Каб ён мог гаварыць, дык можа б мы сабралі

Крыху пахвалаў і руцэ маёй вось гэтай,

Што, дзякуй богу, не адно служыла лета

Сям'і Гарэшкаў, ну і ўсё жыццё Айчыне,

Аб чым сярод народу памяць не загіне.

Мапанку! Мала дзе ў нас пісар павятовы

Так пёры вострыць, як Сцізорык мой галовы.

Іх не злічыць! Вушэй, насоў нарэзаў кучы,

А ўсё, як і калісьці, востры і бліскучы.

І ні адзін яго не спляміў злы учынак,

А ўсё вайна адкрытая ці паядынак.

Раз толькі! Божа, вечны дай яму спачынак,

Бяззбройны чалавек прыведзен быў да скону,

Але Бог сведка мне, што Pro publico bono'.

'Ну пакажы,- сказаў з усмешкаю Дамброўскі

Вось гэта дык сцізорык! Чысты меч катоўскі!'

І аглядаў з здзіўленнем страшную рапіру.

І афіцэры ўсе дзівіліся ёй шчыра,

У рукі бралі, ды амаль ніхто са збору

Не мог падняць мяча адной рукою ўгору.

Казалі, што Дамбінскі, у руках магутны,

Парушыў бы мячом, але ён быў адсутны.

З прысутных жа адно швадрона шэф Двярніцкі

І камандзір узвода малады Ружыцкі

Змаглі валодаць жалязякай не без мукі.

І так Сцізорык пераходзіў з рук у рукі.

Ды генерал Князевіч, ростам найвышэйшы,

Ў руках таксама аказаўся найдужэйшы.

Рапіру ўзяўшы, лёгка ўзняў яе, як шпагу

І зразу прыкаваў да ўзбліскаў сталі ўвагу,

Прыпомніўшы ўсе фехтавальныя прыёмы:

Крыжовы ўдар, млынок, не ўсім вядомы,

Такзваны, крадзены і цэлы рад тэрцэтаў,

Якія знаў, бо быў з вучылішча кадэтаў.

Калі з усмешкай фехтаваў, Рамбайла ўкленчыў,

Схапіўшы за калені, са слязамі енчыў

За кожным рухам і узмахам генерала:

'Ці ж ты канфедэратам быў? Цудоўна! Удала!

Пуласкіх гэта ўдар! Так Дзержаноўскі біўся,

А гэтак Сава! І ў каго ж пан навучыўся?

Хіба ў Дабрынскага! А гэта? Пабажуся,

Пан генерал, мой гэта ўдар, я не хвалюся,

Ім карысталіся Рамбайлы! Без падманку,

Ён ад майго імя завецца 'ўдар Мапанкаў '.

Хто ж вас вучыў? Мой гэта ўдар, мае прытрымкі!'

Устаў і захапіў Князевіча ў абдьмкі:

'Памру цяпер спакойна, бачу, не загіне

Маё уменне, і прытулак даць дзяціне

Ўжо ёсць каму, бо я не меў ужо надзеі,

Што гэты меч пасля мяне не заржавее!

Не заржавее, не! Прабач, яснавяльможны

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату