- Яны плююцца агнём толькi тады, калi на iх наедзеш. - Я паволi прытармазiў. - Вось тут у нас шыкоўная пустая бакавая вулiца. Тут мы i павучымся як след. Спачатку зрушваць з месца i спыняцца.
У Патрыцыi некалькi разоў глух матор. Яна расшпiлiла куртку.
- Мне горача. Але я навучуся! - Седзячы за рулём, яна старанна i ўважлiва сачыла, што я паказваю. Потым, усхвалявана коратка ўскрыкваючы, яна рабiла першыя павароты i, як д'ябла, баялася сустрэчных фараў, але i вельмi ганарылася, калi машыны ўдала раз'язджалiся. Неўзабаве ў невялiчкай кабiне, слаба асветленай лямпачкай шчытка, з'явiлася пачуццё таварыскасцi, якое ўсталёўваецца пры занятках тэхнiкай альбо камерцыяй. I калi мы праз паўгадзiны зноў селi на свае месцы, i я павярнуў назад, мы больш ведалi адно пра аднаго, чым калi б мы падрабязна расказалi свае аўтабiяграфii.
Непадалёк ад Нiкалайштрасэ я зноў спынiў машыну. Мы стаялi якраз пад чырвоным святлом кiнарэкламы. Асфальт мiгцеў матавым святлом, як выцвiлая пурпурная тканiна. Каля бардзюра блiшчала вялiкая чорная масляная пляма.
-Так, цяпер мы законна зарабiлi чарку. Дзе мы яе перакулiм?
Патрыцыя Хольман на хвiлiнку задумалася.
- Давайце зноў пойдзем у сiмпатычны бар з паруснiкамi, - прапанавала яна.
Я адразу занепакоiўся. У бары цяпер, напэўна, сядзеў апошнi рамантык. Я ўжо нiбы бачыў яго твар...
- Ах, - паспешна прамовiў я, - што там асаблiвага. Ёсць больш прыстойныя месцы.
- Я не ведаю... там мне здалося тады вельмi прыстойна.
- Праўда? - спытаў я збянтэжана. - Бар вам здаўся прыстойным?
- Сапраўды, - адказала яна са смехам. - Нават вельмi...
'Вось як! - падумаў я. - А я так дакараў сябе!'
- Толькi мне здаецца, што ў гэты час там перапоўнена, - зрабiў я яшчэ адну спробу.
- Можна ж паглядзець.
- Вядома, можна. - Я задумаўся, што рабiць.
Калi мы пад'ехалi, я iмклiва выскачыў з машыны.
- Я хуценька зазiрну. Зараз вярнуся.
Там не было нiводнага знаёмага, акрамя Валянцiна.
- Скажы, - спытаў я. - Готфрыд быў ужо тут?
Валянцiн кiўнуў.
- З Ота. Пайшлi з паўгадзiны назад.
- Шкада, - сказаў я, уздыхнуўшы з палёгкай. - З радасцю пабачыў бы iх.
Я вярнуўся да машыны.
- Можна рызыкнуць, - заявiў я. - Выпадкова сёння тут не так i цесна. - Але з перасцярогi я пакiнуў 'кадзiлак' у ценi за рогам.
Але не праседзелi мы i дзесяцi хвiлiн, як перад стойкай з'явiлася саламяная галава Ленца. 'Д'ябальшчына! - падумаў я. - Нарваўся. Няхай бы лепш гэта здарылася цераз пару тыдняў'.
Здавалася, што ў Готфрыда не было намеру заставацца. Ужо мне здалося, што выратаваны, але тут я заўважыў, што Валянцiн паказвае яму на мяне. Гэта была адплата за хлусню. Твар Готфрыда, якi ўбачыў нас, мог бы паслужыць цудоўным узорам для кiнаакцёра-пачаткоўца. Вочы ў яго выкацiлiся i зрабiлiся падобнымi да яечнi, i я ўжо спужаўся, што ў яго адвалiцца скiвiца. Шкада, што ў гэты час у бары не было рэжысёра. Я цвёрда ўпэўнены, што Ленца адразу запрасiлi б у кiно. Напрыклад, на такiя ролi, дзе перад матросам, якi пацярпеў крушэнне, раптам з рыкам з'яўляецца марскi гад.
Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукi. Я кiнуў на яго позiрк, якi малiў знiкнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пiнжак i падышоў да нас.
Я ўжо ведаў, што будзе, i таму паспрабаваў захапiць iнiцыятыву.
- Ты ўжо праводзiў дадому фройляйн Бомблят? - спытаў я, каб адразу нейтралiзаваць яго.
- Праводзiў, - адказаў ён, вокам не мiргнуўшы, хоць да апошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў - не ведаў.
- Яна перадала табе прывiтанне i прасiла, каб зранку адразу патэлефанаваў ёй.
Гэта быў моцны контрудар. Я кiўнуў.
- Патэлефаную. Спадзяюся, яна купiць машыну.
У Ленца зноў разявiўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу i зiрнуў так, што ён замоўк, усмiхаючыся.
Мы выпiлi па некалькi чарак. Я пiў толькi кактэйль з лiмонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.
Готфрыд быў у цудоўным настроi.
- Толькi што я заходзiў да цябе, - сказаў ён. - Хацеў забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставiлi выдатную новую каруселю. Сходзiм туды? Ён зiрнуў на Патрыцыю Хольман.
- Неадкладна! - падтрымала яна. - Больш за ўсё на свеце я люблю каруселi.
- Тады пайшлi! - сказаў я, рады, што выходзiм адсюль. На волi будзе прасцей.
Катрыншчыкi - фарпосты луна-парку. Меланхалiчна-салодкае гудзенне. На старых аксамiтных накiдках катрынак - часам папугай цi замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкiя галасы гандляроў, якiя прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкi мёд, паветраныя шары i адрэзы на касцюмы. Халоднае сiняе паветра i пах ад карбiдных лямп. Варажбiткi, астролагi, палаткi з пiрагамi, арэлi- лодка, будкi з атракцыёнамi i, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск - асветленыя, як палац, вежы каруселяў.
- Наперад, сябры! - Ленц з чупрынай, што раскудлацiлася на ветры, кiнуўся да амерыканскiх горак. Там iграў самы вялiкi аркестр. З кожнай з пазалочаных нiш выходзiлi шэсць трубачоў, яны паварочвалiся на ўсе бакi, ускiдвалi, потым апускалi свае iнструменты i вярталiся назад. Гэта выглядала велiчна.
Мы селi ў гандолу ў форме лебедзя i загайдалiся. Свет праплываў у пералiвах агню, ён уздымаўся ўверх i зноў падаў у чорны тунель, праз якi мы iмчалi пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалi бляск i фанфары.
- Далей! - Готфрыд накiраваўся да лётаючай каруселi з дырыжаблямi i самалётамi. Мы залезлi ў цэпелiн i зрабiлi тры кругi.
Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялi ўнiзе.
- А цяпер на чортава кола! - заявiў Ленц.
Гэта быў вялiкi гладкi круглы дыск з невялiчкiм узвышэннем пасярэдзiне, якi кружыўся ўсё хутчэй i на якiм трэба было ўтрымацца. Сярод iншых дваццацi чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў i атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Заднiца ў яе была як у ламавiка. Яна схiтрыла: калi ўжо зусiм стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатнiх усiх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў i апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкi кухаркi, i яны, абняўшыся, скацiлiся з дыска. Яны падышлi да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Лiна. Лiна сарамлiва ўсмiхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Лiна заявiла, што пiва добра наталяе смагу. Яны знiклi ў палатцы.
- А мы? Куды пойдзем цяпер? - спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блiшчалi.
- У лабiрынт прывiдаў, - сказаў я i паказаў на вялiкую будку.
Лабiрынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намi захiсталася, мы натыкнулiся ў цемры на нечыя рукi, з цёмных куткоў з'яўлялiся страшэнныя пысы, галасiлi прывiды... Мы смяялiся, але раптам дзяўчына спужалася i адхiснулася - перад ёй з'явiўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно iмгненне яна апынулася ў маiх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусiм блiзка каля вуснаў былi яе валасы. Яна тут жа засмяялася, i я выпусцiў яе.
Я выпусцiў яе, але нейкай часцiнкай сваёй iстоты я ўтрымлiваў яе. Калi мы ўжо былi на волi, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккiя валасы, лёгкi персiкавы пах яе скуры... Я баяўся зiрнуць на яе. Яна раптам стала для мяне iнакшай.
Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзiн.
- А дзе Лiна? - спытаў я.
- П'е, - адказаў ён i паказаў галавой на палатку. - З нейкiм кавалём.
- Спачуваю, - сказаў я.
- Глупства, - адказаў Готфрыд. - Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.
Мы падышлi да будкi, дзе накiдвалi гумавыя колцы на крукi. Былi прызначаны розныя прызы.