- Iдзi, Ота. Я хачу яшчэ раз... хоць здалёку...

- Добра. Пайшлi разам.

- Я хачу табе штосьцi сказаць, Ота. Я вельмi люблю спаць на волi, калi так цёпла. Не турбуйся. У апошнi час я часта рабiў так.

- Сыра ж...

- Нiчога. Я падыму верх 'Карла' i пасяджу.

- Добра. I я пасплю з ахвотай на волi.

Я зразумеў, што мне ад яго не адбаярыцца. Мы склалi разам коўдры i падушкi i вярнулiся да 'Карла'. Мы адпусцiлi рамянi i адкiнулi пярэднiя сядзеннi. Так можна было легчы.

- Лепш, чым было на фронце, - сказаў Кёстэр.

Светлая пляма акна свяцiлася праз туман. Некалькi разоў я ўбачыў цень Жафэ. Мы выпалiлi цэлы пачак цыгарэт. Потым святло пагасла, гарэла толькi маленькая настольная лямпа.

- Дзякаваць богу, - сказаў я.

На брызент капаў дождж. Дзьмуў слабы вецер. Пахаладала.

- Вазьмi маю коўдру, Ота, - сказаў я.

- Не трэба, мне цёпла.

- Выдатны хлопец гэты Жафэ, праўда?

- Выдатны. Мне здаецца, вельмi шчыры.

- Несумненна.

Я прачнуўся з неспакойнага паўсну. На дварэ было шэра i холадна. Кёстэр ужо не спаў.

- Ты не спаў, Ота?

- Спаў.

Я выбраўся з машыны i па садовай сцяжынцы цiха падышоў да акна. Настольная лямпа ўсё яшчэ гарэла. Я ўбачыў на ложку Пат з заплюшчанымi вачыма. На момант я спужаўся, што яна памерла. Але потым я ўбачыў, як паварушылася яе правая рука. Яна была вельмi бледная. Але кроў больш не iшла. Яна зноў паварушыла рукой. У той самы момант Жафэ, якi спаў на другiм ложку, расплюшчыў вочы. Я хутка адышоў, супакоены. Ён сачыў за ёю.

- Мне здаецца, нам трэба знiкнуць адсюль, - сказаў я Кёстэру, - каб ён не бачыў, што мы сочым за iм.

- Там усё ў парадку? - спытаў Ота.

- Так, наколькi можна бачыць. У яго правiльны сон, у гэтага прафесара. З гарматы страляй - не разбудзiш, але адразу прачнецца ад мышкi, калi яна зашкрабецца каля яго рэчмяшка.

- Можам пайсцi пакупацца, - сказаў Кёстэр. - Тут цудоўнае паветра. - Ён пацягнуўся.

- Iдзi адзiн, - сказаў я.

- Пайшлi разам, - настойваў ён.

Шэрае неба праяснiлася. На iм засвяцiлiся аранжавыя прасветы. На гарызонце паднялася хмарная заслона, а з-за яе з'явiлася яркая зелянiна.

Мы скокнулi ў ваду i паплылi. Вада пералiвалася шэрым i чырвоным колерамi.

Потым мы вярнулiся. Фройляйн Мюлер ужо ўстала. Яна рэзала ў садзе пятрушку. Яна ўздрыгнула ад маiх слоў. Я засаромлена паспрабаваў ёй растлумачыць, чаму я ўчора, магчыма, зашмат лаяўся. Яна пачала плакаць.

- Бедная жанчына. Яна такая прыгожая i такая яшчэ маладая...

- Яна дажыве да ста гадоў, - сказаў я, раззлаваўшыся за тое, што яна плакала, быццам Пат наканавана памерцi. Пат не памрэ. Свежы вецер, ранак, жыццё ўва мне, абноўленае морам, сцвярджалi: Пат не можа памерцi. Яна можа памерцi толькi тады, калi я страчу мужнасць. Побач стаяў Кёстэр, мой таварыш; побач стаяў я, таварыш Пат... спачатку мы павiнны памерцi. Пакуль мы жывыя, мы яе ўтрымаем. Так было заўсёды. Пакуль жывы Кёстэр, не памру я. I пакуль мы жывыя абодва, не памрэ Пат.

- Трэба быць пакорлiвым перад лёсам, - сказала старая дзева i павярнула да мяне з ледзь прыкметным папрокам загарэлы, зморшчаны, як печаны яблык, твар. Магчыма, яна мела на ўвазе маю лаянку.

- Пакорлiвым? - сказаў я. - Навошта - пакорлiвым? Нiякага толку ад гэтага. У жыццi трэба за ўсё плацiць, удвая i ўтрая. Навошта ж тады пакорлiвасць?

- Не, не... так лепш.

'Пакорлiвасць... - падумаў я. - Што яна зменiць? Бiцца, бiцца - вось што патрэбна ў гэтай неразбярысе, дзе ўрэшце ўсё роўна будзеш бiты. Бiцца за тую кропельку, што любiш. Пакорлiвым можна стаць, калi табе стукне семдзесят'.

Кёстэр перакiнуўся з ёй некалькiмi словамi. Яна хутка зноў заўсмiхалася i спытала яго, што прыгатаваць на полудзень.

- Бачыш, - сказаў Ота, - вось дар узросту. Слёзы i ўсмешка - усё мяняецца iмгненна. Не чапаючы адно аднаго. Так, пэўна, будзе i з намi, - прамовiў ён задумлiва.

Мы хадзiлi вакол дома.

- Кожная хвiлiна сну ёй на карысць, - сказаў я.

Мы зноў пайшлi ў сад. Фройляйн Мюлер прыгатавала сняданак. Мы пiлi гарачую чорную каву. Сонца ўзышло. Адразу зрабiлася цёпла. Лiсце на дрэвах iскрылася ад святла i вiльгацi. З мора даносiлiся крыкi чаек. Фройляйн Мюлер паставiла на стол букет руж.

- Мы ўручым iх ёй потым, - сказала яна.

Ружы пахлi мураванай сцяной i дзяцiнствам.

- Ты ведаеш, Ота, - сказаў я, - у мяне такоё адчуванне, быццам я сам хворы. Цяпер ужо не будзеш такi. Як быў. Мне трэба было б быць спакайнейшым. Больш разважлiвым. Чым спакайней сябе паводзiш, тым больш можаш дапамагчы.

- Не заўсёды атрымлiваецца, Робi. I ў мяне бывалi часiны. Чым больш жывеш, тым больш раздражняльным робiшся. Як той банкiр, якi ўсё больш трацiць.

Адчынiлiся дзверы. Выйшаў Жафэ ў пiжаме.

- Добра, добра, - махнуў ён рукой, убачыўшы, што я амаль перавярнуў стол з кавай, - наколькi гэта магчыма.

- Можна мне ўвайсцi?

- Пакуль што - нельга. Пакуль што там дзяўчына. Памыць i ўсё астатняе.

Я налiў яму кавы. ён замiргаў на сонцы i звярнуўся да Кёстэра:

- Шчыра кажучы, я вам павiнны падзякаваць. Хоць на адзiн дзень выбраўся на волю.

- Вы маглi б рабiць так i часцей, - сказаў Кёстэр. - Вечарам выехаць, а наступным вечарам вярнуцца.

- Мог бы, мог бы... - адказаў Жафэ. - Цi заўважылi вы, што мы жывём у час самакатавання? Што многае, што можна было б зрабiць, не робiцца няведама чаму? Праца сёння стала такой жудаснай справай, што яна забiвае ўсё астатняе - i таму ў многiх яе няма. Як цудоўна тут! Я не бачыў такога ўжо некалькi гадоў. У мяне дзве машыны, дзесяцiпакаёвая кватэра i дастаткова грошай - што мне з таго! Што гэта ўсё ў параўнаннi з гэтым летнiм ранкам на прыродзе! Праца змрочная апантанасць з вечнай iлюзiяй, што потым будзе iнакш. Нiколi не будзе iнакш. Смешна, у што ператвараюць сваё жыццё.

- Я думаю, што лекар - адзiн з нямногiх, хто ведае мэту жыцця, - сказаў я. - Што тады гаварыць бухгалтару?

- Даражэнькi, - адказаў Жафэ, - было б памылкай меркаваць, што ва ўсiх аднолькавая здольнасць успрымаць.

- Правiльна, - сказаў Кёстэр. - Але ж людзi выбiралi прафесiю незалежна ад здольнасцi ўспрымаць.

- Вядома, - адказаў Жафэ. - Складаная справа. - Ён кiўнуў мне. - Цяпер можна... але спакойна, не датыкацца, не ўцягваць у размову...

Яна ляжала ў падушках, знясiленая, як пабiтая. Яе твар быў бясколерны, вялiкiя сiняватыя ценi леглi пад вачыма, вусны пабялелi. Толькi вочы былi вялiкiя i блiскучыя. Занадта вялiкiя, занадта блiскучыя.

Я ўзяў яе далоню. Яна была халодная i вялая.

- Пат, мой добры сябра, - сказаў я сарамлiва i хацеў прысесцi, але раптам заўважыў каля акна рыхлы твар пакаёўкi, якая з цiкаўнасцю ўтаропiлася на мяне.

- Выйдзiце адсюль, - сказаў я злосна.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату