мяне, таму што пасля ўсiх начных перапалохаў зусiм не снедаў.

Але неспадзявана ён сказаў Iгару:

- Ты iдзi, а мы тут пасядзiм. Мы якраз перад вашым прыездам добра паснедалi.

Я залыпаў вачамi i разявiў рот, але прамаўчаў.

- Ды не выдумляйце, хлопцы, хадзем! Такой юшкi вы зроду не елi, угаворваў Iгар.

Кукуруза ўпарта адмаўляўся. Нарэшце Iгар махнуў рукою:

- Ды ну вас! Пачакайце, я зараз важатаму скажу! - i пабег да вогнiшча.

Але праз хвiлiну замест важатага прыбегла цыбатая Валька. I адразу накiнулася на нас:

- Гэта што такое? Ану, марш есцi юшку! Калi б вы мяне запрашалi, я хiба адмовiлася б? Я б адмовiлася, калi б вы мяне запрашалi?! Ану, хутчэй!

I, на маю радасць, Кукуруза, якi так упарцiўся перад Iгарам, раптам адразу знiякавеў i пакорлiва паплёўся за дзяўчынай. I мне зноў чамусьцi ўспомнiлася Грабянючка...

Не ведаю, цi гэта, можа, я проста быў вельмi галодны, цi сапраўды юшка была смачная, але я такой зроду не еў. А я ж разбiраўся ў юшцы. У нашым сяле ўсе ўмелi яе варыць, ды i сам я колькi разоў варыў. Але гэтая проста аж дых забiвала - такая смачная. Усе прыцмоквалi i хвалiлi Сашку-'штурмана'. А ён сядзеў каля сагана з чарпаком у руках i, насуплены, як заўсёды, уважлiва сачыў, каму даць дабаўкi.

Цяпер я добра зразумеў, чаму ўсе так узрадавалiся, калi гатаваць абед выпала Сашку. Ён быў для ўсiх прызнаным кухарам.

Неўзабаве ўсе панаядалiся i палеглi на траве вакол вогнiшча - адпачыць. Нехта замармытаў мелодыю, хтосьцi падцягнуў, i песня вырасла, памацнела i паляцела над плёсам, ажно папрыгiналiся чараты...

Як было прыемна вось так ляжаць на траве тварам уверх, пазiраючы ў блакiтнае бяздоннае неба, i хорам спяваць песню! Здавалася, уся зямля, увесь свет чуе яе.

Важаты цiхенька падняўся, пайшоў да чоўнаў i вярнуўся з акардэонам. Песня загучала яшчэ мацней i яшчэ больш зладжана.

Калi закончылi 'Раве ды стогне Днепр шырокi', важаты сказаў:

- А цяпер нашу, пiянерскую, - 'Вейце агнямi'. Пачынай, Саша.

- Толькi так, - адгукнуўся Сашка, пракашляўся i, пачакаўшы, калi акардэон закончыць уступ, заспяваў. Я нiколi б не падумаў, што ў яго такi чысты, звонкi i высокi голас. Вось табе i дзiкаваты 'штурман' Сашка: 'Толькi так'. Мала таго, што выдатны кухар, дык яшчэ i спявак!

Нават калi ўсе падхапiлi песню, i тады быў чутны яго голас, якi чайкай узлятаў над хваляй iншых галасоў у хоры.

Спявалi мы гадзiны паўтары, а то i болей. Якiя толькi песнi мы не спявалi! I народныя, i рэвалюцыйныя, i старыя камсамольскiя, i сучасныя, i песнi з кiнафiльмаў...

Потым Iгар сказаў:

- А цяпер, можа, няхай Валька патанцуе...

'Зараз будзе нос дзерцi, а яе ўгаворваць', - падумаў я.

Але яна адразу ж згадзiлася.

- Калi ласка, магу станцаваць.

Тут я заўважыў, што Кукуруза чамусьцi пачырванеў i неспакойна завалтузiўся на месцы. Дарэчы, я яшчэ i раней, калi спявалi, заўважыў, што мой сябрук Кукуруза ўвесь час паглядваў на Вальку, а калi яна выпадкова падымала на яго вочы i iхнiя позiркi сустракалiся, ён адразу ўтароплiваўся ў зямлю.

- Украiнскi танец казачок! - аб'явiў важаты i заiграў на акардэоне.

Валька пачала танцаваць. I адбылася дзiўная змена. Нязграбная цыбатая Валька ўмомант ператварылася ў лёгкую птушку, кожны рух якой злiваўся з музыкай.

I цыбатыя ногi яе, вось гэтыя цыбатыя ногi, на якiх, здавалася, нельга нават устаяць (вось-вось упадзеш), гэтыя ногi, ледзь дакранаючыся да зямлi, нiбыта ўвесь час былi ў паветры, у палёце - стройныя, моцныя i пругкiя.

Каля майго вуха часта-часта, як натомлены, нiбыта ён сам танцаваў, дыхаў Кукуруза. А калi Валька закончыла танец i ўсе пачалi апладзiраваць, ён не стаў апладзiраваць, а, сустрэўшыся са мною позiркам, чамусьцi нахмурыўся i адвярнуўся.

Потым Аксана чытала вершы Маякоўскага. Добра чытала, толькi вельмi крычала - пэўна, ажно ў вёсцы чутно было.

А потым пачалi купацца. Iгар плаваў кролем, Сашка-'штурман' брасам, ды i Валька нядрэнна плавала (праўда, па-дзявочаму, задраўшы галаву i фыркаючы, як кацяня). Але скакаць у ваду з вярбы нiхто не ўмеў. I вось тут мой сябар Кукуруза паказаў, што такое васюкоўскiя хлопцы. Уздзёрся на саменькую вершалiну, разгайдаўся, як малпа, на галiне i я-ак скокнуў - амаль хвiлiну ляцеў i амаль на сярэдзiну плёса заляцеў. Усе толькi ахнулi. А важаты сказаў:

- Малайчына! З цябе можа атрымацца добры спартсмен. Табе трэба ў секцыю па скачках з трамплiна. Малайчына!

Кукуруза ажно пачырванеў ад задавальнення.

Мяне распiрала, i я захацеў даказаць, што я таксама геройскi хлопец. Я папляваў на рукi i пашкробся на вярбу. Але мяне напаткала няўдача. Прыкрая, жахлiвая няўдача. Я зачапiўся за сучок i разарваў трусы, нават рызiнка лопнула. Пра тое, каб скакаць, i размовы не магло быць. Прытрымлiваючы сваё няшчасце адной рукою i ледзь не заплакаўшы ад сораму, я спусцiўся ўнiз. Але нiхто не стаў здзекавацца з мяне. 'Нiчога, бывае. З кожным можа такое здарыцца', - супакойвалi мяне ўсе. Я толькi ўздыхаў i ад прыкрасцi махаў рукою. Дзяўчаткi прапанавалi мне зашыць трусы, але я катэгарычна адмовiўся. Сядзець галяком, пакуль дзяўчаты будуць зашываць парванае, - лепей утапiцца! Я ўзяў у iх толькi iголку з нiткаю i палез у будан - зашываць сваю ганьбу. Там, у цемры, доўга i няўмела я торкаў iголкаю, пакалоўшы сабе пальцы i каўтаючы слёзы сораму.

Неспадзявана мой позiрк упаў на кнiжку, што ляжала ў кутку будана, прыкрытая лiсцем. Я зацiкавiўся, пацягнуў яе. Гэта была 'Граматыка'. Я спачатку здзiвiўся, але потым успомнiў, што Кукуруза яе ўзяў, каб пусцiць пыл у дзедавы вочы.

У 'Граматыку' быў закладзены сшытак. Я разгарнуў гэты сшытак (няхай прабачыць мне мой сябар такую цiкавасць!). На першай старонцы пачынаўся 'Дзённiк Рабiнзона Кукурузы'. Што там - вы ўжо ведаеце: 'прыгоды' i 'непрыемнасцi' першага дня. 'А што далей?' - зацiкавiўся я. Перагарнуў старонку - i вылупiў вочы. Далей iшлi практыкаваннi. Амаль палавiна сшытка была спiсана практыкаваннямi з падручнiка - i на дзеясловы, i на назоўнiкi, i на прыметнiкi.

Практыкаваннi былi напiсаны алоўкам - таксама, як i дзённiк. Можна было не сумнявацца - усё гэта пiсалася ўжо тут, на востраве.

Дык вось яно што!

Рабiнзон Кукуруза, якi збiраўся пражыць на бязлюдным востраве дваццаць восем гадоў, два месяцы i дзевятнаццаць дзён, рыхтаваўся да дыктанту.

Ах ты ж хiтрун! Ах ты вужака! Твая гордасць, твая шалёная гордасць атамана не дазволiла прызнацца, што ты старанна рыхтуешся да дыктанту, i ты ўцёк ад людскiх вачэй на бязлюдны востраў i зубрыш граматыку. Ну, чакай! Я табе... А дарэчы, што 'чакай'? Хiба я скажу яму што-небудзь?! Хiба я хачу, каб ён застаўся на другi год? Ды не! Вядома ж, не! I я нiчога яму не скажу, нi слова, нi паўслова. Няхай думае, што я нi аб чым не здагадваюся. Няхай думае!

Я хуценька паклаў сшытак i 'Граматыку' на месца i прыцерушыў лiсцем, як i не чапаў.

Ад гэтага адкрыцця мне адразу зрабiлася лёгка i весела - нiбыта пасля дажджу сонейка засвяцiла. Пра свой сорам я i думаць перастаў. Зусiм iншым чалавекам выскачыў я з будана. Усе заўважылi перамену ў маiм настроi i цяпер смела пачалi насмiхацца. Неспадзявана з плёса данеслася:

- Го-го! Вось вы дзе!

Да вострава падплываў яшчэ адзiн човен. У чоўне сядзелi Рыгорка Бардадзiм i некалькi нашых хлопцаў-юннатаў.

- Амаль гадзiну вас шукаем, - сказаў важатаму Бардадзiм, вылезшы на бераг. - Нас Фарадзеевiч прыслаў. Запрашае вас да сябе. Хоча паказаць свае новыя гатункi гароднiны i садавiны. Пачаставаць хоча.

- Ой! Навошта ж я так наелася! - у роспачы ўскрыкнула Аксана.

Усе засмяялiся.

- Нiчога! Пакуль даедзем, утрусiцца, - супакоiў яе важаты. - Ну што ж, сябры, давайце збiрацца!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату