- Не.

- Ведаеш. Ты ж i сам кажаш. Ты хочаш. Ты ўжо так шмат не пытаешся. Ты проста хочаш.

- Гэта не такая ўжо вялiкая змена. Ты ж усё роўна можаш сказаць 'не', як бы я нi хацеў.

Яна раптам нахiлiлася да мяне.

- Навошта я буду казаць 'не', Робi, - сказала яна вельмi цёпла i пяшчотна, - я ж таксама хачу...

Здзiўлены, я абняў яе за плечы. Яе валасы казыталi мне твар.

- Гэта праўда, Пат?

- Праўда, любы.

- Дальбог, - сказаў я, - мне гэта ўяўлялася куды цяжэй.

Яна пахiтала галавой.

- Усё ў тваiх руках, Робi...

- Я i сам ледзь не паверыў у гэта, - сказаў я здзiўлена.

Яна абняла маю галаву.

- Бывае вельмi лёгка, калi не трэба нi пра што думаць. Не рабiць усё самой. Калi можаш абаперцiся. Ах, мiлы, гэта ўсё вельмi лёгка, толькi не трэба самiм абцяжарваць сваё жыццё.

На iмгненне я сцiснуў зубы. Чуць гэта менавiта ад яе!

- Правiльна, - сказаў я, - правiльна, Пат.

Нiчога не было правiльна.

Мы яшчэ хвiлiнку пастаялi каля акна.

- Твае рэчы мы забяром, - сказаў я. - Каб у цябе тут усё было. Мы нават набудзем чайны столiк. Фрыда навучыцца абыходзiцца з iм.

- У нас жа ёсць такi столiк, любы. Ён мой.

- Тым лепш. Тады я заўтра займуся Фрыдай.

Яна прыхiлiлася галавой да майго пляча. Я адчуў, што яна абяссiлела.

- Праводзiць цябе цяпер дадому? - спытаў я.

- Зараз. Я толькi на хвiлiнку прылягу.

Яна цiха ляжала, не размаўляючы, быццам спала. Але вочы ў яе былi расплюшчаныя, i час ад часу ў iх трапляў водсвет рэкламаў, якiя, быццам паўночнае ззянне, бясшумна бегалi па сценах i столi. На дварэ ўсталявалася цiшыня. З суседняга пакоя час ад часу далятаў шоргат - гэта Хасэ гнуўся пад цяжарам рэшты сваiх надзей, свайго шлюбу, а магчыма, i ўсяго жыцця.

- Застанься ўжо тут, - сказаў я.

Яна выпрасталася.

- Сёння - не, любы...

- Мне вельмi хочацца, каб ты засталася...

- Заўтра...

Яна ўстала i цiха пайшла праз цёмны пакой. Я прыпомнiў той дзень, калi яна ўпершыню засталася ў мяне i гэтаксама цiха пайшла праз пакой у шэрым паўзмроку свiтання, каб апрануцца. Я не ведаў, што гэта, але ва ўсiм гэтым было штосьцi хвалююча натуральнае, што пераварочвае душу, нейкi знак з далёкiх мiнулых часоў, маўклiвае выкананне запавету, нiкому не вядомага.

Яна вярнулася да мяне са змроку i далонямi дакранулася да майго твару.

- У цябе было цудоўна, каханы. Вельмi. Добра, што ты ёсць.

Я нiчога не адказаў. Я не мог нiчога адказаць.

Я праводзiў яе дадому i пайшоў зноў у бар. Там быў Кёстэр.

- Сядай, - сказаў ён. - Як справы?

- Не вельмi, Ота.

- Ты хочаш выпiць?

- Калi я пачну, то буду пiць шмат. Не хачу. Няхай будзе так. Але я мог бы зрабiць нешта iншае. Готфрыд працуе на таксi?

- Не.

- Добра. Тады я паезджу некалькi гадзiн.

- Я пайду з табой.

Я вывеў машыну i развiтаўся з Ота. Потым я пад'ехаў да стаянкi. Перада мной стаялi дзве машыны. Потым пад'ехалi яшчэ Густаў i Томi, акцёр. Потым першыя машыны паехалi, а неўзабаве i да мяне падышоў пасажыр. Гэта была маладая дзяўчына, якой трэба было ў 'Вiнету', папулярны рэстаран з танцамi, тэлефонамi, пнеўматычнай почтай i iншымi падобнымi рэчамi, разлiчанымi на правiнцыялаў. Рэстаран размяшчаўся крыху наводшыбе ад iншых, на цёмнай вулiцы.

Мы спынiлiся. Дзяўчына пакорпалася ў сумачцы i падала мне пяцьдзесят марак. Я пацiснуў плячыма.

- На жаль, не магу размяняць.

Падышоў швейцар.

- Колькi з мяне? - спытала дзяўчына.

- Марка семдзесят.

Яна звярнулася да швейцара:

- Можа, заплацiце за мяне. Я разлiчуся з вамi каля касы.

Швейцар адчынiў дзверы, i яны пайшлi да касы. Потым ён вярнуўся.

- Вось...

Я пералiчыў.

- Тут марка пяцьдзесят.

- Не нясi лухты... цi ты яшчэ зялёны? Дваццаць пфенiгаў швейцару за тое, што вярнуўся. Валi адсюль!

Былi рэстараны, дзе таксiсты давалi швейцару 'гасцiнца'. Але яму давалi тады, калi ён прыводзiў пасажыра, а не за прывезенага наведнiка.

- Не такi я зялёны ў гэтых справах, - сказаў я. - Я атрымаю свае марку семдзесят.

- Ты можаш атрымаць у нюхаўку, - прабурчаў ён. - Давай, хлопец, зматвайся адсюль... Я тут больш ведаю, чым ты...

Справа была не ў дваццацi пфенiгах. У мяне не было жадання заставацца дурнем.

- Не залiвай мне, а аддавай рэшту, - сказаў я.

Швейцар ударыў так хутка, што я не паспеў засланiцца. За рулём i ўхiлiцца не было куды. Я ўдарыўся галавой аб руль. Разгублены, я выпрастаўся. Галава гудзела, як барабан, з носа пайшла кроў. Швейцар стаяў нада мной.

- Хочаш яшчэ раз, тапелец?

Iмгненна я ацанiў свае магчымасцi. Нiчога не зробiш. Хлопец дужэйшы за мяне. Яго палажыць можна было б толькi знянацку. Седзячы, я не мог ударыць, не было развароту. А перш чым я вылезу з машыны, ён мяне ўложыць тройчы. Я зiрнуў на яго. Ён дыхаў мне ў твар пiвам.

- Яшчэ адзiн раз, i твая жонка - удава.

Я глядзеў на яго. Я не варушыўся. Я ўтаропiўся ў гэты шырокi, здаровы твар. Я паядаў яго вачыма. Я бачыў, куды трэба ўдарыць, я ад злосцi ўвесь сцяўся ў халодны камяк. Але я не варушыўся. Я бачыў звышблiзка, звышвыразна, як праз павелiчальнае шкло - кожны валасок на барадзе, чырвоную, тоўстую, порыстую скуру...

Блiснула каска палiцэйскага.

- Што тут здарылася?

Швейцар паслужлiва выскалiўся.

- Нiчога, пан палiцэйскi.

Той глянуў на мяне.

- Нiчога, - адказаў я.

Ён паглядзеў на швейцара, потым на мяне.

- У вас жа кроў.

- Стукнуўся.

Швейцар на крок адступiў. У яго вачах свяцiлася ўхмылка. Ён думаў, што я баюся скардзiцца на яго.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату