аблiччы, штосiлы рвануўся, скочыў на ногi i кiнуўся наўцёкi. Я iмчаўся цераз карчы, ламаючы галiны, спатыкаючыся i налятаючы на дрэвы. Але я не адчуваў болю нi ад драпiн, нi ад удараў. З разгону ўскочыў я ў човен i, схапiўшы вясло, штосiлы пачаў грэбцi ад берага. Я нiколi не веславаў так шалёна, човен ляцеў, як ракета. Увесь час я ў панiцы азiраўся - цi не гонiцца ён за мной. Не! Пагонi не было. Апамятаўся я толькi тады, калi прыстаў да берага каля сяла. Я ўвесь час трымцеў ад напружання, стомы, перапалоху. Але, нягледзячы на стомленасць, па вёсцы я таксама не iшоў, а бег амаль што ўвесь час - у поўнай бяспецы я мог адчуць сябе толькi ў сваiм двары. Мокры канец коўдры (намачыўся ўсё ж такi) ляпаў мяне па спiне, нiбыта падганяў. Як палена, упаў я ў сена каля паветкi i доўга ляжаў зусiм нерухома аддыхваўся. У галаве, нiбыта ў сапсаваным тэлевiзары, мiльгалi адрывiстыя кадры толькi што перажытага. Што ж здарылася? Хто гэта быў? Няўжо Кукуруза загiнуў? Што рабiць? Можа, пабудзiць бацьку, усё расказаць, сабраць людзей i туды... А калi Кукуруза не загiнуў? Я ж не ўпэўнены ў гэтым. Тады яго таямнiца раскрыецца i атрымаецца, што я здраднiк. О не! Здрадзiць сябру - гэта жахлiва. Я нiколi не пайду на здраду. Усё, што хочаце, толькi не гэта. Што ж рабiць? Што рабiць? Доўга я мучыўся гэтым пытаннем, але так нiчога i не змог прыдумаць. Нарэшце стома i сон перамаглi, i я заснуў.

Начная прыгода была настолькi невераемнай, што калi я ранiцай прачнуўся, то нават падумаў спачатку, цi не прыснiлася мне гэта.

Ды вось да мяне падышла мацi, нахiлiлася:

- Ну, як спалася на вулiцы, сынок? О, чаму гэта коўдра мокрая? Хiба ноччу быў дождж? Цi, можа... - мацi ўсмiхнулася.

Я густа пачырванеў.

- Ды што ўжо... гэта... гэта... я... вады захацелася, кружку сюды ўзяў i разлiў выпадкова.

Добра, што мацi спяшалася даiць карову i не пачала распытваць.

Начная прыгода ўспомнiлася мне з усiмi падрабязнасцямi. Але цяпер яна не здавалася мне такой жахлiвай, як ноччу. Можа, таму, што ранiца была сонечнай i вясёлай, а, як вы ведаеце, усе начныя страхi ранiцай перайначваюцца. Ноччу ўсё здаецца яшчэ страшнейшым ад таго, што цёмна i цiха i людзi спяць. А ранiцай свецiць сонца, шчабечуць птушкi, бразгаюць вёдрамi жанкi каля калодзежа i навокал людзi. Я быў бадзёры i энергiчны. На востраў! Неадкладна трэба на востраў. Даведацца, як жа там сябар - цi жывы...

Хуценька памыўшыся, я пабег у хлеў. Мацi яшчэ даiла. Цялё таксама лезла да каровы. Мацi адганяла яго: 'Пайшло! Пайшло!'

- Мама! - паклiкаў я. - Дайце малака хутчэй, калi ласка, бо я бягу.

- Куды гэта ты? Зараз снедаць будзем.

- Ды потым. Я не хачу. Я малака толькi. Я з хлопцамi дамовiўся на рыбу.

- Хоць хлеба вазьмi.

Выпiў я шклянку малака, схапiў вялiкi акраец хлеба - за пазуху - i на вулiцу з усiх ног. За вароты выбег i з разгону проста на дзеда Вараву наскочыў - не заўважыў. Аж пахiтнуўся ён.

- Цьфу на цябе! - буркнуў сярдзiта. - Бач, разагнаўся, як голы ў лазню!

- Прабачце! Добрай ранiцы, дзеду!

- Здароў! Куды гэта цябе нясе? Як, не раўнуючы, сабакi гоняцца ўслед. Людзей з ног збiваеш.

- Ды я на рэчку, на рыбалку з хлопцамi дамовiўся.

- Праспаў, гультай? - ужо спачувальна i дакорлiва запытаў дзед: сам жа рыбак - разумее.

- Ага! Дык я пабягу. Прабачайце! - А сам думаю: 'Эх, не ведаеце вы, нiчога не ведаеце, куды я спяшаюся. Калi б зналi, не тое б заспявалi...'

РАЗДЗЕЛ XVI

'Сягоння ноччу...' Таямнiца вось-вось раскрыецца

З трапяткiм сэрцам даплываў я да вострава. I чым блiжэй падплываў, тым больш трапятала маё сэрца: жывы цi нежывы, жывы цi нежывы...

I раптам радасць шалёным крыкам вырвалася з маiх грудзей:

- Ого-го-го!

Я ўбачыў яго. Жывенечкi i цэленькi стаяў мой дружа Кукуруза на беразе, вытыркнуўшы з карчоў галаву, i радасна ўсмiхаўся мне. Толькi нос у яго быў аблуплены i на правай шчацэ наўскасяк ружавела свежая драпiна. Але што гэта значыць для такога геройскага хлопца, як Кукуруза? Так сабе!

Калi я прыстаў да берага, мне хацелася кiнуцца i абняць яго ад радасцi, але я стрымаўся. Я толькi штурхнуў яго ў плячо i запытаў:

- Ну як? Як ты тут?

- Нiчога, - ляснуў ён мяне па жываце i адразу дадаў, узяўшыся рукою за шчаку i хiтаючы галавой:

- Тут такое было-о-о...

- Што?! - запытаў я, нiбыта нiчога не падазраваў.

- Ты ўсё роўна не паверыш, падумаеш, што я зманiў.

- Ну?

- Шпiёны на мяне ноччу нападалi. От табе й ну! Бiўся я. Так бiўся, як нiколi ў жыццi. Думаў, што загiну. Вось бачыш, - ён ткнуў пальцам у падзёртую шчаку, тады задраў сарочку i паказаў сiняк на рэбрах.

- Ну? Ну? - нецярплiва запытаў я. - Як жа яно было?

- Чакай. Я ўсё па парадку. - I Кукуруза пачаў расказваць мне ўсё тое, пра што вы ўжо ведаеце.

Калi ён дайшоў да апiсання бойкi з незнаёмым - як ён убрыкнуў нагамi, як незнаёмы ўпаў на яго i пачаў драпацца, - у мяне ў жываце раптам нешта засмяялася, прабулькала ў горле i вырвалася кароткiм гiкам.

Кукуруза ад абразы толькi хмыкнуў.

- Ты што - дурны? Табе, вядома, смех. Паспрабаваў бы ты.

- Ану, паўтары яшчэ раз, як яно ўсё было, - папрасiў я.

Кукуруза паўтарыў. Я пахiтаў галавой, уздыхнуў i сказаў:

- Гэта быў я.

Кукуруза вылупiў на мяне вочы, потым моўчкi скруцiў дулю i паднёс да майго носа:

- На!

Я адвёў яго дулю сваёй дуляй i паўтарыў:

- Гэта точна быў я... Глядзi, - я закасаў калашыну i паказаў на назе вялiзны сiняк. - Твая работа.

I расказаў усё, што здарылася са мной гэтай ноччу. Кукуруза толькi лыпаў вачамi.

- Дык выходзiць, што гэта... што гэта... бiлiся мы з табой? А мне ж здавалася, што быў нехта такi вялiзны...

- А мне, думаеш, не? Проста волат.

Мы пераглянулiся i раптам як зарагаталi.

- Вось здорава!

- Вось гэта штука!

- I як я мог цябе не пазнаць?

- А я?

- Хоць бы слова сказаў.

- А ты чаго ж - як вады ў рот набраў?

- З перапуду.

- З перапуду!

- А незнаёмы, значыць, i не вылазiў з чоўна?

- Не вылазiў.

- А куды ж потым падзеўся?

- Знiк недзе. Паехаў. Я на дрэва з перапалоху залез - усю ноч на галiне, як малпа, прасядзеў, аж да свiтання. I вачэй не звёў. Толькi як развiднела, унiз спусцiўся i задрамаў трохi.

- А чаго ён прыязджаў, як ты думаеш?

- А я ведаю? Не ў госцi ж да мяне, напэўна.

- А ты чуў, як нешта ў ваду боўтнула?

- Чуў, вядома. У мяне аж у жываце нешта здрыганулася.

- Можа, кагосьцi ўтапiлi? Га?

- Хто яго ведае.

- Дык, можа...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату