хачу. Ты памятаеш, я так хваляваўся i спяшаўся, што дома нават добра не паснедаў. Гэта адразу мяне астудзiла. Вырашыў налавiць рыбы. Выбраў мясцiнку добрую, разматаў вудачкi, нажывiў, закiнуў. Чакаю. Сяджу, на паплаўкi гляджу i чакаю. Чакаю, чакаю, чакаю... Паплаўкi - анi дрыгнуць! Не клюе. Я ўжо i на чарвякоў пляваў, i мяняў iх, i з месца на месца пераходзiў - няма клёву, i ўсё тут. А голад мяне ўсё мацней дапякае. Сяджу я, слiну каўтаю i шапчу: 'Клюйце, рыбкi! Клюйце, калi ласка! Я ж есцi хачу'. А паплаўкi, як цвiкi з дошкi, тырчаць сабе з вады, i ўсё. Няма рыбы. Плавае мой сняданак пад вадою, i нiяк яго не дастаць. Нервуюся я, раз-пораз вудачкi выцягваю, але толькi з аднымi чарвякамi. Хоць ты гэтыя чарвякi еш. Цьфу!
Сам разумею, што час не падыходзiць для клёву, ведаю ж добра, што клюе цi на свiтаннi, цi надвячоркам, але ад гэтага лягчэй не робiцца. Не чакаць жа да вечара - жывот падцягне, зусiм змарнею. Кончылася тым, што я зачапiўся кручком за корч. Прапаў кручок - адзiн з лепшых, якi ты мне падараваў. Раззлаваўся я, плюнуў i пайшоў да торбы з харчам - не мог болей вытрымаць. Як дапаў палавiну торбы ўмалоў. Наеўся, як дурны мыла. Лёг на зямлю, драмаць пачаў i непрыкметна заснуў. Доўга, мабыць, спаў, прачнуўся, адчуваючы, што пячэ. Сонца смажыцца на небе, як яешня на скаварадзе. Мац-мац - шчокi агнём гараць. Апёкся я на сонцы. Пайшоў памыўся - пячэ. Мокрай зямлi наляпiў - пячэ. Успомнiў смятанай або кiслым малаком трэба. Ды дзе ж яе возьмеш - смятану! Вось калi я адчуў, што бязлюдны востраў - гэта бязлюдны востраў, а не наш калгас 'Светлая зара', дзе смятаны цэлыя стаўкi. А мне б зараз толькi лыжку альбо хоць бы паўлыжкi. Ох i пячэ! Залез я ў будан. Цёмна, халадок. Паляжаў трошкi, бо хоць i пячэ, а жыць жа трэба. Нельга ж дваццаць восем гадоў у будане праляжаць. Вылез я, узяў сякеру, сцiзорык твой i пайшоў выразаць тапарышча.
Знайшоў добрую сухую галiну, выразаў тапарышча, пачаў абстругваць нажом i раптам скабку загнаў у палец. Ды такую балючую - пад самы пазногаць. Смакчу не высмоктваецца, зубамi цiсну - нiчога! Эх, iголкай бы, iголка б адразу выцягнула. 'А дзуськi! - сам сабе злосна. - У вёску па iголку трэба бегчы. Бяжы, чаму ж ты не бяжыш?' Ледзь не заплакаў я - такую патрэбную рэч, як iголка, забыў. Узяў кручок, пачаў калупаць. Але вельмi калупаць баюся. Там жа на канцы зазубiна: калi загонiш, дык не тое што са скабкай, але i з кручком у пальцы будзеш хадзiць. Ох i памучыўся ж! Аж успацеў. А скабку ўсю так i не выняў - маленькi кончык застаўся. I потым доўга балела. Добра, што хоць не нарвала.
Сонца пачало садзiцца, i я зноў захацеў есцi. На торбу нават глядзець баяўся, бо ведаў: калi падыду да торбы, то заўтра давядзецца зямлю грызцi. Рыба, толькi рыба магла выратаваць мяне ад голаду. Я зноў закiнуў вудачку. I на гэты раз мне пашанцавала. Эх, Паўлуша, як я ўзрадаваўся, калi нарэшце выцягнуў першага печкура! Ён быў маленькi, як палец, але ён быў для мяне даражэйшы за таго паўметровага шчупака, якога мы з табой злавiлi мiнулым летам. Ён трапятаўся на кручку, а маё сэрца трапяталася ў грудзях. Я нават пацалаваў яго. Потым пайшлi акунькi, чырванапёркi, карасiкi... Я так захапiўся, што не заўважыў, як перакулiлася банка з чарвякамi. А калi заўважыў, яны ўжо распаўзлiся па ўсiм беразе. Я ажно падскочыў. Ой-ёй! Без чарвякоў i рыбы не будзе. Куды ж вы ўцякаеце, чарвякi? На каго мяне пакiдаеце, даражэнькiя?
Упаў я на каленi, давай поўзаць па беразе ды збiраць. Але большасць ужо пахавалася. Ды i цямнець пачало. Ледзь-ледзь чвэрць банкi назбiраў. Рыбу болей не лавiў, вырашыў чарвякi эканомiць.
Распалiў я вогнiшча, пачысцiў тую драбязу, што злавiў, пачаў юшку ў старой каструльцы варыць. Вару я i заўважаю, што нешта хутка вада выкiпае - не паспяваю далiваць. I пад днiшчам нешта шыпiць. Паглядзеў - а гэта ж мая каструля цячэ-працякае. I як я раней не заўважыў, што там дзюркi?! Ледзь не заплакаў ад гора. Што ж мне цяпер рабiць? У такой жа каструлi толькi глiну мясiць, а не юшку варыць. Гэта ж рэшата, а не каструля. А iншай у мяне няма, i пазычыць няма ў каго. На бязлюдным востраве я. Добра было Рабiнзону Круза. Усё патрэбнае яму мора на бераг выкiдала пасля караблекрушэння. Усё, нават грошы.
Захацеў сабе дваццаць сякер - на табе дваццаць сякер. Захацеў сарочак шаўковых - на табе сарочкi шаўковыя... А мне хоць бы адну каструльку, што не цячэ. Хоць бы адненькую! Ды дзе там. Хiба дачакаешся тут, у плаўнях, караблекрушэння? Хоць сто гадоў чакай! Вось пацярпеў караблекрушэнне кiеўскi паляўнiчы Папуша, утапiў стрэльбу, але што мне з таго. У мяне свая бярданка ёсць. А то яшчэ некалi дзед Салiвон у райцэнтр на рынак бульбу вёз i перакулiўся. Ды хiба ён дасць дабру прапасцi, да поўначы бараду ў вадзе мачыў, па картоплiне з дна збiраў. Потым тыдзень чарапашкi i раску з барады вычэсваў. Не, на караблекрушэнне спадзявацца не варта. Пасёрбаў я з агiдай недавараную юшку, што не паспела выцячы, пажаваў напаўсырую рыбу i сяджу.
Ужо зусiм сцямнела, ноч сваю чорную апранаху на мяне накiнула. Нават зорак на небе не вiдна - хмарна. Толькi вугалькi ў дагарэлым вогнiшчы.
Ты ж ведаеш, я не баязлiвы, але... У жываце холадна робiцца, i адтуль у сэрца страх перабiраецца - слiзкi i агiдны. Трэба нешта рабiць, бо ён зараз сэрца сцiсне, i нiкуды не дзенешся. Палез у будан, намацаў лiхтарык, засвяцiў. Знайшоў сшытак па мове (ты ж ведаеш, я i сшыткi i 'Граматыку' на дзедавых вачах узяў - нiбыта ў цёткi буду вучыцца). Аловак адшукаў у торбе.
Табе цiкава, цi праўда, што я ўрокi вучыць збiраўся? Не! Каб ты ведаў Рабiнзон Круза на востраве дзённiк пiсаў, запiсваў усе падзеi, якiя з iм здаралiся. Што ж я горшы за яго? Я таксама, як i ён, на востраве. А на востраве без дзённiка нельга.
Ну, усё па парадку я пiсаць не ўмею. Я табе не пiсьменнiк. Вырашыў я кораценька запiсваць толькi факты - дрэнныя i добрыя. Правёў па сярэдзiне лiста ў сшытку рыску, раздзялiў яго такiм чынам на дзве палавiны - левую i правую. У левай зверху напiсаў 'Прыгоды' (гэта добра, гэта для мяне, ты ж ведаеш, наогул галоўнае, дзеля гэтага я на востраў высадзiўся, без прыгод маё жыццё - не жыццё, асаблiва на востраве). На правай палавiне напiсаў зверху 'Непрыемнасцi' (што ж зробiш, бывае).
Доўга я думаў, доўга грыз аловак i нарэшце напiсаў. I вось што ў мяне атрымалася:
Прыгоды
1. Налавiў рыбы i з'еў.
Непрыемнасцi
1. Апёкся на сонцы.
2. Загнаў пад пазногаць скабку.
3. Згубiў кручок (адзiн з лепшых).
4. З'еў паўторбы харчу.
5. Уцяклi амаль што ўсе чарвякi.
6. Працякае каструля, i я не знаю, у чым юшку варыць (хоць у жменi вары).
Як бачыш, адна прыгода i тая дробная, як пячкурык. А непрыемнасцей ажно шэсць, i ўсе вялiзныя, як акулы.
Усё гэта я пiсаў, прыцiскаючы локцем сшытак да калена i чыркаючы сабе над вухам лiхтарыкам, таму што вогнiшча ўжо дагарэла, а зноў яго распальваць мне не хацелася (толькi не думай, не таму, што хмызняк трэба было ў цемры непрыветлiвай збiраць).
Лiхтарык у мяне, ты ж ведаеш, 'дынамiчны', вечны, нiякiх батарэек не трэба. Пачвыркаеш - i светла. Не чвыркаеш - няма святла. Чвыркай сабе i пiшы. Або не чвыркай i не пiшы. Я чвыркаў. Паўгадзiны пасля гэтага ў мяне ў вуху гудзела. I рука адзервянела, нiбыта я локцем аб край стала стукнуўся.
Напiсаў я i думаю - усё, дзень скончыўся i больш нiчога не будзе.
Спаць не хочацца - удзень выспаўся. Я сеў на беразе, абхапiў рукамi каленi, i думкi розныя ў галаве снуюцца: пра вёску, пра школу, пра цябе (што ты там зараз парабляеш, спiш, пэўна)...
Ражок месяца з-за хмаркi вытыркнуўся - як шабля, - асвятлiў плёс серабром.
Нябачныя качкi прасвiсталi-прашалясцелi крыламi над галавою, i зноў цiха. Ветру няма, i нават заўсёды шапаткiя чараты маўчаць, не перашэптваюцца мiж сабою.
Я гляджу сабе на ваду i думаю.
Ажно раптам цень упаў на плёс: доўгi-доўгi, бо якраз супраць месяца. З-за чаратоў выплыў човен - без гуку, без усплёскаў, як прывiд. I гэта было самае страшнае (нiбыта ў сне). У чоўне на поўны рост стаяў нехта высачэзны i доўгiм вяслом нячутна правiў. Я залыпаў вачамi - цi не прывiд?! Не! Човен плыў проста да вострава. Рабiўся большым, большым, як на экране ў кiно: каля самага берага павярнуўся i знiк за прыбярэжнымi карчамi. Сэрца маё так забухала ў грудзях, што зямля задрыжала. Хто гэта?! Хто гэта ноччу ў плаўнях? Вадзянiк? Вядзьмар? Нячысцiк?.. Ды што гэта я? Толькi старыя непiсьменныя бабулi ў гэта вераць. А я ж пiянер! Барабаншчык! Я веру ў радыё, у тэлевiзар, у касмiчныя ракеты! I адразу ж успомнiў пра Гуньку... Таго самага прыдуркаватага Гуньку, якi два гады таму знiк, прапаў у плаўнях... Гунька! А што, калi гэта Гунька? Што, калi ён таксама, як я, жыве ў плаўнях, на бязлюдным востраве? Гунька! Ён жа вар'ят, нiчога не разумее. Ён можа ўбачыць мяне, падумаць, што я нейкi злы дух (чаго б гэта звычайны хлопец