецца і так міла месяцу бясконца,

Што бачаць век сябе, бягуць к сабе заўсёды,

Ды збліжыцца з сабой няма у іх нагоды!'

'Даволі гэтага,- спыніла,- не планета

Я, з ласкі Божай, пане Графе, а кабета.

Даволі плесці тут ні тое ані сёе.

Прасцерагаю, піснеш слоўца хоць малое,

Каб шлюб сарваць, дык так, як Бог святы мне мілы,

Я скочу з кіпцюрамі ў твар і з цэлай сілы...'

'Не буду,- Граф сказаў,- разбурваць шчасце пані'.

І сумны позірк адвярнуў без хвалявання.

Пасля, как пакараць няверную каханку,

Звярнуў сваю ўсю ўвагу на Падкамаранку.

А Войскі з думкай, што зайздроснікаў пагодзіць

Разумным прыкладам, пачаў ізноў выводзіць

Гісторыю Налібацкую з даўніх часаў

Пра спрэчку Рэйтана і князя фон Дынасаў,

Але, марожанае скончыўшы і воды,

Усе на двор выходзяць дзеля ахалоды.

Канчаюць і сяляне. Мёд гарыць у шклянцы,

Збан кружыць, але вось рыхтуюцца ўжо танцы.

Тадэвуша шукаюць. Аж знайшлі нарэшце -

Шаптаў ён штосьці, адышоўшы ўбок, нявесце:

'Хачу я, Зофія, пра нешта запыгацца,

Я з дзядзькам гаварыў, не будзе ён спрачацца.

Вось большасць вёсак, што маімі стацца маюць,

Табе, паводле права, ў спадку прыпадаюць,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату