апоўначы быў у плаўнях!), i задушыць. Задушыць - i нiчога яму не дакажаш. Хоць крычы, хоць плач, хоць прасi... Нiбыта слiмакi пачалi поўзаць у мяне па спiне - халодныя, слiзкiя, мокрыя. Нiбыта хтосьцi шворку зацягнуў на шыi - дыхнуць нельга.
Я замёр, прыслухаўся. Нават сэрца, здалося, спынiлася, каб я лепш чуў. З-за кустоў пачуўся ўсплёск, нешта шубоўснула ў ваду, нiбыта некага выкiнулi з чоўна. Можа, гэта Гунька некага вёз i ўтапiў? Цяпер мая чарга. Я не мог больш усядзець на месцы. Я падхапiўся, адступiў некалькi крокаў адзервянелымi нагамi да будана. I раптам на некага наткнуўся... Нехта вялiзны схапiў мяне пруткiмi рукамi за плячо. Спалоханы войк захраснуў у маiм горле - не вырваўся. Я ўздрыгнуў, убрыкнуў некага нагамi, упаў. Хтосьцi навалiўся на мяне, драпнуў мяне па твары i...
Тут расказ Рабiнзона Кукурузы абрываецца, бо Паўлуша ў гэтым месцы войкнуў, перабiў i пачалася размова, якой чытач не зразумее, пакуль не пачуе пра тое, што здарылася ў той дзень i тую ноч з Паўлушам Заўгародным.
РАЗДЗЕЛ XV,
якi зноў расказвае Паўлуша Заўгародны. Пра тое, што ён рабiў у той дзень i тую ноч
Прыехаў я з вострава Пераэкзаменоўкi, дзе пакiнуў свайго сябра Кукурузу на дваццаць восем гадоў два месяцы i дзевятнаццаць дзён. Выцягнуў човен на бераг. I адразу ўсхадзiўся яго ладзiць. Да абеду правазiўся, усе дзюркi наноў зашпакляваў i прасмалiў добра. Працаваў заўзята - гэта ж наш з Кукурузай човен, з якога мы яшчэ падводную лодку хацелi зрабiць, дык няхай гэты наш човен будзе ў парадку. Я нiбыта выканаў нейкi абавязак перад Кукурузай.
Пакуль быў заняты работай, дык яшчэ нiчога, а як пайшоў пасля абеду на вулiцу, як глянуў на тую высокую таполю за варотамi, каля якой мы кожны дзень сустракалiся з Кукурузай з самай ранiцы, каб не разлучацца да позняга вечара, дык такая нуда мяне ахапiла, хоць плач. Такой бязлюднай здалася мне вулiца, уся вёска, увесь свет - нiбыта бязлюдны востраў. Ёсць людзi - i няма iх, бо няма сярод iх майго найлепшага сябра.
I сабакi нiбыта не гаўкаюць. I пеўнi не спяваюць. I каровы не мукаюць. Нiбыта прапалi гукi ў наваколлi - так вось у кiно бывае.
Сноўдаюся па вёсцы, месца не знаходжу. I кожны куточак, кожны кусцiк i дрэўца кожнае пра яго мне нагадваюць. Вось тут мы ў цуркi-палкi заўсёды гулялi. У гэтых кустах хавалiся, калi шчыглоў лавiлi. На гэтым дрэве змаганне верхалазаў было. Памятаеш, тады яшчэ галiна пада мной паламалася i я дагары нагамi на суку павiс, а потым упаў проста на галаву i думаў, што галава мая ў плечы зусiм угрузла - дыхнуць не мог. Гы-гы! А ты не смяяўся, ты мне штучнае дыханне рабiў. Думаеш, я гэта забуду!
А вунь стары калодзеж, з якога мы, не, з якога ты Сабакевiча выцягнуў. Не думай, я яго даглядаю. Толькi што яму вось такi кавалак мяса даў. За абедам не з'еў, для яго збярог. Так што не хвалюйся.
А вунь будыначак Фарадзеевiча, дзе мы... З форткi выходзiць гурт юннатаў на чале з Фарадзеевiчам. Нешта ўзрушана абмяркоўваюць.
- Глабулус... Наш глабулус... кiеўскiя юннаты... прафесар... блiскучыя вынiкi... толькi б не асаромецца... - далятаюць да мяне абрыўкi сказаў.
А, навошта мне ваш глабулус, вашы вынiкi, калi няма са мною лепшага сябра! Калi ён на бязлюдным востраве... Усё роўна мне, усё роўна...
Гурр... - грузавiк праехаў. Кныша. I ў кабiне з Кнышом - Бурмiла. Куды гэта яны? А, няхай едуць куды хочуць!
Быў бы ты, мы абавязкова ззаду прычапiлiся б. А як жа. А самому... Нецiкава мне аднаму. Не ловяцца шпiёны. Калектыўная гэта справа.
Да позняга вечара блукаў я, самотны, па памятных для мяне мясцiнах.
Нарэшце лёг спаць. Ляжу, а мне не спiцца. Я думаю. За вокнамi цёмна - хоць вока выкалi. На небе нi зорачкi - хмарна.
Што робiць там, на бязлюдным востраве, мой сябар Кукуруза? Цi спiць? Навокал нiкога. Дагарэла вогнiшча, i з усiх бакоў насоўваюцца чорныя хiмерныя ценi. А ён адзiн, няма з кiм словам перакiнуцца, толькi слухае, як стукае яго сэрца.
А што, калi здарылася з iм якая-небудзь бяда i крычыць, клiча ён на дапамогу, i нiхто-нiхто не чуе, толькi лупатыя жабы раўнадушна крумкаюць у адказ, качары ў чаратах кракаюць i рэха стогалосае коцiцца-коцiцца па вадзе i не дакочваецца да людзей, губляецца, заблытваецца ў густых чаратах. Хто яму дапаможа, хто выратуе?!
Я ляжу, напружыўся ўвесь, затаiўшы дыханне. I раптам пачулася мне, што недзе далёка-далёка разнеслася тонкае i сумнае: 'Аа-а-а!' Цi гэта ледзь чутны гудок цягнiка на далёкiм паўстанку, цi гэта сапраўды голас - цi зразумееш. Але сэрца ўжо шалёна б'ецца ў грудзях, i чамусьцi я ўпэўнены, што сябар у бядзе. I нiхто ж, нiхто не ведае, дзе ён. Акрамя мяне. I нiхто туды дарогi не знойдзе.
Не, не магу я спакойна спаць, калi друг у бядзе. Не магу.
- Мама, - кажу, - я пайду на сена спаць. Горача вельмi.
- Iдзi, - спрасонку кажа мацi. - Толькi коўдру вазьмi, накрыйся добра.
Я бяру коўдру i выходжу з хаты. I адразу трапляю ў густую i нават, здаецца, лiпучую цемрадзь. Iду амаль што навобмацак, як сляпы. Каб неспадзеўку не рыпнуць форткай, крадуся ў сад i ўжо там перамахнуў цераз плот. Iду па вёсцы, як па лесе, - цемра i цiшыня. Толькi ў адным месцы блымае агеньчык. Гэта на слупе каля сельсавета гарыць лiхтар. Вецер гайдае яго, i круглая светлая пляма коўзаецца ўзад-уперад па зямлi. А далей зноў цемра. Я двойчы ўжо спатыкнуўся i ледзь не ўпаў. Але вось i рэчка. Тут трошкi святлей. Цьмяна блiшчыць вада. Я сядаю ў човен, асцярожна, каб не намачыць, кладу на нос коўдру (чаго я яе ўзяў, сам не ведаю) i адплываю. Рукi мае - як бы i не мае. Грабуць механiчна - я iх амаль не адчуваю. I ўсё цела не маё: нейкае драўлянае. I галава не мая. Нiбыта ўсё не ў сапраўднасцi адбываецца, а ў мроях. Шалясцяць чараты, нiбыта па спiне маёй шкрабаюць.
Толькi б не збiцца з дарогi, толькi б не заблудзiцца! Першы плёс. Струга. Другi плёс. Цяпер направа. Вунь той гнiлы астравок, каля якога тануў Кукуруза. Правiльна. Добра плыву. З-за хмар выглянуў месяц, i не толькi ў плаўнях, а i ў душы маёй адразу зрабiлася святлей i весялей. Яшчэ трохi, яшчэ... Ужо блiзка. Вунь яшчэ адна струга. Потым паварот i - нiбы з вузенькай вулiчкi выбраўся я на вялiзную плошчу. Шырокi роўны плёс пасерабрыўся рагатым месяцам. I раптам зялёная купiна вострава здалася гiганцкай казачнай гарой сярод бязмежнага мора, i да той гары далёка-далёка, а сам я маленькi-маленькi, як камар.
Здалося мне, што я нават бачу незвычайна прыгожыя гарады на схiлах гары, з палацамi, з высокiмi вежамi (гэта пераплялiся вербавыя галiны), i коннiкаў нават бачу, што iмчаць па горных павiлястых дарогах (цi не птушка паварушылася ў чаратах), i нават чую цокат капытоў (гэта звiнела ў вушах ад цiшынi). Вось як часам пераблытвае ўсё чараўнiк-месяц.
I тым больш невераемным i фантастычным здалося мне тое, што я раптам убачыў. А ўбачыў я велiчэзную шэрую постаць на чоўне каля самага берага - нiбы казачны волат Гулiвер трапiў у краiну лiлiпутаў. Я ўздрыгнуў ад нечаканасцi. Хто гэта? Кукуруза? Але ж у яго няма чоўна. Нейкi рыбак? Але ж рыбакi нiколi так далёка ў плаўнi не заплываюць, ды яшчэ ноччу. Рыба каля самай вёскi выдатна ловiцца...
Кныш? Бурмiла?
Сэрца ў мяне пакацiлася-пакацiлася некуды ўнiз... Тым часам той човен знiк за прыбярэжнымi чаратамi. Мне так захацелася павярнуць назад i штосiлы пусцiцца наўцёкi. Але я стрымаўся. Там жа на востраве Кукуруза, мой сябар, зусiм адзiн. Я плыву да яго на дапамогу. А можа, менавiта цяпер, у гэтую хвiлiну, мая дапамога вельмi-вельмi патрэбна. У мяне ж човен. I калi незнаёмы, якога я толькi што бачыў, сапраўды Кныш або Бурмiла, хоча нарабiць бяды майму сябру, я выратую яго - мы ўцячом на чоўне. Хутчэй, хутчэй! Я налёг на вясло i скiраваў човен да берага - вядома, з iншага боку. Прыстаў, вылез i асцярожна пачаў красцiся. Кукуруза, напэўна, у будане - можа, i спiць, бо не чутна нi гугу. Клiкаць яго небяспечна - адразу звернеш на сябе ўвагу таго тыпа.
Ох, як цёмна, якiя карчы. Нiчога не вiдна. Раптам там, дзе быў незнаёмы, нешта шубоўснула ў ваду. Сэрца ў мяне спынiлася. Што гэта?.. Што? Ой! А што, калi гэта... ён ужо ўтапiў майго сябра?! Халодны пот абсыпаў мой лоб. Мiнула хвiлiна, другая. Я стаяў у абсалютнай цемры, выцягнуўшы ўперад рукi, i не мог паварушыцца. I раптам... раптам на мае рукi нехта наткнуўся. Вялiзны, як мядзведзь. Рукi мае мiжволi канвульсiўна сцiснулiся, учапiлiся ў яго грудзi, адпiхваючы. У наступны момант я адчуў страшны ўдар па нагах i паляцеў на зямлю. Але чамусьцi не назад, а наперад, на яго. Мабыць, ён падбiў мяне i кiнуў на сябе. Я войкнуў i шалёна пачаў малацiць рукамi i нагамi, вырываючыся. Драпнуў па нечым мяккiм, здаецца, па