- Можа, даць табе яшчэ i маё шэрае палiто ў дадатак? - спытаў Готфрыд, падмiргнуўшы.

- А ты ў бальнiцу не хочаш, варты жалю балбатун-байструк? - спытаў я ў сваю чаргу.

- Хлопцы, на сёння ўсё! - прапанаваў Кёстэр. - За дзень зарабiлi дастаткова. Нельга дражнiць бога. Давайце выедзем на 'Карле' i патрэнiруемся перад гонкамi.

Юп ужо пакiнуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выцiраў рукi.

- Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?

- Не, Юп, - са смехам адказаў Ота. - Едзем з намi!

Мы спачатку паехалi ў банк i абмянялi чэк. Ленц нiяк не мог супакоiцца, пакуль не ўпэўнiўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панеслiся так, што аж iскры пасыпалiся з вачэй.

VIII

Я стаяў насупраць сваёй гаспадынi.

- Дзе гарыць? - спытала фраў Залеўскi.

- Нiдзе, - адказаў я. - Я проста хачу заплацiць за кватэру.

Да тэрмiну было яшчэ тры днi, i фраў Залеўскi ледзь не звалiлася з ног.

- Тут нешта не тое, - з падазрэннем вымавiла яна.

- Не бойцеся, - адказаў я. - Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўнi.

Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукi ў магутныя сцёгны.

- Вось табе i маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?

- Падабаецца. А яшчэ больш - крэслы з вашай гасцёўнi.

Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госцi прыйдзе кузiна, а таму хацелася б зрабiць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзi закалыхалiся.

- Кузiна, - паўтарыла яна з пагардай. - А калi ж тая кузiна з'явiцца?

- Гэта яшчэ не дакладна, - сказаў я. - Але калi прыйдзе, то не позна, на вячэру... Чаму вы не верыце, што гэта кузiна, фраў Залеўскi?

- Няхай сабе, - адказала яна. - Але кузiнам не пазычаюць крэслаў.

- А я пазычаю, - настойваў я. - Ведаеце, я вельмi шаную сваяцкiя адносiны.

- Вiдаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьмiце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.

- Вялiкi дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. I дыван таксама.

- Дыван? - Яна павярнулася да мяне. - Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?

- Я. I вы таксама. Толькi што.

Яна глядзела на мяне бездапаможна.

- Гэта ж як камплект, - сказаў я. - Крэслы ж стаяць на дыване.

- Пан Локамп, - велiчна заявiла фраў Залеўскi, - не перабiрайце цераз край. Мера ва ўсiм - так гаварыў нябожчык Залеўскi. Нялiшне было б засвоiць i вам.

Мне было вядома, што нябожчык Залеўскi, нягледзячы на гэтае правiльнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры iншых абставiнах даволi часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваiм мужам, як iншыя Бiблiяй: каб цытаваць. I чым больш часу мiнала пасля яго смерцi, тым больш яна прыпiсвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку - як i Бiблiя.

Я ўзяўся прыбiраць сваю каморку. Паполуднi я патэлефанаваў Патрыцыi Хольман. Яна хварэла, i я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовiлiся сустрэцца ў восем гадзiн, i я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсцi ў кiно.

Крэслы i дыван мелi шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да iх. Таму я пастукаўся ў суседнi пакой да сям'i Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзiны працаваў звышурочна, толькi каб не звольнiлi. Фраў Хасэ была падобная да падбiтай птушкi. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкi твар дзiцяцi - расчараванага, сумнага дзiцяцi.

Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывiлася i прынесла мне лямпу.

- Дарэчы, - сказала яна, уздыхаючы. - Калi пачынаеш прыпамiнаць, раней...

Гiсторыя была не новая. Гаворка iшла пра перспектывы яе жыцця, калi б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гiсторыя была вядомая мне i ў iншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка iшла пра перспектывы яго жыцця, калi б ён застаўся халасцяком. Гэта, вiдаць, была самая тыповая гiсторыя ва ўсiм свеце. I самая бесперспектыўная.

Я хвiлiнку паслухаў, падаў некалькi нязначных рэплiк i падаўся да Эрны Бёнiг, каб узяць грамафон.

Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькi як пра жанчыну, 'што жыве па суседстве'. Яна пагарджала ёй, бо зайздросцiла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставiлася да жыцця i ведала, што трэба ўстойлiва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плацiць падвойную i патройную цану. Шчасце - самая ненадзейная i самая дарагая па цане рэч у свеце.

Эрна ўкленчыла каля сваёй валiзкi, выбiраючы мне пласцiнкi.

- Хочаце факстроты? - спытала яна.

- Не, - адказаў я. - Я не ўмею танцаваць.

Яна здзiўлена зiрнула на мяне.

- Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робiце ў вольны час?

- Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымлiваецца.

Яна пахiтала галавой.

- З мужчынам, якi не ўмее танцаваць, у мяне не было б нiякiх варункаў.

- У вас строгiя прынцыпы, - адказаў я. - Але ж ёсць i iншыя пласцiнкi. Нядаўна вы iгралi вельмi прывабную... гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку цi нешта такое...

- Ах, тая пласцiнка - чароўная. 'Як бы я жыла без цябе...' - гэтая?

- Правiльна! Чаго толькi не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннiкам. Мне здаецца, што толькi яны рамантыкi, якiя засталiся.

Яна засмяялася.

- А чаму i не? Вось такi грамафон - таксама свайго роду кнiга для запiсаў. Даўней вершы запiсвалi ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцiнкi. Калi мне хочацца пра нешта ўспомнiць, мне варта толькi зайграць пласцiнку таго часу, i зноў усё ажывае.

Я паглядзеў на стосы пласцiнак, што ляжалi на падлозе.

- Калi судзiць па пласцiнках, Эрна, то ў вас процьма ўспамiнаў.

Яна ўстала i адкiнула рыжаватыя валасы.

- Так, - сказала яна, адсунуўшы пласцiнкi нагой, - але мне хацелася б нечага сапраўднага...

Я распакаваў усё, што купiў на вячэру, i расставiў на стале як змог. З кухнi дапамогi чакаць не выпадала - занадта дрэнныя адносiны былi ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькi нашкодзiць мне. Але добра было i так, i неўзабаве мая старая каморка заблiшчала да непазнавальнасцi. Крэслы, лямпа, накрыты стол... я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправiўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзiну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымi парывамi вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Лiхары ўжо свяцiлi. Змярканне памiж дамамi сiнела, як мора. 'Iнтэрнацыяналь' плыў у iм, як ваенны карабель з прыбранымi ветразямi.

Я заскочыў у яго.

- Гоп-ля, Роберт, - сказала Роза.

- Што ты тут робiш? - сказаў я. - Чаму не выходзiш?

- Яшчэ ранавата.

Бясшумна падышоў Алоiс.

- Аднапавярховы? - спытаў ён.

- Трохпавярховы, - адказаў я.

- Пачынаеш магутна, - выказала думку Роза.

- Для смеласцi, - сказаў я i выпiў ром.

- Можа, сыграеш? - спытала Роза.

Я пахiтаў галавой.

- Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?

Яна заўсмiхалася на ўсе свае залатыя зубы.

- Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыднi добра зарабiла. Старыя казлы адчулi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату