- Трэба зацягнуць фiранкi, - запярэчыла яна.
- Добра, зрабiце што трэба, а потым выйдзiце.
Яна зацягнула на акне жоўтыя фiранкi. Але ўсё роўна не выходзiла. Яна пачала паволi замацоўваць занавескi шпiлькамi.
- Паслухайце, - сказаў я. - Тут не спектакль. Знiкнiце хутчэй.
Яна флегматычна павярнулася.
- Спачатку кажуць мне прышпiлiць, а потым - не трэба...
- Ты ёй сказала? - спытаў я ў Пат.
Яна кiўнула.
- Табе перашкаджае святло знадворку? - спытаў я.
Яна пахiтала галавой.
- Лепш, каб ты мяне сёння выразна не бачыў...
- Пат! - сказаў я, спужаўшыся. - Табе ж нельга размаўляць! Але калi толькi гэта прычына...
Я адчынiў дзверы, i пакаёўка нарэшце знiкла. Я вярнуўся. Я ўжо не быў разгублены. Я нават быў рады, што сутыкнуўся з пакаёўкай. Яна дапамагла мне справiцца ў першы момант. Усё-такi як жудасна было бачыць Пат у такiм становiшчы.
Я прысеў каля ложка.
- Пат, - сказаў я, - ты скора паправiшся...
Яна сказала аднымi вуснамi:
- Заўтра...
- Заўтра яшчэ не, але праз некалькi дзён... Тады ты ўстанеш, i мы паедзем дадому. Нам нельга было ехаць сюды, паветра занадта вiльготнае для цябе...
- Не, -прашаптала яна, -я ж не хворая, Робi. Гэта толькi няшчасны выпадак.
Я глянуў на яе. Няўжо яна сапраўды не ведае, што хворая? Цi яна не хоча ведаць? Яе позiрк блукаў.
- Не бойся, - прашаптала яна. Я не адразу зразумеў, што яна мела на ўвазе i чаму было так важна, каб менавiта я не баяўся. Я толькi бачыў, што яна хвалявалася, у яе вачах быў незвычайна пакутлiвы, пранiзлiвы выраз. I раптам у мяне з'явiлася думка. Я зразумеў, пра што яна думала. Ёй здалося, што я баюся яе, бо яна хворая.
- Божа мой, Пат, - сказаў я. - Магчыма, па гэтай прычыне ты мне нiколi не гаварыла нiчога дакладнага?
Яна не адказала, але я ўбачыў, што так i было.
- Чорт вазьмi! - сказаў я. - Кiм жа ты мяне лiчыш?
Я нахiлiўся над ёй.
- Паляжы хвiлiнку моўчкi, не варушыся.
Я пацалаваў яе. Вусны былi сухiя i гарачыя. Калi я выпрастаўся, я ўбачыў, што яна плача. Яна плакала бязгучна, з шырока адкрытымi вачыма. Яе твар быў нерухомы. Толькi слёзы кацiлiся з вачэй.
- Пабойся бога, Пат...
- Я такая шчаслiвая, - сказала яна.
Я стаяў побач i глядзеў на яе. Было сказана адзiнае слова, але гэта было слова, якое для мяне так нiколi не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былi беглыя сустрэчы, прыгоды, часам - вясёлая гадзiна цi самотны вечар, уцёкi ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я i не жадаў нiчога iншага, бо я быў навучаны, што нi на што iншае нельга разлiчваць, як толькi на самога сябе i сама болей - на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што i я магу нешта значыць для чалавека, проста сваiм iснаваннем, i што ён шчаслiвы ад таго, што я побач з iм. Калi так проста вымавiць, то гучыць зусiм звычайна, але калi задумацца робiцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбiць чалавека i змянiць яго. Гэта - каханне, i ўсё ж - нешта iншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека - можа.
Я хацеў нешта сказаць, але не змог. Цяжка знайсцi словы, калi сапраўды ёсць патрэба штосьцi сказаць. I нават знайшоўшы адпаведныя словы, саромеешся вымавiць iх. Усе гэтыя словы - з мiнулых стагоддзяў. Наш час яшчэ не мае слоў для сваiх пачуццяў. Ён можа быць толькi нахабным, усё астатняе - несапраўднае.
- Пат, - сказаў я, - мой добры адважны сябра...
У гэты момант увайшоў Жафэ. Ён адразу ж зразумеў сiтуацыю.
- Казачны вынiк, - прабурчэў ён. - Я так i думаў...
Я хацеў яму нешта запярэчыць, але ён проста выштурхнуў мяне.
XVII
Гэта было праз два тыднi. Пат паправiлася настолькi, што мы маглi паехаць адтуль. Мы ўпакавалi рэчы i чакалi Готфрыда Ленца. Ён павiнен быў забраць машыну. Мы з Пат вырашылi ехаць на цягнiку.
Быў цёплы хмурны дзень. Воблакi, нiбы вата, стаялi нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералiвалася над дзюнамi, алавянае мора разлеглася ў светла-iскрыстай смузе.
Готфрыд з'явiўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замiльгала над агароджамi. Толькi калi ён звярнуў на дарогу да вiлы фраў Мюлер, я ўгледзеў, што ён быў не адзiн... побач з iм крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мiнiяцюры: вялiзная кепка ў клетку, казырком назад, вялiзныя засцерагальныя акуляры, белы камбiнезон i два вялiзныя вухi, чырвоныя, як бурак.
- Божа, гэта ж Юп! - здзiўлена сказаў я.
- Уласнай персонай, пан Локамп, - з усмешкай пацвердзiў Юп.
- А касцюм! Што здарылася?
- Ты ж бачыш, - з задавальненнем заўважыў Ленц, пацiскаючы мне руку. - Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з iм. Ён мяне ўпрасiў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабiць першую самастойную дальнюю паездку.
- Усё будзе ў парадку, пан Локамп! - радасна пацвердзiў Юп.
- I яшчэ як! - Готфрыд усмiхаўся. - У жыццi не бачыў такога апантанага гоншчыка. У першы ж дзень вучэбнай паездкi ён спрабаваў на нашым старым добрым таксi перагнаць 'мерседэс'. Закляты малы чорт!
Юп ад шчасця аж упацеў i, нiбы молячыся, глядзеў на Ленца.
- Здалося, што я ўтру нос фарсуну, пан Ленц! Хацеў абысцi на павароце, як пан Кёстэр.
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца.
- Ты нядрэнна пачынаеш, Юп.
Готфрыд з бацькоўскiм гонарам пазiраў на свайго вучня.
- А цяпер хапай чамаданы i вязi iх на вакзал.
- Адзiн? - Юп як не ўзарваўся ад хвалявання. - Можна праехаць да вакзала зусiм аднаму, пан Ленц?
Готфрыд кiўнуў, даючы згоду, i Юп рынуўся ў дом.
Мы здалi чамаданы. Потым забралi Пат i паехалi на вакзал. Мы прыехалi на чвэрць гадзiнкi раней, перон быў пусты.
Стаяла толькi некалькi малочных бiтонаў.
- Едзьце, - сказаў я, - а то позна даберацеся дадому.
Юп, якi сядзеў за рулём, з крыўдай глянуў на мяне.
- Такiя словы табе не падабаюцца, праўда, Юп? - спытаў яго Ленц.
Юп выпрастаўся.
- Пан Локамп, - сказаў ён з папрокам, - я ўсё разлiчыў. У восем гадзiн мы спакойна будзем у майстэрнi.
- Правiльна! - Ленц паляпаў яго па плячы. - Пайдзi з iм у заклад, Юп. На бутэльку сельтэрскай.
- На сельтэрскую - не, - адказаў Юп. - Але пачкам цыгарэт я рызыкну.
Ён з выклiкам глянуў на мяне.
- Ты ведаеш, што дарога ў даволi дрэнным стане? - спытаў я.
- Усё разлiчана, пан Локамп!
- Ты пра павароты падумаў?
- Павароты для мяне - нуль. У мяне няма нерваў!
- Добра, Юп, - сказаў я сур'ёзна. - Тады iду на заклад. Але пан Ленц машыну не вядзе.