Пасля абеду нечага мае вочы пачалi злiпацца - далiся ў знакi начныя прыгоды. Прылёг я пад грушай у халадку i адразу заснуў як пшанiцу прадаўшы.
I прыснiлася мне нешта дзiўнаватае. Не сон, а проста кiно.
Стаю я, значыць, на беразе вострава Пераэкзаменоўкi. Стаю i бачу: выплывае на плёс карабель, вялiзны акiянскi белы карабель (я такiя толькi ў кiно бачыў), трохпалубны, а труба большая за ўсю нашу хату. Я стаю i дзiўлюся: як гэта ён праз вузенькiя стругi ў чаратах прайшоў. Але не паспеў я добра здзiвiцца, як з карабля спускаюць трап i па трапе на бераг iдзе... Грабянючка. Падыходзiць да мяне i кажа:
- Добры дзень вам. Да вас на востраў прыехала нямецкая дэлегацыя пiянераў. Вы будзеце перакладчыкам.
Я здзiўлена гляджу на яе, i мне хочацца сказаць: 'Чаго гэта ты, варона, мяне на 'вы' завеш?' - але чамусьцi прыстойна адказваю:
- З вялiкай радасцю. Але хачу нагадаць вам, што ў школе я вывучаю, як вам вядома, англiйскую мову i па-нямецку размаўляю вельмi кепска. Па-нямецку я ведаю толькi тры словы: дэр Тыш, дэр Штуль i дэр Бляйштiфт.
- Нiчога, - кажа Грабянючка, - цалкам дастаткова. Прымайце гасцей. Вось яны, калi ласка.
Я гляджу i бачу, што па трапе спускаюцца Iгар, Сашка-'штурман' i Валька.
'Вось яно што! Дык яны, атрымлiваецца, нямецкiя пiянеры, а не нашы'.
Мы iдзём па востраве i падыходзiм да будана. Каля будана стаiць Кукуруза i калупае ў носе.
- Знаёмцеся. Губернатар вострава Пераэкзаменоўкi Рабiнзон Васiльевiч Кукуруза, - кажу я, як мне здаецца, па-нямецку, а сам думаю: 'Цьфу! Чаго гэта я яго губернатарам ахрысцiў? Што ён, капiталiст, цi што? Ён жа наш савецкi Рабiнзон. Трэба было, мабыць, сказаць - старшыня сельсавета. Але ж якi тут сельсавет, калi ён на востраве адзiн!'
Мiж тым Кукуруза кажа:
- Калi ласка.
I мы ўваходзiм у будан. Уваходзiм у будан i спыняемся ў вялiкiм светлым пакоi, дзе ўсё белае, як у бальнiцы. Пасярэдзiне на белым стале стаiць блiскучая нiкелiраваная каструля.
- Каструля, - паясняе Кукуруза. - На транзiстарах. Сама варыць. Без агню.
'Ты глянь. Вось чортаў Кукуруза! Так-такi навыдумляў усяго... на транзiстарах'.
- Дер Штуль? - пытае раптам Валька.
- Дер Бляйштiфт, - адказваю я, i сам здзiўляюся, як складна атрымлiваецца. Яна ж запытала: 'Слухайце, а як жа з вашай сакрэтнай справай?' - а я адказаў: 'Усё ў парадку. Не хвалюйцеся'.
Якая цудоўная нямецкая мова! Адно слова скажаш, i ўсё зразумела. Трэба будзе на наступны год папрасiцца ў школе ў нямецкую групу. Абавязкова. Выдатнiкам там стаць - раз плюнуць. Цяпер я разумею, чаму ўсе яны: i Валька, i Iгар, i Сашка - выдатнiкi.
I тут раптам бачу: за спiной Валькi стаiць у капiтанскай форме... Кныш. А каля яго - голы, у масцы i ластах, Бурмiла.
'Вермахт... Падарунак ад немцаў... Дваццаць жалезных... Сягоння ноччу...' - успамiнаю я, i ўсё ў мяне ўсярэдзiне пайшло, паехала ўнiз.
А Кныш падыходзiць да мяне i грозна кажа:
- Даме заўсёды трэба даваць месца! - i з усяе сiлы штурхае мяне ў грудзi.
- Толькi так! - чуецца голас Бурмiлы.
I я лячу, лячу, лячу - некуды ў бяздонне. Гоп - i прачынаюся.
Чорт ведае што прыснiлася.
I адразу я ўспомнiў, што мне трэба ехаць ноччу ў плаўнi. Калi 'сягоння ноччу' - дык сягоння ноччу... I так мне зрабiлася маркотна, што i перадаць не магу.
Мацi не было - пайшла ў поле. Бацька з ранiцы на рабоце. Нiдзе нiкога. А тут яшчэ гэты сон... Не мог я сядзець у самоце. Да людзей мяне пацягнула. На вулiцу. Як добра, што ёсць усё-такi на свеце людзi!
Вунь галапузая суседская дзятва ў брудным раўчуку караблiкi пускае, а ўсё роўна, глянеш на iх - i лягчэй.
Зазiрнуў я ў двор да Рэняў. Дзед Варава сядзiць на прызбе i мянташыць касу.
'Эх, нiчога вы, дзед, не ведаеце, дзе зараз ваш даражэнькi ўнук Ява, падумалася мне. - Калi б вы ведалi, не сядзелi б так спакойна. А сёння ноччу невядома што яго чакае! Сапраўдная ваенная аперацыя. Можа, i страляць давядзецца. Эх!'
Праскочыў я паўз адчыненую фортку, каб не заўважыў мяне дзед (а то яшчэ, чаго добрага, распытваць пачне!).
Iду вулiцай.
'А можа, не прыедзе Кныш? Захварэе цi яшчэ што-небудзь. Усякае ж бывае. Але - не, наўрад. Такiя не хварэюць'.
Насустрач Галiна Сiдараўна.
- Добры дзень! - прывiтаўся я цiхенька, а ў душы: 'Бывайце, Галiна Сiдараўна! Можа, i не пабачымся больш...'
Iду далей.
I раптам...
- Чаго гэта ты нос павесiў? Зноў нешта ўтварыў? - пачуў я неспадзявана. Каля калодзежа з вядром стаяла Грабянючка i пазiрала на мяне насмешлiва. - I чаго ты адзiн? А дзе ж твой двоечнiк? Можа, пасварылiся?
Мабыць, трэба было сказаць ёй штосьцi рэзкае i ўедлiвае: 'Не твая парасячая справа', але мне не захацелася так вось гаварыць, i я проста адказаў:
- Ён у Пясках, у цёткi.
- А ты, бедненькi, ходзiш i плачаш.
I зноў я ўстрымаўся ад абавязковага ў такiх выпадках: 'Сама ты плачаш. Вытры лепей пад носам', а шчыра прызнаўся:
- Не плачу, але сумую.
Мае нязвыклыя адказы, мабыць, здзiвiлi i расчулiлi Грабянючку. Яна глянула на мяне са шчырым спачуваннем i сказала:
- Дык чаму ж ты да школы не прыходзiш, на спортпляцоўку? Мы там заўсёды ў валейбол гуляем i ў iншае.
- Ды-ы... - невыразна працягнуў я. I мне раптам вельмi захацелася расказаць ёй i пра востраў, i пра Кныша з Бурмiлам, i нават пра сон, якi мне сягоння прыснiўся.
Я ледзь утрымаўся. Калi б гэта была толькi мая таямнiца, дык я, пэўна, расказаў бы. Але - Кукуруза! Ён бы нiколi мне не прабачыў. Як цяжка часам быць верным сябрам!
А яшчэ я неспадзявана падумаў: 'А цi ўмее Грабянючка танцаваць казачок?' I хоць я не ведаў, але чамусьцi вырашыў, што, мабыць, умее.
Пакуль мы гаварылi, яна апусцiла вядро ў калодзеж i цяпер пачала выцягваць. Я спачатку назiраў, потым у душы махнуў рукой: 'А! Кукуруза ж усё роўна не бачыць!' - i сказаў:
- Давай памагу.
Яна нiчога не адказала, я ўзяўся таксама за ручку, i мы пачалi круцiць удваiх. Мы круцiлi так заўзята, што вядро гайдалася там, у глыбiнi, стукалася аб бярвеннi i чулася хлюпанне. Як вадаспад. Калi мы выцягнулi, вады было паўвядра. Мы глянулi адзiн на аднаго i засмяялiся.
- Давай яшчэ.
Мне было вельмi весела вось так удваiх круцiць корбу. Нашы рукi дакраналiся, мы штурхалi адзiн аднаго, а адзiн раз нават стукнулiся лбамi. I ўвесь час рагаталi. I стала шкада, калi вёдры ўжо былi поўныя. Яна ўзяла iх i пайшла павольна. Недзе ўнутры ў мяне варухнулася думка: трэба было б дапамагчы ёй, паднесцi хоць да варот. Але на гэта ўжо ў мяне не хапiла пораху. I я толькi моўчкi глядзеў ёй услед. I думаў, што на бязлюдным востраве я нi за што на свеце не жыў бы. Нават за матацыкл з каляскаю.
'Бывай, Ганька! Можа, мы i не пабачымся болей. I ты ўсё жыццё будзеш успамiнаць вось гэтую сустрэчу каля калодзежа... Ой! - успомнiў я раптам. Кукуруза ж скрыплiкаў прасiў прывезцi. А прадмаг вось-вось зачынiцца'.
I тут нiбыта кiем стукнулi мне па галаве: 'Ну-ну! У мяне ж грошай нi капейкi. А скрыплiкi дзевяць капеек