Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:
- Колер абiўкi вельмi вам да твару, шаноўная панi, - прыглушаны сiнi кобальт для бландзiнкi...
Раптам Блюменталь заўсмiхаўся - здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.
- Маер i сын - здорава, здорава... - аж застагнаў ён, - а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары... тары-бары!
Я зiрнуў на яго. Я не паверыў сваiм вачам. Ён смяяўся непадробна.
Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.
- Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары - не тары-бары. Гэта камплiменты, якiя ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына - не металiчная мэбля. Яна - кветка! Ёй непатрэбна дзелавiтасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьцi прыгожае, чым з бычынай настойлiвасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзiў тары-бары, а выкарыстаў фiзiчны закон. Сiнi колер добра пасуе бландзiнкам.
- Добра спяваеш, пташка, - сказаў Блюменталь, ззяючы. - Паслухайце, пан Локамп... Я ведаю, што магу збiць яшчэ тысячу марак...
Я адступiў на крок.
'Вераломны сатана, - падумаў я, - гэта той удар, якога я чакаў'. Я ўжо ўявiў сваё жыццё без адзiнай чаркi алкаголю i, як зацкаванае аляня, зiрнуў на фраў Блюменталь.
- Але, бацька... - сказала яна.
- Пакiнь, мацi, - адказаў ён. - Дык вось: я мог бы зрабiць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазii, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера i сына быў удалы. У вас мацi жыдоўка?
- Не.
- Вы працавалi ў краме гатовага адзення?
- Так.
- Вось бачыце, стыль адтуль. У якiм аддзеле?
- У аддзеле 'Душа', - адказаў я. - Я хацеў стаць настаўнiкам.
- Пан Локамп, - сказаў Блюменталь. - Вы - малайчына! Калi страцiце месца, тэлефануйце мне.
Ён выпiсаў чэк i аддаў яго мне. Я не паверыў сваiм вачам. Задатак - дзiва!
- Пан Блюменталь, - узрушана сказаў я, - дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнiчкi i першакласны гумавы дыванок пад ногi.
- Выдатна, - сказаў ён. - Вось i старому Блюменталю перапаў падарунак...
Затым ён запрасiў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсмiхнулася мне.
- Будзе фаршыраваны шчупак, - мякка вымавiла яна.
- Далiкатэс, - заявiў я. - Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгiструем.
У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц i Кёстэр пайшлi палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькi Юп.
- Прадалi? - спытаў ён.
- I табе трэба ведаць, ты - жэўжык, - сказаў я. - Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.
- Значыць, прадалi, - заўсмiхаўся Юп.
- Я паеду палуднаваць, - сказаў я. - Але глядзi, нiкому нi слова пра маё вяртанне.
- Пан Локамп, - заверыў ён i падкiнуў манету ў паветра, - магiла.
- Можна паверыць, - сказаў я i нацiснуў на газ.
Калi я вярнуўся, Юп падаў мне знак.
- Што здарылася? - спытаў я. - Не ўтрымаў язык за зубамi?
- Пан Локамп! Жалезна! - Ён выскалiўся. - Але 'фордаў' дзядзька прыйшоў.
Я пакiнуў 'кадзiлак' у двары i пайшоў у майстэрню. Булачнiк быў тут. Ён якраз схiлiўся над каталогам колераў. На iм было палiто ў клетку з поясам i шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з iм стаяла сiмпатычная iстота з чорнымi гарэзлiвымi вачыма, у расшпiленым палiтончыку з аблямоўкай з вылiнялага зайца i ў вельмi маленькiх лакiрках. Чарнявая iстота настойвала на яркiм сурыку, але булачнiк устрымлiваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.
- Глупства, - бурчала чарнявая. - 'Форд' павiнен быць яркi. Iнакш нiякага фасону.
Заклiнаючы, яна зыркала на нас, пацiскала плячыма, калi булачнiк схiляўся над каталогам, крывiла рот i падмiргвала нам. Вясёлае дзiця! Нарэшце яны сышлiся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнiк упёрся: недзе павiнна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён i на гэтым выйграў: верх жа ён атрымлiваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканiну.
Яны пайшлi. Але iдучы праз двор, спынiлiся. Як толькi чарнявая ўбачыла 'кадзiлак', яна кiнулася да яго.
- Паглядзi, пупсiк, вось дык машына! Як з казкi! Яна мне вельмi падабаецца!
У наступны момант яна ўжо адчынiла дзверцы i ўселася, у захапленнi страляючы вачыма.
- Вось гэта сядзеннi! Каласальна! Крэслы, як у клубе! Не тое, што наш 'форд'!
- Ну, пайшлi, - незадаволена сказаў пупсiк.
Ленц падштурхнуў мяне: я мусiў выйсцi на арэну i навязаць машыну булачнiку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў нi слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго i адвярнуўся.
Булачнiк з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб i, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.
Мы пазiралi парачцы ўслед.
- Рашучы чалавек! - сказаў я. - Адрамантаваў машыну, ажанiўся - малайчына!
- I праўда, - сказаў Кёстэр. - Ён яшчэ парадуецца з яе.
Толькi яны завярнулi за рог, як Готфрыд раз'юшыўся.
- Ты што, Робi, зусiм звiхнуўся? Праваронiць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласнiка!
- Унтэр-афiцэр Ленц! - адказаў я. - Падцягнiце жывот, калi размаўляеце са старшым! Што я - прыхiльнiк дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?
Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталi па талеры кожнае.
- Не жартуй са святынямi, - прамямлiў ён.
Не звяртаючы на яго ўвагi, я загаварыў з Кёстэрам.
- Ота, развiтвайся з нашым дзiцем - 'кадзiлакам'. Ён ужо не наш. З гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднiкi. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслiвая доля. Не такая гераiчная, як у нас, затое - больш надзейная.
Я дастаў чэк. Ленц як не развалiўся на часткi.
- Не можа быць! I ўжо аплочаны? - хрыпата прашаптаў ён.
- А як вы думалi, жаўтароцiкi? - спытаў я i памахаў чэкам. - Гадайце колькi.
- Чатыры! - крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.
- Чатыры з паловай, - сказаў Кёстэр.
- Пяць! - крыкнуў ад калонкi Юп.
- Пяць з паловай, - адрэзаў я.
Ленц выхапiў чэк у мяне з рук.
- Немагчыма! Пэўна, не аплоцiць!
- Пан Ленц, - сказаў я з пачуццём годнасцi, - чэк настолькi надзейны, наколькi ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопiць грошай на дваццаць такiх чэкаў. Гэта мой сябра - вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есцi ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак i быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! - Готфрыд з цяжкасцю прыходзiў да памяцi. Але ён не здаваўся.
- Дапамаглi мая аб'ява i амулет!
Я падаў яму яго медаль.
- Забяры сваю сабачую бiрку. Я пра яе i забыўся.
- Ты прадаў выдатна, Робi, - сказаў Кёстэр. - Дзякуй богу, што мы пазбавiлiся ад гэтых саняў. А грошы нам вельмi спатрэбяцца.
- Дай мне пяцьдзесят марак авансу, - папрасiў я.
- Сто. Ты зарабiў.