- Занадта хутка, Робi?
- Не. У мяне яны адбываюцца занадта павольна. Я бываю часта занадта марудлiвы, Пат.
Яна ўсмiхнулася.
- Што павольнае, тое ўстойлiвае. А што ўстойлiва, тое добра.
- Я ўстойлiвы, як корак на вадзе, - сказаў я.
Яна адмоўна пакруцiла галавой.
- Ты куды дужэйшы, чым думаеш. Ты ўвогуле зусiм iншы, чым думаеш пра сябе. Я рэдка каго бачыла, хто так памыляўся б наконт сябе, як ты.
Я адпусцiў яе плечы.
- Так, каханы, - сказала яна i кiўнула галавой, - гэта сапраўды так. А цяпер пойдзем вячэраць.
- Куды мы пойдзем? - спытаў я.
- Да Альфонса. Хачу ўбачыць усё тое яшчэ раз. У мяне пачуццё, быццам я адлучалася на цэлую вечнасць.
- Добра! - сказаў я. - Але цi прагаладалася ты як след? Да Альфонса, наеўшыся, не iдуць. За гэта ён выкiдае за дзверы.
Яна засмяялася.
- Я прагаладалася, як воўк.
- Тады наперад! - Я раптам павесялеў.
Наша з'яўленне ў Альфонса мела поспех. Ён павiтаў нас, адразу знiк, а калi з'явiўся, то на iм быў белы каўнерык i гальштук у зялёны гарошак. Нават пры з'яўленннi нямецкага кайзера ён так не прыбiраўся б. Ён i сам крыху засаромеўся за гэтыя незвычайныя прыкметы дэкадансу.
- Ну, Альфонс, чым смачным кормiш? - спытала Пат i абаперлася рукамi на стол.
Альфонс заўсмiхаўся, надзьмуўся i прыжмурыўся.
- Вам пашанцавала! Сёння ёсць ракi!
Ён на крок адступiўся, каб паназiраць, якое зрабiў уражанне. Уражанне было першакласнае.
- Да iх шклянку мозельскага! - прашаптаў ён з асалодай i адступiў яшчэ на адзiн крок. Яму бурна запляскалi i, надзiва, нават ад дзвярэй. Там якраз з'явiлася галава апошняга рамантыка - з вясёлай усмешкай, зблытанымi жаўтлявымi валасамi i абгарэлым носам.
- Готфрыд? - усклiкнуў Альфонс. - Ты? Уласнай персонай? Дружа, якi цудоўны дзень! Дай цябе прытулiць да грудзей!
- Зараз ты пабачыш вiдовiшча, - сказаў я Пат.
Хлопцы кiнулiся ў абдымкi. Альфонс ляпаў Ленца па спiне. Звон быў такi, быццам побач была кузня.
- Ганс! - паклiкаў ён кельнера. - Нясi 'Напалеона'!
Ён пацягнуў Готфрыда да стойкi. Кельнер прынёс вялiкую запыленую бутэльку. Альфонс напоўнiў дзве чаркi.
- Будзь здароў, Готфрыд, парасё ты засмажанае!
- Будзь здароў, Альфонс, стары катаржнiк!
Абодва выпiлi чаркi адным глытком.
- Першакласна! - сказаў Готфрыд. - Каньяк для мадоннаў.
- Сорам глытаць яго так! - пацвердзiў Альфонс.
- Але цi будзеш пiць паволi, калi такая радасць! Давай вып'ем яшчэ па адной!
Ён налiў i падняў чарку.
- Чортаў памiдор няверны!
Ленц засмяяўся.
- Мой добры любiмы Альфонс!
У Альфонса выступiлi слёзы.
- Яшчэ па адной, Готфрыд, - усхвалявана сказаў ён.
- Толькi наперад! - Ленц падставiў яму сваю чарку. - Ад каньяку я адмаўляюся толькi тады, калi ўжо не магу адарваць галавы ад зямлi.
- Здорава сказана! - Альфонс налiў трэцюю чарку.
Крыху задыхаўшыся, Ленц падышоў да столiка. Ён дастаў свой гадзiннiк.
- Без дзесяцi восем прыбылi на 'сiтраэне' ў майстэрню. Што вы на гэта скажаце?
- Рэкорд, - заявiла Пат. - Няхай жыве Юп! Я яму спрэзентую таксама пачак цыгарэт.
- А ты атрымаеш за гэта дадатковую порцыю ракаў! - аб'явiў Альфонс, якi па пятах хадзiў за Готфрыдам. Потым ён падаў нам нешта накшталт сурвэтак.
- Распранiце пiнжакi i павяжыце сабе на шыю. Цi дазволiць дама?
- Лiчу, што гэта нават неабходна, - сказала Пат.
Альфонс радасна закiваў галавой.
- Вы разумная жанчына, я ведаў. Ракаў трэба есцi натхнёна. Без боязi, што пасадзiш пляму. - Ён усмiхнуўся. - Вам я дам, вядома, штосьцi больш элегантнае.
Кельнер Ганс прынёс бялюткi халат. Альфонс разгладзiў яго i дапамог ёй апрануцца.
- Вам да твару, - пахвалiў ён.
- Моцна, моцна! - адказала яна i засмяялася.
- Рады, што вы гэта запомнiлi, - сказаў Альфонс зычлiва. - Цяплее на душы.
- Альфонс, - Готфрыд завязаў на вузел сурвэтку. Ззаду тырчалi два доўгiя канцы. - Пакуль што мы напамiнаем сабой наведнiкаў цырульнi.
- Зараз будзе iнакш. Спачатку - крыху мастацтва.
Альфонс падышоў да патэфона. Грымнуў хор пiлiгрымаў з 'Тангейзера'. Мы слухалi моўчкi.
Як толькi адгучала апошняя нота, з кухнi адчынiлiся дзверы. Кельнер Ганс з'явiўся з мiскай, велiчынёй з дзiцячую ванначку. Ад ракаў, якiмi яна была напоўнена, валiла пара.
Ён, сапучы, паставiў яе на стол.
- Прынясi i мне сурвэтку, - сказаў Альфонс.
- Ты будзеш з намi вячэраць, золатка? - усклiкнуў Ленц. - Якi гонар!
- Калi дама не мае нiчога супроць?
- Наадварот, Альфонс!
Пат адсунула крыху сваё крэсла, i ён сеў каля яе.
- Мне прыемна будзе сядзець каля вас, - сказаў ён усхвалявана. - Я даволi спрытна ўмею разбiраць ракаў. Для дамы гэта занадта марудная справа.
Ён узяў з мiскi рака i з неверагоднай хуткасцю пачаў разбiраць яго ёй. Сваiмi вялiзнымi рукамi ён спраўляўся так шпарка i элегантна, што ёй нiчога больш не заставалася, як толькi есцi тое, што ён так апетытна падаваў ёй з вiдэльца.
- Смачна? - спытаў ён.
- Шыкоўна! - Яна падняла чарку. - За ваша здароўе, Альфонс.
Альфонс урачыста чокнуўся з ёю i паволi выпiў. Я зiрнуў на яе.
Лепш бы яна выпiла чагосьцi безалкагольнага. Яна адчула мой позiрк.
- Салют, Робi, - сказала яна.
Яна была чароўна-прыгожая, уся радасна свяцiлася.
- Салют, Пат, - сказаў я i апаражнiў сваю чарку.
- Як тут цудоўна, праўда? - спытала яна, гледзячы ўсё яшчэ на мяне.
- Выдатна! - Я налiў сабе. - Будзь здарова, Пат.
Яе твар на момант прасвятлеў.
- Будзь здароў, Робi. Будзь здароў, Готфрыд.
Мы выпiлi.
- Добрае вiно, - сказаў Ленц.
- Леташнi 'Граахскi Абтсбэрг', - растлумачыў Альфонс. - Я рады, што ты ведаеш у iм смак.
Ён узяў з мiскi другога рака i працягнуў Пат раскрытую клюшню.
Яна адмовiлася.
- З'ешце яго самi, Альфонс. А то вам нiчога не дастанецца.