некалькi васюкоўскiх юннатаў, але яны былi не з нашай вулiцы, мы iх дрэнна ведалi. Мы сядзелi на дрэве, не ведаючы, што нам рабiць - цi паказвацца, цi не. Але доўга раздумваць нам не давялося. Нейкая цыбатая дзяўчынка падбегла да будана i крыкнула:
- О! Глядзiце! Тут нехта жыве!
Усе збеглiся да яе. Падышоў i важаты. Смуглявы шустры хлопец з фотаапаратам на плячы шмыгнуў у будан i адразу ж выскачыў, трымаючы ў руках электрычны лiхтарык.
- Лiхтарык! - паяснiў ён. - Механiчны. Дае святло толькi тады, калi нацiскаеш на гэтую ручку.
I пачаў чвыркаць, паказваючы. Кукуруза неспакойна заёрзаў на галiне.
Цыбатая дзяўчынка таксама шмыгнула ў будан i выцягнула адтуль стрэльбу.
- Паглядзiце, сапраўдная, паляўнiчая...
- Ой, асцярожна, яна, можа, зараджаная! Яшчэ стрэльне, - войкнуў нехта з дзяўчат.
Тут Кукуруза ўжо не вытрымаў:
- Ану, не чапай!
Усе адразу паднялi галовы. Хавацца ўжо не трэба было. Мы злезлi з дрэва. I адразу ж нас акружылi пiянеры.
- Хто вы?
- Што вы тут робiце?
- Гэта ваш будан?
- I ружжо ваша?
- Вы паляўнiчыя?
- Вы тут жывяце?
Я разгублена паглядзеў на Кукурузу.
Ён насупiўся i маўчаў.
- Ды яны, пэўна, проста рыбу ловяць тут. Гэта нашыя, з Васюкоўкi, сказала васюкоўская юннатка, здаецца, з восьмага класа.
- Цi з дому ўцяклi, - дадала другая (мы пра яе ведалi толькi тое, што яна вельмi злая i дачка калгаснага бухгалтара).
- Цi ў iндзейцаў гуляюць. Як 'Маленькiя дзiкуны' Сетана-Томпсана. Памятаеце? - улезла цыбатая.
- Цi ў Рабiнзонаў... Праўда ж? - сказаў важаты.
Я, зусiм аглушаны, глянуў на Кукурузу. Мой сябар густа-густа пачырванеў. I раптам сказаў:
- Нi ў што мы не гуляем. У нас тут справа ёсць... А вы хто такiя?
- А мы з Кiева. Юннаты мы, - засакатала вастраносенькая дзяўчынка ў акулярах.
- Прыехалi сёння, - перабiла яе цыбатая.
- От, Валька, не перабiвай! Дай я скажу! - зноў засакатала вастраносенькая. - Сёння прыехалi. Прыехалi сёння. Так... Пачулi, што ў вас глабулус вырошчваюць, i вось прыехалi. Наш кiраўнiк прафесар Дудка гаворыць, што... Вы ведаеце прафесара Дудку? О, гэта на ўвесь свет знакамiтасць. Гаворыць, што ваш глабулус незвычайны! Яны прыедуць заўтра - i прафесар, i карэспандэнт з 'Зоркi'. А мы сёння прыехалi. Прафесар i карэспандэнт таксама сёння прыехалi б, але ў прафесара сягоння тэрмiновы вучоны савет у акадэмii. Неспадзявана. А ў нас ужо бiлеты былi. Вось мы i прыехалi. А вашы не хочуць нам паказваць глабулус без прафесара. Кажуць: 'Заўтра'. Ну, мы разумеем людзi столькi старалiся. Iм хочацца, каб урачыста... Мы разумеем... А ў вас якая справа? Якая? Га?
Кукуруза нахнюпiўся:
- Справа... I ўсё тут...
- Сакрэт? Так? Сакрэт? - не хацела адчапiцца вастраносенькая.
- Вось яшчэ, Аксана! Прычапiлася як смала! - сказала цыбатая Валька. - Раз не гавораць, значыць, сакрэт.
- Ну добра, не кажыце, не кажыце, хай будзе сакрэт, - згадзiлася вастраносенькая Аксана.
- Дык мы вам, мабыць, перашкаджаем? - запытаў важаты.
- Не, аж да вечара можаце быць, - злiтасцiвiўся Кукуруза.
- Ды не, мы толькi на гадзiнку. Проста захацелася пакупацца i пасядзець на свежым паветры, каля вогнiшча. Дзяўчаты з самага Кiева пра гэта мараць. Вунь Аксана нi разу ў жыццi каля вогнiшча не снедала, - усмiхнуўся важаты.
- Яна i жывую карову нiколi не бачыла. Толькi на малюнку, - падмiргнуў важатаму хлапчына з фотаапаратам.
- Ты вельмi многа бачыў! Зараз як дам! - кiнулася на яго Аксана.
- Брэк! Бой закончаны! Перамога Аксаны! - весела сказаў важаты. - А цяпер - за справу! Памыйце прадукты. Распальвайце вогнiшча!
- Толькi так! - аўтарытэтна пацвердзiў маленькi 'штурман'.
Пiянеры адразу закрычалi i пабеглi да лодак.
- Ты, Iгар, распалi вогнiшча, - сказаў важаты хлапчыне з фотаапаратам. Ты ў нас майстар.
- Хадзiце, я пакажу, дзе ламачча, - па-гаспадарску прапанаваў Кукуруза.
I мы ўтрох пайшлi ў глыб вострава. Iшлi i, як гэта заўсёды бывае на пачатку знаёмства, нiякавата маўчалi - не ведалi, пра што гаварыць. I раптам Iгар, не адкрываючы рот (мы гэта добра бачылi), гучна не то бэкнуў, не то гаўкнуў. I адразу недзе ўнутры ў яго заiграла музыка. Сапраўдная музыка. Джаз. I потым нешта заспявала жаночым голасам па-нянашаму... Мы сталi i вылупiлiся на Iгара. Што такое?
Ён засмяяўся i перасунуў на грудзi тое, што нам здавалася фотаапаратам.
- Прыёмнiк! На транзiстарах, паўправаднiках. Толькi я яго ў футарале ад фотаапарата сабраў. Iншага не было. Ды i зручна. Цераз плячо насiць можна.
Вунь яно што. Дык гэта транзiстарны прыёмнiк, такi, як у дзеда Салiвона! I як мы адразу не здагадалiся?
- Добрая рэч, - апамятаўся Кукуруза. - Колькi аддаў?
- Што - аддаў?
- Заплацiў колькi?
- Нiколькi. Сам зрабiў.
- Што-што? - Кукуруза скрывiўся i прыклаў далонь да вуха, нiбыта не пачуў.
Я хiхiкнуў.
- Сам, кажу, зрабiў, - сур'ёзна паўтарыў Iгар.
- Ага, - крыва ўсмiхнуўся Кукуруза. - Я ж i пытаю: колькi заплацiў? У нашай краме 'Турыст' прадаецца. Трыццаць пяць рублёў. Прыгожы, пад перламутр. Ну, а гэты, вядома, горшанькi.
- От дзiвак, не верыць. Ну, як хочаш.
З кустоў выйшаў важаты.
- Пра што гэта вы, хлопцы, спрачаецеся?
- Ды нiчога, проста так, - махнуў рукой Кукуруза, але потым, глянуўшы знiзу на важатага, запытаў яхiдна: - Дзядзька, а ў вас усе пiянеры такiя во... цi адзiн толькi?
- А што такое?
- Проста ён гаворыць, што сам гэты прыёмнiк зрабiў. Можа, тая ваша худая сама аўтамабiль зрабiла, а той 'штурман' - у космас лятаў?
- Адносна аўтамабiля i космасу не скажу, а вось прыёмнiк ён сапраўды сам зрабiў. Гэта праўда. Ён у нас малайчына. У радыёгуртку ўжо трэцi год. Акадэмiкам будзе.
Важаты гаварыў сур'ёзна, без жартаў. Не верыць яму было немагчыма. Кукуруза адразу скiс - насмешлiвыя агеньчыкi ў вачах патухлi, куточкi вуснаў апусцiлiся.
Я таксама здзiвiўся. Мне чамусьцi заўсёды здавалася, што ўсе гэтыя разумненькiя вучнi, якiя майструюць дзеючыя мадэлi атамных ледаходаў i самалётаў, абавязкова павiнны быць хударлявымi, заморанымi, у акулярах. I абавязкова дзiкаватымi. А тут перад намi стаяў звычайны канапаты хлопец мускулiсты, загарэлы, вiдаць, фiзкультурнiк. Неяк ён больш уяўляўся на спартыўнай пляцоўцы, сярод гаманлiвай ватагi расхрыстаных хлопцаў, а не паглыбленым у пераблытаныя цельбухi радыёпрыёмнiка.
Мы маўчалi, разгубленыя, збiтыя з панталыку.
Важаты ўважлiва паглядзеў на нас i наўмысна сярдзiтым голасам сказаў:
- Ну што вы, браткi, разгульваеце тут, а ламачча не несяце. Людзi ж галодныя! Ану, хутчэй!