Гэта адразу вывела нас са здранцвення. Мы кiнулiся збiраць ламачча. I праз хвiлiну цягнулi ўжо цэлыя абярэмкi. Асаблiва стараўся Кукуруза. Ён столькi цягнуў, што я баяўся, каб у яго пуп не развязаўся.
Цыбатая Валька, убачыўшы, войкнула ад захаплення:
- Ого-го!
I я не ведаю, ад чаго быў такiм чырвоным Кукуруза, цi ад напружання, цi ад гэтага 'ого-го'. Ён наогул вельмi часта паглядваў на гэтую Вальку. Знайшоў на каго глядзець. Страшыдла нейкае! Лупатае, цыбатае! Цьфу!
Горшая за Грабянючку ў сто разоў!
Усе стаялi вакол i здзiўлялiся, як спрытна распальвае Iгар вогнiшча. Бач ты, гарадскi, а ўмее...
Неўзабаве пасярод паляны ўжо лiзала неба вялiзнае полымя.
- Ну, а чыя сёння чарга варыць?
- Сашкi! - радасна выкрыкнула цыбатая Валька.
- Сашкi! Сашкi! Правiльна! - закрычалi з усiх бакоў, i ўсе паглядзелi на 'штурмана'.
- Твая? - запытаў важаты.
- Толькi так, - адказаў той.
- Значыць, нам сёння шанцуе, - усмiхнуўся важаты.
- Шанцуе! Шанцуе! Юшку! Сашачка, абавязкова юшку! Юшку! - злiлiся ў адзiн дзесяткi крыкаў.
- Толькi так! - упершыню за ўвесь час усмiхнуўся, закiваў галавою Сашка.
Цяпер, калi ўсе стаялi вакол вогнiшча, было асаблiва добра вiдна, што Сашка вельмi маленькi, меншы за iншых. Можа, таму ён i трымаўся так сур'ёзна, каб здавацца больш салiдным. Але было прыкметна i тое, што яго ўсе любяць i калi нават смяюцца з ягонага 'толькi так', дык зусiм не абразлiва, а хутчэй лагодна.
Сашка забегаў, рыхтуючы ежу. Дзяўчаткi дапамагалi яму, абiралi бульбу, чысцiлi рыбу, якую дасталi з сеткi, прывязанай да кармы аднаго з чоўнаў i апушчанай у ваду. Iншыя пiянеры разышлiся па востраве. Неяк само сабой атрымалася, што мы апынулiся каля Iгара. Iгар сядзеў на пяньку i стругаў сцiзорыкам кiёчак. Мы з Кукурузай сядзелi каля пянька, уткнуўшыся падбародкамi ў каленi, i задумлiва калупалiся ў зямлi. Потым Кукуруза кхыкнуў i, насупiўшыся (каб прыхаваць нiякаватасць), сказаў хрыпла:
- Дай паглядзець... Прыёмнiк... Можна?
Iгар адразу адклаў убок сцiзорык i палачку.
- А чаго ж... Вядома. Калi ласка.
Ён адкрыў футарал.
- Вось настройка, вось дыяпазоны, гэта гучнасць - паказаў, дзе што круцiць. Кукуруза схiлiўся над прыёмнiкам. Засоп.
I я свой нос усунуў. Кукуруза адпiхнуў мяне локцем.
- Не хукай туды. Запацее i сапсуецца.
Iгар усмiхнуўся.
- Ды нiчога. Ад гэтага не сапсуецца.
Доўга Кукуруза круцiў ручкi, i мы моўчкi, затаiўшы дыханне, слухалi галасы далёкiх краiн.
- Та-ак... Каштоўная рэч, - сказаў нарэшце Кукуруза i дабавiў: - Ну, па фiзiцы ў цябе, вядома, пяцёрка?
- Пяцёрка, - проста i без ганарлiвасцi адказаў Iгар.
- А двойкi калi-небудзь ты хапаў? - з надзеяй запытаў Кукуруза. - Хоць па паводзiнах, хоць бы па спевах? Цi круглы выдатнiк?
- Выдатнiк, - з прабачэннем у голасе сказаў Iгар. - Усе нашыя юннаты выдатнiкi. Такая ўмова.
Кукуруза цiха ўздыхнуў.
У гэты момант з кустоў выглянула Валька. Вiдаць, дзяўчаты ўжо закончылi чысцiць рыбу. Я яе бачыў, а Iгар, якi сядзеў да кустоў спiною, не. Валька цiхенька падкралася да яго, i я не паспеў нават раскрыць рот, як яна моцна штурхнула яго з пянька. Iгар нiчога не падазраваў i, вядома, паляцеў потырч.
- Дамам трэба заўсёды даваць месца, - сказала Валька, сядаючы на пянёк.
Iгар, устаючы i абцярушваючыся, толькi ўсмiхнуўся ў адказ.
Мы з Кукурузай здзiўлена пераглянулiся.
Вось дык справа! Талковага хлопца - фiзкультурнiка, якi змайстраваў во якi прыёмнiк, цыбатае дзяўчо штурхае сабе так, быццам гэта не хлопец, а нейкая мэбля.
I ён толькi ўсмiхаецца...
Калi б, напрыклад, са мной такое зрабiла ну хоць бы тая ж Грабянючка, я ёй так даў бы, так даў бы, што яна б доўга памятала.
Але што гэта з Кукурузай?!
- Ану, дай мне, - нахабна гаворыць Валька i працягвае руку да прыёмнiка, якi трымае Кукуруза. I Кукуруза, цяля, спакойненька аддае прыёмнiк. Цьфу, дурны! Што гэта - яе прыёмнiк, цi што?! Чаго яна распараджаецца! Бач, якая разумная!
Аднак усе гэтыя выкрыкi, вядома бязгучна, праносяцца толькi ў маёй галаве. Я маўчу. Гэта ж не мой прыёмнiк, i не ў мяне яго адбiраюць.
Валька пачала настройваць прыёмнiк, па-птушынаму нахiлiўшы галаву набок i пазiраючы ў неба. Натрапiла на нейкую цягучую мелодыю i раптам радасна ўскрыкнула:
- О! О!
Мы перапалохана глянулi на яе - што такое?
Мройна гледзячы на плёс i ўважлiва слухаючы музыку, яна цiха сказала:
- 'Лебядзiнае возера'... Адажыо...
Я скрывiўся. Цьфу, задавака! Такое гаворыць, што й не ўцямiш!
А Кукуруза напусцiў на сябе сур'ёзнасць i, насупiўшы бровы, кажа:
- Не, гэтае возера хутчэй не Лебядзiнае, а Качынае, бо лебедзi ў нас не водзяцца. Затое качак - як той раскi.
Валька раптам як зарагоча:
- Ой, трымайце мяне! Ой, не магу! От дзiвак! Я ж не пра гэтае возера, а пра музыку. 'Лебядзiнае возера'. Балет кампазiтара Чайкоўскага. Якраз цяпер вось перадаюць.
Аблiчча Кукурузы быццам апарылi. Уся кроў, якая толькi была ў ягоным арганiзме, кiнулася ў твар.
- Можна падумаць, што я не знаю, - сярдзiта буркнуў ён. - Цудоўна знаю гэты вядомы балет. А пра нашае возера я проста так сказаў. Для iнтарэсу... Для смеху...
Я адвярнуўся. Не магу я глядзець чалавеку ў вочы, калi той манiць. А Кукуруза зараз хлусiў адчайна. Нiчога ён не ведаў, нiякага 'Лебядзiнага возера'. Бо слых у яго вельмi-вельмi дрэнны. Спяваць ён мог толькi са мною. Падцягваць. Я злаваў на Вальку, якая прымусiла майго сябра так iлгаць. I наогул, навошта яна прыехала да нас?
I раптам, нiбыта падслухаўшы мае думкi, Валька рэзкiм рухам выключыла прыёмнiк i сказала:
- Вы на мяне сярдуеце, хлопцы, так? Што я прычапiлася, так?.. Дык я зараз пайду. Вы не сярдуйце. Проста мне хацелася пазнаёмiцца з вамi.
I так проста яна гэта сказала, што мне зрабiлася нiякавата. I нi я, нi Кукуруза не знайшлi, што адказаць.
Валька паднялася, усунула Кукурузе ў рукi прыёмнiк i пабегла да вогнiшча.
- Дзiвачка нейкая. Праўда? - пацiснуўшы плячамi, нiякавата прамовiў Кукуруза.
- Яна харошы хлопец, - неспадзявана пачырванеўшы, сказаў Iгар. - У нас з ёй усе сябруюць. А чаго ты не ўключаеш прыёмнiк? Ты ўключай, не саромейся. Я нядаўна памяняў батарэйку.
Я ўважлiва глянуў на яго i зразумеў, што ён наўмысна мяняе тэму гаворкi, што болей пра Вальку гаварыць не варта. Я яго добра разумеў. Мне таксама было б непрыемна, калi б нехта пачаў гаварыць пра Грабянючку.
Не знаю, колькi мы прасядзелi на беразе, каля пянька, але неўзабаве ад вогнiшча даляцеў голас важатага:
- Iгар, хлопцы, iдзiце хутчэй! Юшка гатова!
- Пайшлi, - сказаў Iгар.
Як ранiцаю выпiў я шклянку малака, дык больш i крошкi ў роце не было - быў я цяпер галодны, як арыштант. I гэтая прапанова мне, вядома, вельмi спадабалася. Думаю, што Кукуруза хацеў есцi не менш за