- Ну добра. - Яна ўзяла. Альфонс аж свяцiўся ад задавальнення i частаваў яе. Здавалася, быццам старая вялiзная сава кормiць маленькае белае птушаня.
На адыход мы ўсе разам выпiлi яшчэ па 'Напалеону' i пачалi развiтвацца з Альфонсам. Пат была шчаслiвая.
- Цудоўна! - сказала яна. - Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! - Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў i пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзiўлення ледзь вочы не выкацiлiся з вачнiц.
- Прыходзьце, - сказаў Альфонс. - I ты, Готфрыд.
На вулiцы пад лiхтаром стаяў 'сiтраэн', маленькi i пакiнуты.
- О, - вымавiла Пат i спынiлася. Яе твар перасмыкнуўся.
- За яго сiлу я ахрысцiў яго сёння Геркулесам. - Готфрыд падняў верх. Завезцi вас дадому?
- Не, - сказала Пат.
- Я так i думаў. Куды паедзем?
- У бар. Цi паедзем, Робi? - яна павярнулася да мяне.
- Вядома, - сказаў я. - Вядома, мы паедзем яшчэ ў бар.
Мы вельмi павольна паехалi па вулiцах. Было цёпла i светла. Перад кавярняй сядзелi людзi. Iграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявiць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабiлася горача. На хвiлiну я ўявiў, што яна здаровая.
У бары мы сустрэлi Фердынанда i Валянцiна. Фердынанд быў у выдатным настроi. Ён устаў i пайшоў насустрач Пат.
- Дыяна! - сказаў ён. - Вярнулася з лясоў...
Яна ўсмiхалася. Ён абняў яе за плечы.
- Загарэлая, адважная паляўнiчая з сярэбраным лукам... што мы вып'ем?
Готфрыд плячом адцiснуў Фердынанда.
- Узнёслыя людзi не ведаюць меры, - сказаў ён. - Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, вiдаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
- Рамантыкi - толькi свiта, а не суправаджэнне, - заявiў бязлiтасна Граў.
Ленц ухмыльнуўся i звярнуўся да Пат:
- Я вам зараз замяшаю штосьцi надзвычайнае. Кактэйль 'Калiбры'. Бразiльскае пiтво.
Ён пайшоў да стойкi, нечага намяшаў там i прынёс.
- Як падабаецца? - спытаў ён.
- Радкаваты, хоць i бразiльскi, - заявiла Пат.
Готфрыд засмяяўся.
- Затое вельмi моцны. З ромам i расейскай гарэлкай.
З першага позiрку я зразумеў, што там не было нi рому, нi гарэлкi. Там былi змешаны сок, лiмон, мякаць таматаў i, магчыма, нейкая кропля лiкёру. Безалкагольны кактэйль. Але Пат, дзякаваць богу, гэтага не заўважыла.
Яна выпiла тры шклянкi 'Калiбры', i я бачыў, як ёй было прыемна, што з ёю абыходзяцца не як з хвораю. Праз гадзiнку мы ўсе ўсталi, толькi Валянцiн застаўся сядзець. Пра гэта паклапацiўся Ленц. Ён пагрузiў Фердынанда ў 'сiтраэн' i газануў. Таму не склалася ўражання, быццам мы з Пат пайшлi раней. Усё было вельмi душэўна, але ў мяне на нейкi момант на сэрцы зрабiлася тужлiва.
Пат узяла мяне пад руку. Яна iшла побач са мной прыгожай гнуткай хадой, я адчуваў цеплыню яе рукi, бачыў, як водсветы лiхтароў краналi яе ажыўлены твар - не, я не мог зразумець, што яна хворая, гэта можна было разумець толькi ўдзень, а не ўвечары, калi жыццё было напоўнена пяшчотай, цеплынёй i надзеяй.
- Не зойдзем на хвiлiнку да мяне? - спытаў я.
Яна кiўнула галавой.
У калiдоры нашага пансiёна было светла.
- Каб на iх лiха, - сказаў я. - Што тут здарылася? Пачакай хвiлiнку.
Я адчынiў дзверы i азiрнуўся. Калiдор быў асветлены i пусты, як вузкая вулiца ў прыгарадзе. Дзверы ў пакой фраў Бэндэр былi шырока адчынены. Там таксама гарэла святло. Хасэ, падобны да маленькай чорнай мурашкi, тэпаў унiз па лесвiцы, згорбiўшыся пад цяжарам таршэра з ружовым шаўковым абажурам. Ён перасяляўся.
- Добры вечар, - сказаў я. - У такi познi час?
Ён узняў свой бледны твар з мяккiмi цёмнымi вусамi.
- Я толькi гадзiну назад прыйшоў з бюро. У мяне ж толькi вечарам ёсць час для пераезду.
- А што, жонкi няма дома?
Ён пахiтаў галавой.
- Яна ў сяброўкi. Дзякаваць богу, у яе з'явiлася цяпер сяброўка, з якой яны бавяць час.
Ён усмiхнуўся без злосцi, задаволена i патэпаў. Увайшла Пат.
- Здаецца, лепш не ўключаць святла, - спытаў я ў маiм пакоi.
- Уключым, каханы. На хвiлiнку, потым можаш зноў выключыць.
- Ты ненасытны чалавек, - сказаў я i на iмгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.
Вокны былi адчынены, i ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нiбы з лесу.
- Выдатна, - сказала Пат i ўмасцiлася на падаконнiку.
- Ты сапраўды лiчыш, што тут выдатна?
- Праўда, Робi. Як у вялiкiм летнiм парку. Цудоўна!
- Ты не бачыла пакоя побач, калi iшла сюды? - спытаў я.
- Не, а чаму?
- Гэты шыкоўны вялiкi балкон злева звязаны з гэтым пакоем. Ён цалкам закрыты, а насупраць няма дамоў. Калi б ты жыла тут, табе для сонечных ваннаў не трэба было б нават купальнiка.
- Так, калi б я жыла тут...
- А чаму не, - сказаў я проста. - Ты ж бачыш, праз некалькi дзён пакой будзе пусты.
Яна зiрнула на мяне i ўсмiхнулася.
- Ты думаеш, што так было б правiльней для нас? Быць працяглы час разам?
- Мы не былi б працяглы час разам, - адказаў я. - Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта - i ўвечары. Але калi б мы ўжо былi разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешлiва разлучацца, быццам бы ходзiм толькi ў госцi адно да аднаго.
Яна крыху паварушылася ў сваiм кутку.
- З тваiх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.
- Так i ёсць, - адказаў я. - Цэлы вечар разважаў.
Яна выпрасталася.
- Ты сур'ёзна так думаеш, Робi?
- Вядома, чорт вазьмi, - сказаў я. - Няўжо ты яшчэ не бачыш?
Яна хвiлiнку памаўчала.
- Робi, - сказала яна потым, i яе голас зрабiўся больш нiзкi. - Як ты можаш думаць пра гэта зараз?
- Я думаю пра гэта, - адказаў я больш гарачлiва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой, - я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнiя тыднi, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзiнку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкi кахання, гэта не для мяне, мне нiколi не хопiць цябе, i я не хачу нi на адну хвiлiну адмаўляцца ад цябе.
Я чуў яе дыханне. Яна сядзела на падаконнiку, абшчапiўшы рукамi каленi, i маўчала. Цiха трымцеў чырвоны водсвет светлавых рэклам па-над дрэвамi i адкiдваў матавае адлюстраванне на яе светлыя туфлi. Потым святло пераходзiла на спаднiцу i рукi.
- Можаш спакойна пакпiць з мяне, - сказаў я.
- Пакпiць? - перапытала яна.
- Вядома, бо я ўвесь час гавару: хачу. Ты ж, урэшце, павiнна таксама хацець.
Яна ўскiнула позiрк.
- Ты ведаеш, што ты змянiўся, Робi?