штосьцi прамармытаў. Потым ён даў поўны газ... насуплены, халодны i зноў упэўнены ў сабе.

У пакоi панавала лiпкая цеплыня, гнятучая, як свiнец.

- Не перастае? - спытаўся я.

- Не, - адказаў лекар.

Пат зiрнула на мяне. Я паспрабаваў усмiхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.

- Яшчэ паўгадзiны, - сказаў я.

Лекар ускiнуў позiрк на мяне.

- Яшчэ паўтары гадзiны, калi не дзве. Iдзе дождж.

Кроплi з цiхiм шоргатам падалi на лiсце i кусты ў садзе. Аслеплымi вачыма я ўзiраўся ў цемру. Колькi часу прайшло, як мы ўставалi ўначы i масцiлiся памiж ляўкоямi i рэзедой i Пат напявала дзiцячыя песенькi? Цi даўно тое было, калi дарога блiшчала ў белым сонечным святле i Пат бегла памiж кустоў, падобная да гнуткага звярка?

Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.

- Заткнiся, - прабурчаў я. На ўспамiн прыйшлi расказы пра птушак вестуноў смерцi.

- Глупства! - сказаў я гучна, i ўсё роўна па спiне пабеглi мурашкi. Недзе гудзеў хрушч... але не наблiжаўся... не наблiжаўся. Ён гудзеў аднастайна цiха; а вось перастаў... цяпер зноў пачуўся... гэта быў не жук, гэта быў далёкi гул матора, якi на высокай хуткасцi браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў... зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзiць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбiраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, якi быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлiвасць... Я ўскочыў у пакой i, трымаючыся за дзверы, сказаў:

- Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую.

Лекар увесь вечар лiчыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў i таксама прыслухаўся.

- Гэта, пэўна, iншая машына, - сказаў ён нарэшце.

- Не, я пазнаю матор.

Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лiчыў сябе спецыялiстам па аўтамашынах. З Пат ён абыходзiўся цярплiва i асцярожна, як мацi з дзiцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры i пярэчыў.

- Немагчыма, - коратка сказаў ён i вярнуўся ў пакой.

Я застаўся ў двары. Мяне калацiла ад хвалявання.

- 'Карл'! 'Карл'! - выгукнуў я.

Цяпер матор то прыцiхаў, то ўзвываў; машына, вiдаць, была ўжо ў вёсцы i на шалёнай хуткасцi iмчала мiж дамоў. Вось i выццё аслабла, машына была за лесам... i вось гул зноў набраў сiлы, iмклiвы, нястрымны, светлы прамень прабiваў туман, фары, грымоты, гуд... Разгублены лекар стаяў каля мяне, раптам нас асляпiла блiзкае святло... i рыпнулi тармазы, i машына спынiлася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазiў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагi, пайшоў да лекара. За iм выйшаў Кёстэр.

- Як яна? - сказаў ён.

- Кроў iдзе.

- Здараецца, - сказаў ён. - Пакуль што няма чаго баяцца.

Я моўчкi глянуў на яго.

- Ёсць запалiць? - спытаў ён.

Я даў яму цыгарэту.

- Добра, што ты прыехаў, Ота.

Ён рабiў глыбокiя зацяжкi.

- Падумаў, што так будзе лепей.

- Ты вельмi хутка ехаў.

- Нармальна. Быў крыху туман.

Мы прыселi побач на лаўку. Чакалi.

- Ты думаеш, што яна паправiцца? - спытаў я.

- Вядома. Кравацеча... гэта нiчога.

- Яна мне нiколi пра гэта не гаварыла.

Кёстэр кiўнуў галавой.

- Яна павiнна паправiцца, Ота, - сказаў я.

Ён не глядзеў на мяне.

- Дай мне яшчэ адну цыгарэту, - сказаў ён. - Я забыўся ўзяць свае.

- Яна павiнна паправiцца, - сказаў я, - iнакш усё астатняе - дрэнь.

Выйшаў прафесар. Я ўстаў.

- Будзь я пракляты, калi яшчэ раз паеду з вамi, - сказаў ён Кёстэру.

- Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Гэта жонка майго сябра.

- Вось як, - сказаў Жафэ i зiрнуў на мяне.

- Яна паправiцца? - спытаў я.

Ён уважлiва разглядваў мяне. Я пазiраў убок.

- Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамi так доўга, калi б думаў, што яна не паправiцца? - сказаў ён.

Я сцiснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў.

- Прабачце, - сказаў я, - занадта хутка ўсё адбылося.

- Такiя справы не адбываюцца занадта хутка, - сказаў Жафэ i ўсмiхнуўся.

- Не злуйся, Ота, - сказаў я, - што я заплакаў.

Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй.

- Iдзi туды. Калi прафесар дазволiць.

- Больш не буду, - сказаў я. - Можна пайсцi?

- Можна, толькi не размаўляйце, - адказаў Жафэ, - i толькi на хвiлiнку. Ёй нельга хвалявацца.

Я нiчога не бачыў, акрамя водблiску святла на вадзе. Я памiргаў. Святло паплыло, замiгцела. Я не адважваўся выцерцi вочы, каб Пат не падумала, быццам я плачу таму, што з ёй так кепска. Я паспрабаваў увайсцi ў пакой з усмешкай. Потым я зноў хуценька адвярнуўся.

- Вы патрэбны былi тут? - спытаў Кёстэр.

- Так, - сказаў Жафэ, - правiльна, што прыехаў.

- Заўтра ранiцай я магу адвезцi вас назад.

- Лепш не трэба, - сказаў Жафэ.

- Я паеду спакойна.

- Я хачу застацца яшчэ на дзень i паназiраць. Ваш ложак свабодны? - спытаў ён мяне.

Я кiўнуў галавой.

- Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсцi сабе месца ў вёсцы?

- Магу. Знайсцi вам зубную шчотку i пiжаму?

- Не трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькi, можа, не да гонак.

- Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Разумею, што вы раззлавалiся.

- Зусiм не, - сказаў Жафэ.

- Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды.

Жафэ засмяяўся.

- Вы дрэнна думаеце пра лекараў. Цяпер iдзiце спакойна. Я застануся тут.

Я хутка прыхапiў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накiравалiся ў вёску.

- Ты замарыўся? - спытаў я.

- Не, - сказаў ён. - Пасядзiм яшчэ дзе-небудзь.

Праз гадзiну я занепакоiўся.

- Калi ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота, - сказаў я. - Iнакш навошта б яму...

- Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасцi, - адказаў Кёстэр. - Ён вельмi любiць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў i яе мацi...

- I ў яе быў...

- Я не ведаю, - хутка адказаў Кёстэр. - Магчыма, было нешта iншае. Пойдзем спаць?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату