- Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб i ў мяне так было.
Я хвiлiну памаўчаў.
- Чаму, Готфрыд? - спытаў я нарэшце.
Ён глянуў на мяне.
- Таму што ўсё астатняе - дзярмо, Робi. Таму што сёння няма нiчога, што мела б вартасць. Прыпомнi, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, якi малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкi ды сыграй некалькi старых салдацкiх песень.
Я сыграў 'Тры лiлеi' i 'Аргонскi лес'. У пустым шынку песнi прагучалi прывiдна, калi мець на ўвазе той час, у якi мы iх спявалi...
VII
Праз два днi Кёстэр паспешлiва выбег з майстэрнi.
- Робi, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасiў цябе прыехаць у адзiнаццаць на 'кадзiлаку'. Ён хоча зрабiць пробную паездку.
Я шпурнуў адвёртку i гаечны ключ.
- Браце, Ота... Няўжо нешта будзе?
- А што я вам казаў! - пачуўся голас Ленца з ямы пад 'фордам'. - Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!
- Прытрымай язык, становiшча сур'ёзнае, - крыкнуў я ўнiз.
- Ота, наколькi можна збавiць цану?
- У крайнiм выпадку саступi дзве тысячы. У самым крайнiм - дзве дзвесце. Калi ўжо iншага выйсця не будзе - дзве пяцьсот. Калi ўбачыш, што перад табой вар'ят - дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклiнаць.
- Добра.
Мы адцёрлi машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.
- Робi, памятай, што ты быў салдатам i рабiў i не такое. Абаранi гонар нашай майстэрнi, не шкадуючы крывi. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.
- Дамовiлiся, - усмiхнуўся я.
Ленц выцягнуў з кiшэнi нейкi медаль i паднёс яго мне да твару.
- Дакранiся да майго амулета, Робi!
- Давай. - Я дакрануўся.
- Абракадабра, вялiкi Шыва, - заклiнаў Готфрыд. - Дай гэтаму баязлiўцу мужнасцi i сiлы. Стой! Лепш за ўсё вазьмi яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.
- Парадак, - сказаў я, плюнуў яму пад ногi i паехаў мiма Юпа, якi ўсхвалявана вiтаў мяне, узняўшы ўгору шланг.
Па дарозе я купiў некалькi гваздзiкоў i ўпрыгожыў iмi машыну. Я разлiчваў зрабiць уплыў на фраў Блюменталь.
На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвiлiн пятнаццаць чакаць. 'Даражэнькi, - падумаў я, - гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляiны'. У пачакальнi я як след распытаў сiмпатычную машынiстку пра фiрму, падкупiўшы яе гваздзiком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнiкаў, цiхi кампаньён, зацятая канкурэнцыя з 'Маерам i Сынам', сын Маера ездзiць у чырвоным двухмесным 'эсексе' - вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасiў Блюменталь.
Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыi.
- Малады чалавек, - сказаў ён. - У мяне мала часу. Мiнулы раз вы назвалi цану, пра якую вы можаце толькi марыць. Але руку на сэрца - колькi каштуе машына?
- Сем тысяч марак, - адказаў я.
Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.
- Тады няма размовы.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, - паглядзiце машыну яшчэ раз.
- Няма патрэбы, - перабiў ён мяне. - Я ўжо паглядзеў.
- Можна па-рознаму глядзець, - заявiў я. - Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад 'Фоля i Рурбэка', кошт - 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абiўка сядзенняў, тонкi корд...
Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор iнструментаў, выдатны скураны верх, храмiраваны радыятар, сучасныя бамперы шэсцьдзесят марак пара. Я iмкнуўся вярнуцца да машыны, як дзiця да мацi, угаворваючы Блюменталя спусцiцца ўнiз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сiл. Калi ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклiкаць абстрактны жах.
Але i Блюменталь ведаў, што пiсьмовы стол - яго апора. Ён зняў акуляры i ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Мы змагалiся, як тыгр з пiтонам. Блюменталь быў пiтон. Не паспеў я азiрнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.
Я спужаўся. Я палез у кiшэнь i моцна сцiснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, трацячы сiлы, - ужо гадзiна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць. - Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалi, як снег.
- Я ем толькi ў дзве гадзiны, - заявiў Блюменталь непарушна. - Але ведаеце што? Мы можам зрабiць зараз пробную паездку.
Я з палёгкай уздыхнуў.
- Потым мы яшчэ пагаворым, - дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.
Мы паехалi да яго дома. На маё здзiўленне, у машыне яго як падмянiлi. Ён зычлiва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплацiў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне - пра саксонца, якi заблудзiў. Я адразу ж - пра саксонскую пару закаханых... Толькi перад домам мы загаварылi зноў сур'ёзна. Ён папрасiў мяне пачакаць i пайшоў па жонку.
- Мой любiмы таўстун-'кадзiлак', - сказаў я i паляпаў машыну па радыятары. - За гэтымi анекдотамi, напэўна, хаваецца нейкая д'ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купiць цябе, будзь упэўнены - калi жыд вяртаецца, то купляе. Калi вяртаецца хрысцiянiн, то гэта не значыць, што ён купiць. Ён робiць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканомiць на таксi, а потым ён раптам прыпамiнае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухнi. Не, не, жыды талковыя людзi, яны ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагi таўстун: калi я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып'ю нi чаркi гарэлкi.
З'явiлася фраў Блюменталь. Я прыпомнiў усе парады Ленца i з байца ператварыўся ў кавалера.
Блюменталь толькi подленька ўсмiхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.
Я паклапацiўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка - побач са мной.
- Куды вас павезцi, шаноўная панi? - спытаў я саладжавым голасам.
- Куды хочаце, - адказала яна, усмiхаючыся мне па-мацярынску.
Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такiм нявiнным чалавекам! Я гаварыў так цiха, каб Блюменталь нiчога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала i таго, што ён сядзеў ззаду.
Мы спынiлiся. Я вылез i цвёрда зiрнуў на майго непрыяцеля.
- Усё-такi вы павiнны пагадзiцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.
- Якая радасць з той бездакорнасцi, малады чалавек, - запярэчыў ён мне надзвычай ветлiва, - калi падаткi паглынаюць цябе. Падаткi на машыну занадта высокiя. Гэта я вам кажу.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, iмкнучыся не змякчыць тон, - вы дзелавы чалавек, з вамi можна гаварыць шчыра. Гэта - не падаткi, а выдаткi. Скажыце самi, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капiталу, як раней, - патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькi праз уменне паказаць сябе. 'Кадзiлак' - машына салiдная i хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця - жывая рэклама вашай фiрмы.
Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкi.
- У яго жыдоўскiя мазгi, праўда? Малады чалавек, - сказаў ён потым тым жа самым фамiльярным тонам, - самая лепшая рэклама салiднасцi сёння - паношаны касцюм i паездка на аўтобусе. Калi б у нас з вамi былi тыя грошы, якiя яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны, што пралятаюць мiма, мы маглi б спакойна сядзець, нiчога не робячы. Гэта я вам кажу. З даверам.
Я з недаверам зiрнуў на яго. Што азначае гэтая зычлiвасць? Што ён задумаў? Цi прысутнасць жонкi прытупiла яго баявiтасць? Я вырашыў стрэлiць з пiсталета.
- 'Кадзiлак' - гэта не 'эсекс', цi не так, шаноўная панi? Сын Маера ездзiць на 'эсексе', але ён мне i дарма не патрэбны... гэтыя чырвоныя, яркiя санi...