- Так, - звярнуўся Ленц да Патрыцыi Хольман i збiў свой капялюш на патылiцу. - Зараз мы выйграем вам пасаг.
Ён кiнуў першы i выйграў будзiльнiк. Я кiнуў за iм, i мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабiў з гэтага шмат шуму, каб прывабiць паболей клiентаў.
- Зараз ты супакоiшся, - зласлiва ўсмiхнуўся Готфрыд i выйграў патэльню. Я - яшчэ аднаго мiшку.
- Глядзi ты, як шанцуе, - толькi i сказаў гаспадар i аддаў нам рэчы.
Чалавек не здагадваўся, што яго чакае. Ленц лепш за ўсiх у роце кiдаў гранаты, а зiмой, калi рабiць амаль што не было чаго, мы цэлымi месяцамi практыкавалiся, закiдваючы капелюшы на ўсялякiя крукi. Гэтыя колцы былi проста дзiцячай забавай. У наступны заход Готфрыд лёгка забраў сабе крышталёвую вазу. Я - паўтузiна грамафонных пласцiнак. Гаспадар моўчкi сунуў iх нам, а потым праверыў крукi. Ленц прыцэлiўся, кiнуў i выйграў кафейны сервiз - другi прыз. Сабралася процьма 'балельшчыкаў'. Я кiнуў тры колцы запар на адзiн крук. Вынiк - святая Магдалiна ў залатой рамцы.
Гаспадар скрывiўся, як ад зубнога болю, i сказаў, што хопiць. Мы гатовы былi спынiцца. Але ўзнялi шум гледачы. Яны запатрабавалi, каб ён даў нам пагуляць яшчэ. Iм хацелася бачыць, як яго раздзяваюць. Больш за ўсiх шумела Лiна, якая раптам з'явiлася тут са сваiм кавалём.
- Прамахвацца можна, - хрыпата крычала яна, - а трапляць - не? - Каваль штось гугнiў у падтрымку.
- Добра, - вырашыў Ленц. - Яшчэ па разе.
Я кiнуў першы. Тазiк, кубак i мыльнiца. Затым падышоў Ленц. Ён узяў пяць колцаў. Чатыры ён кiнуў запар на адзiн крук. Перад пятым ён зрабiў штучную паўзу i дастаў цыгарэту. Тры чалавекi падалi яму прыпалiць. Каваль паляпаў яго па плячы. Лiна ад хвалявання кусала хусцiнку. Потым Готфрыд прыцэлiўся i лёгка, каб апошняе колца не адскочыла, накiнуў яго на чатыры першыя. Колца павiсла. Усе бурлiва зашумелi. Ён адхапiў галоўны прыз - дзiцячы вазок з ружовай коўдрай i падушачкамi.
Гаспадар, лаючыся, выкацiў яго. Мы ўсё ўпакавалi i паехалi да наступнай будкi. Лiна штурхала вазок. Каваль адпускаў такiя жарты, што я з Патрыцыяй Хольман вырашыў крыху адстаць. Каля наступнай будкi колцы накiдвалiся на рылцы бутэлек. Той, хто трапляў, забiраў бутэльку. Мы выйгралi шэсць бутэлек. Ленц паглядзеў на этыкеткi i аддаў бутэлькi кавалю.
Была яшчэ адна будка такога тыпу. Але гаспадар ужо пранюхаў пра нас i, калi мы падышлi, заявiў, што яна закрыта. Каваль хацеў узняць вэрхал, бо ён убачыў, што прызы тут - бутэлькi з пiвам. Але мы ўтрымалi яго. Гаспадар будкi быў аднарукi.
У суправаджэннi вялiзнага натоўпу мы вярнулiся да 'кадзiлака'.
- Што цяпер? - спытаў Ленц i пачухаў патылiцу. - Найлепш - прывязаць вазок ззаду да машыны.
- Выдатна, - сказаў я. - Але ты сядзеш у яго i будзеш кiраваць, каб не перакулiўся.
Патрыцыя Хольман запратэставала. Яна збаялася, што Ленц так i зробiць.
- Цудоўна, - выказаўся Готфрыд. - Давайце тады разбяромся. Двух мiшак вам абавязкова трэба пакiнуць сабе. Грамафонныя пласцiнкi таксама. Як наконт патэльнi?
Дзяўчына пахiтала галавой.
- Тады пераходзiць ва ўласнасць майстэрнi, - заявiў Готфрыд. - Вазьмi яе, Робi, стары майстра яечнi. Кафейны сервiз?
Дзяўчына кiўнула на Лiну. Кухарка зачырванелася. Готфрыд перадаў ёй прадметы, нiбы ўручаючы прыз. Потым ён дастаў тазiк.
- Гэтую ўмывальную прыладу? Пану суседу, цi не так? Прыгадзiцца ў рабоце. Будзiльнiк таксама. Кавалi спяць моцна.
Я перадаў Готфрыду вазу. Ён уручыў яе Лiне. Яна, запiнаючыся, адмаўлялася. Яе вочы неадрыўна глядзелi на Магдалiну, якая каялася. Ёй здавалася: калi яна возьме вазу, то кавалю аддадуць карцiну.
- Я захапляюся мастацтвам, - вымавiла яна. Яна стаяла, хвалюючыся ад жадання, i кусала чырвоныя пальцы.
- Шаноўная паненка, - сказаў Ленц з велiкадушным жэстам i павярнуўся да нас, - як ваша думка?
Патрыцыя Хольман узяла карцiну i аддала яе кухарцы.
- Гэта вельмi прыгожая карцiна, Лiна, - сказала яна з усмешкай.
- Павесь яе над ложкам i помнi, - дадаў Ленц.
Лiна забрала яе са слязьмi на вачах. Ад удзячнасцi яна аж заiкала.
- А цяпер цябе, - у роздуме сказаў Ленц, звяртаючыся да дзiцячага вазка. Вочы Лiны, нягледзячы на шчасце ад валодання Магдалiнай, зноў загарэлiся прагным агнём. Каваль сказаў, што нiколi не ведаеш, калi такая рэч можа спатрэбiцца, i засмяяўся так, што ўпусцiў бутэльку з вiном. Але Ленц не аддаў iм вазок.
- Хвiлiнку, я там нешта ўбачыў, - сказаў ён i знiк.
Праз некалькi хвiлiн ён узяў вазок i пацягнуў яго некуды.
- Усё ў парадку, - сказаў ён, вярнуўшыся без яго. Мы селi ў 'кадзiлак'.
- Як на каляды, - шчаслiва сказала Лiна, трымаючы падарункi i падаючы нам чырвоную лапу на развiтанне. Каваль адвёў нас яшчэ на хвiлiнку ўбок.
- Слухайце, - сказаў ён. - Калi вам спатрэбiцца каго адлупцаваць- я жыву на Лейбнiцштрасэ, 16, заднi двор, на другiм паверсе справа. Калi iх, магчыма, будзе некалькi чалавек, я збяру сваю кампанiю.
- Дамовiлiся, - адказалi мы i паехалi.
Калi мы ад'ехалi ад плошчы, Готфрыд паказаў у акно. Мы ўбачылi свой дзiцячы вазок, сапраўднае жывое дзiця ў iм, а побач бледную расстроеную жанчыну, якая разглядала вазок.
- Добра, праўда? - спытаў Готфрыд.
- Занясiце ёй яшчэ i мiшак, - усклiкнула Патрыцыя Хольман. - Яны там будуць дарэчы.
- Можа, аднаго, - сказаў Ленц. - Аднаго пакiнем сабе.
- Не, абодвух.
- Добра. - Ленц выскачыў з машыны, кiнуў плюшавых лялек жанчыне ў ахапак i, не даўшы ёй вымавiць нi слова, быццам наўцёкi, заспяшаўся да машыны. - Так, - сказаў ён, уздыхнуўшы з палёгкай. - Цяпер мне ад майго высакародства аж дрэнна зрабiлася. Высадзiце мяне каля 'Iнтэрнацыяналя'. Мне абавязкова трэба выпiць чарку каньяку.
Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мiнулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, i лiхтар кiдаў водблiскi на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмi хацелася пайсцi з ёй.
- Дабранач, - сказаў я. - Спакойнага сну.
- Дабранач.
Я пазiраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзiўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калi вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты i жадання пазбавiцца нечага ў самiм сабе. Пусцiць, каб паляцела, няведама куды.
Я паехаў да Ленца ў 'Iнтэрнацыяналь'. Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваiм сябрам, кельнерам Алоiсам. Яны спрачалiся. Готфрыд сядзеў з Мiмi i Валi на канапе каля стойкi. Ён быў далiкатны, не пакiдаў без увагi нават Мiмi, бедную старую кабету.
Дзяўчаты неўзабаве пайшлi. Iм трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мiмi вохала i ўздыхала - балелi ногi. Я падсеў да Готфрыда.
- Ну, выказвайся! - сказаў я.
- Навошта, хлопец, - адказаў ён на маё здзiўленне. - Усё правiльна, так i дзейнiчай.
Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.
- Мог бы i раней добрае слова сказаць, - сказаў я.
Ён махнуў рукой.
- Глупства.
Я заказаў рому.
- Ты ведаеш, - сказаў я потым. - У мяне нiякага ўяўлення, хто яна i што. Не ведаю, што ў яе з Бiндзiнгам. Цi гаварыў ён табе тады што-небудзь?
Ён зiрнуў на мяне.
- Цябе гэта трывожыць?
- Не.
- Я так i думаў. Мiж iншым, палiто табе добра пасуе.
Я пачырванеў.