I разам з гончымі ва ўзняты пыл нырнулі.
А ў час, як заяц быў прадметам інтарэсу,
З'явіўся раптам Граф ля замкавага лесу.
Уся акруга знала графава дзівацтва,
Што ён не мог нікуды на пару сабрацца.
Заспаў і сёння, дык вымову даў халопам,
Заўважыў паляўнічых і скакаў галопам.
Сурдут ангельскі белы свой суконны
На вецер расхінуў, а ззаду - слугі конна
У чорненькіх брыльках, аж лак на іх ільсніцца,
У ботах, куртачках і белых нагавіцах.
А слугі, што фарсяць у гэткай вось ліўрэі,
Завуцца ў графавым палацыку жакеі.
Скакала чвалам цераз поле чарада ўся,
Ды Граф заўважыў раптам замак і стрымаўся.
Ён першы раз тут быў уранні і не верыў,
Што гэта быў той самы мур, да гэткай меры
Адсвежыліся ранкам рысы пабудовы.
Здзівіў надзвычай Графа выгляд замка новы.
Вось вежа, што над ранняю імглой тырчэла,
Вышэйшаю здалася мо ўдвая; блішчэла
На блясе сонца - дах, як золатам, быў крыты,
Вясёлкамі цвілі кавалкі шыб пабітых.
Зямлю ахутала туману павалока
І скрыла шчыліны і выламы ад вока.
Далёкі гону крык, прынесены вятрамі,
Адбіўся некалькі разоў паміж мурамі;
Прысягу даў бы, што крык з замка, што ў тумане
Мур, аднавіўшыся, людскім стаў памяшканнем.
Любіў Граф захапляцца кожнай з'явай новай
І рамантычнай, як казаў. Ён рамансовай
Зваў галаву сваю, але на самай справе
Ён быў дзівак. Здаралася, што на аблаве
Раптоўна стане і ўгару глядзіць жалосна,
Як кот, калі заўважыць вераб'ёў на соснах.
Не раз без стрэльбы, без сабак блукаў у гаі,
Як дэзерцір, што бездарожжамі кульгае,
То пазіраў на хвалі нерухомым зрокам,
Як чапля, што ўсю рыбу зжорла б хцівым вокам
Такія дзіўныя былі ў яго звычаі.
Казалі ўсе, што Графу 'трошкі не хапае',
Аднак пашану меў, бо пан быў з прапрадзеда,
Багач, дабрак для мужыкоў, друг для еуседа
І на'т габрэя.
Графскі конь убок з дарогі
Праз поле пад замковыя пабег парогі.
Самотна уздыхнуў Граф, стоячы ля муру,
Дастаў паперу і пачаў чарціць фігуру.
Аж вось, зірнуўшы ўбок, за дваццаць, можа, крокаў
Заўважыў чалавека. Моўчкі адзінока
Стаяў ён, рукі ўсунуўшы ў кішэні,
Задраўшы галаву, нібы лічыў каменні.
Пазнаў яго пан Граф, ды, пэўне, са тры разы
