Але не ўпросіш граць пры Янкелю нікога.
(А Янкель быў на ўсю зіму кудысьці скрыўся,
Цяпер з галоўным штабам войска зноў з'явіўся.)
Вядома ўсім было, што ён мастак удалы,
Што, як ніхто, любіў і разумеў цымбалы.
Дык інструмент нясуць, граць просяць цэлым хорам,
А ён бароніцца, што адчувае сорам,
Што агрубеў, бо граць даўно не давялося,
З паклонам уцякае. Бачыць гэта Зося,
Бяжыць к яму і з белай падае далоні
Кручкі, якімі цымбаліст у струны звоніць.
Другой рукою гладзіць бараду старога,
З паклонам просіць: 'Ну паграйце, хоць нямнога,
Мае ж заручыны сягоння, вы ж хацелі
І абяцалі на маім паграць вяселлі'.
Любіў надзвычай Янкель Зосю. Барадою
Кіўнуў на згоду, дык таўпяцца грамадою
К яму, падносяць крэсла, падаюць цымбалы,
Кладуць іх на калені. Рад музыка ўдалы,
Глядзіць на ўсіх, як ветэран, калі унукі
Са сценкі меч яго цяжкі бяруць у рукі;
Смяецца дзед і, хоць даўно не кратаў зброі,
Упэўнен, што рука не выйшла йшчэ са строю.
Тым часам вучні два, прыкленчыўшы ў паклоне,
Наводзяць інструмент - у струны ціха звоняць,
А Янкель, зрок прыжмурыўшы шчасліва,
Трымае палачкі ў руках, сядзіць маўкліва.
І вось ударыў зразу тактам трыумфальным,
Пасля стаў сеч гусцей, нібы дажджом навальным.
Здзівіў усіх, ды гэта - толькі спробы гукі,
Бо ўраз спыніў іх, прыпадняўшы ўгору рукі.
Зноў грае: тон дрыжачы ледзь кранае вуха,
Нібы струну чапіла лёгкім крыллем муха,
Узняўшы ціхі зык працяглага бранчэння.
Мастак глядзеў у неба і чакаў натхнення.
Зірнуў з гары, інструмент змерыў вокам горда,
Узняў угору рукі і спусціў іх цвёрда.
Здумеліся усе...
Увесь струн набор вялікі
Так грымнуў, быццам янычарскія музыкі
Ударылі ў званкі, ў талеркі, ў бубны, ў трубы.
Гудзе 'Маёвы паланез'. Напеў той любы
Прыносіць радасць, радасцю слых поіць -
Гуляць дзяўчаты хочуць, хлопцы аж не ўстояць.
Але старых панеслі ў прошлае ўспаміны,
У час такі шчаслівы для ўсяе краіны,
Калі паслы з сенатам у агульнай залі
З народам зміранага караля віталі,
У танцах пяючы: 'Віват кароль жаданы!
Віват саслоўі ўсе! Віват дэлегаваным! '
Мастак прыспешвае зноў такты з сілай дужай,
Ды вось пусціў акорд фальшывы, як сык вужа,
Як быццам бы па шкле жалеза скрыгатала,
Ажно дрыготка праняла ўсіх і скавала.
