Паказваў пояс свой манаскі вузлаваты.

А на дзядзінцы гоман, крыкі, пераклічкі.

Стральцы выводзяць коней, пад'язджаюць брычкі,

Аж двор таго натоўпу агарнуць не ў сіле.

Вось граюць трубы, вось і псярні адчынілі.

Сабачы гурт вясёла скача і скавыча,

Убачыўшы ўкруг коней, зброю, паляўнічых.

Харты перш па дзядзінцы скачуць, як дурныя,

Пасля ў аброжкі самі падстаўляюць шыі.

Удачу варажылі гэткія прыкметы;

І ўсе за Падкаморым рушылі да мэты.

Перш егры ехалі адзін каля другога,

Але за брамай расцягнула іх дарога.

Асэсар з Рэентам трымаліся ўсё ж пары,

І хоць ім злосць крывіла час ад часу твары,

Вялі размову мірна, з гонарам, як людзі

Перад судом, дзе лёс іх вырашацца будзе.

З іх слоў не ўбачыш, як заўзятасці ў іх многа.

Асэсар вёў Сакола, а Рэент Кусога.

На брычках дамы ехалі ў канцы калоны,

А побач - моладзі натоўп вясёлы конны.

Ксёндз Робак па двары хадзіў павольным крокам,

Відаць, чытаў малітвы, але кідаў вокам

У бок Тадэвуша. З затоенай усмешкай

Даў знак. Тадэвуш да яго пад'ехаў спешна,

А ён ля носа пальцам пагражаць стаў строга.

І як Тадэвуш ні прасіў тады старога,

Каб той сказаў, што гэты знак пагрозы значыў,

Ды ксёндз шаптаў малітвы і не растлумачыў.

А як пайшоў, каптур націснуўшы на вочы,

Падцяў каня Тадэвуш і за браму скочыў.

А паляўнічыя якраз паход стрымалі

І нерухомай кавалькадаю стаялі.

Адзін другому знак маўчаць даваў рукамі,

І ўсе з цікаўнасцю глядзелі на той камень,

Дзе пан Суддзя стаяў. Ён звера ўжо убачыў

І жэстамі рукі загад здалёк тлумачыў.

Дык ясна ўсім: стаяць. Адны к яму паволі

Асэсар і пан Рэент трухаюць па полі.

Тадэвуш быў бліжэй, дык змог іх папярэдзіць;

Спыніўся ля Суддзі, каб перш за іх угледзець.

Даўно не быў на полі, на сівым прасторы

Не бачны заяц між каменняў у разоры.

Суддзя паказвае яго - шарак стуліўся,

Ля каменя ляжыць, з зямлёю шэрай зліўся,

Чырвоным вокам, у свой бок накіраваны,

Злавіў варожы зрок і, як зачараваны,

Са страху ад яго адняць не можа вока

І пад апокай мёртвы быў, нібы апока.

Тым часам поле курыцца ўсё бліжай, бліжай,

Ляціць на смычы Кусы, побач Сокал хіжы.

Тут Рэент і Асэсар 'вычха!' ўраз раўнулі

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату