І ўсе з трывогай пазіралі неспакойна:
Музыка мыліцца, ці інструмент нястройны?
Не змыліцца такі! Сумысля ён кранае
Струну здрадлівую і песню абцінае,
Штораз мацней дае акорд расхваляваны,
Супроць акордаў згодных сканфедэраваны.
Аж Ключнік, зразумеўшы, ў чым тут таямніца,
Азваўся: 'Знаю, знаю! Гэта - Таргавіца!'
І раптам, пырснуўшы, струна аж засвістала.
Музыка рушыць прымы, такты рве нядбала,
Кідае прымы, звоніць гулкімі басамі.
Гудзіць інструмент тысячнымі галасамі:
Такт маршу, штурм, атака, крык чуваць і стрэлы,
Плач матак і дзяцей. Вось так мастак умелы
Аддаў страхоцце штурму, аж уздрыгваў смелы,
Аж плакалі сялянкі, бо прыпаміналі
Разню у Празе, пра якую з песняў зналі.
Дык рады зноў, што пасля ўдару са ўсёй сілы
Ён гук зглушыў, бы ўгнаў яго у глыб магілы.
Ледзь слухачы маглі апомніцца з здзіўлення,
Зноў музыка другая - ціхае бранчэнне
Спярша ў струн некалькі, што енк іх рвецца, гіне,
Як зык ледзь чутны мух, прарваўшых павуцінне.
Ды струнаў прыбывае, адзіночкі тоны
Злучаюцца ў акордаў гучных легіёны
І ўжо ступаюць тактам смелым, роўным, згодным,
І льюцца песняю з напевам сумным, родным:
Пра беднага салдата, што брыдзе лясамі,
Нядоляй змораны і голадам, часамі,
І ўрэшце падае з каня, бо страціў сілу,
А конік ножкай рые для яго магілу.
Старая песня! Як яе паслухаць міла!
Пазналі ўсе яе, дык войска абступіла
Цясней музыку. Слухалі і ўспаміналі
Той страшны час, калі радзіму пахавалі
І з гэтай песняй падаліся на ўскрай свету.
Прыпомнілі і ўсю сваю вандроўку гэту
Праз землі, моры, праз пустыні, па марозе,
Дзе між чужымі на папасе ці ў дарозе
Уцешылі не раз іх роднай песні словы.
І сумна пачалі скланяць свае галовы.
Ды ўраз узнялі іх, бо такт ужо жвавее
І з тонаў змененых другое нешта вее.
Мастак ізноў з гары глядзіць на струны горда
І дзве рукі за раз на іх ускінуў цвёрда.
Удар быў гэткі ўмелы, так рвануў басамі,
Што струны загулі труб звонкіх галасамі,
І з труб тых голас песні пад нябёсы хлынуў -
Марш трыумфальны: 'Польскі край яшчэ не згінуў!.. '
'Марш, марш Дамброўскі ў Польшчу!'-ў ладкі ўсе пляскалі
І дружна: 'Марш Дамброўскі! ' - хорам усклікалі.
Самога мастака здзівілі песняў гукі,
