- Праязджайце, - сказаў палiцэйскi.
Я нацiснуў на газ i паехаў на стаянку.
- Ну i вiдок у цябе, - сказаў Густаў.
- Толькi нос, - адказаў я i расказаў, як было.
- Зойдзем са мной у забягалаўку, - сказаў Густаў. - Недарма я быў санiтарным яфрэйтарам. Якое свiнства - бiць, калi ты сядзiш.
Ён завёў мяне ў кухню забягалаўкi, папрасiў лёду i з паўгадзiны апрацоўваў мяне.
- Нават сiняка не будзе, - заявiў ён. Нарэшце ён закончыў.
- Ну, як галава? Нармальна? Тады не будзем трацiць часу.
Прыйшоў Томi.
- Высокi швейцар з 'Вiнеты'? Вядома, што ён любiць даць волю кулакам. На жаль, сам не паспрабаваў лупцоўкi.
- Зараз паспрабуе, - сказаў Густаў.
- Паспрабуе, але ад мяне, - удакладнiў я.
Густаў паглядзеў на мяне, асуджаючы.
- Пакуль ты вылезеш з машыны...
- Я ўжо прыдумаў прыём. Калi мне не ўдасца, тады ўмяшаешся ты.
- Выдатна.
Я надзеў шапку Густава, мы селi ў яго машыну, каб швейцар не ўнюхаў, у чым справа. Ён i так не шмат убачыць - вулiца была цёмная.
Мы пад'ехалi. На вулiцы не было нi душы. Густаў з паперкай у дваццаць пяць марак у руцэ выскачыў з машыны.
- Лiха матары, няма дробных. Швейцар, вы можаце размяняць? Марка семдзесят з мяне? Заплацiце, калi ласка.
Ён зрабiў выгляд, што iдзе ў касу. Швейцар, кашляючы, падышоў да мяне i сунуў мне марку пяцьдзесят. Я трымаў працягнутую руку.
- Валi, - прабурчаў ён.
- Рэшту сюды, сабака, - закрычаў я.
На секунду ён як акамянеў.
- Слухай, - сказаў ён потым цiха i аблiзаў вусны, - ты потым месяц будзеш шкадаваць...
Ён размахнуўся. Удар адбiў бы мне памяць. Але я падрыхтаваўся. Я адвярнуўся, прыгнуўшыся, i кулак з усяго маху гакнуў па вострым сталёвым канце пускавой ручкi, якую я трымаў напагатове ў левай руцэ. Швейцар зароў, адскочыў назад, замахаўшы рукой. Ён ад болю шыпеў, як паравоз, i ўжо стаяў расслабiўшыся, безабаронны.
Я выскачыў з машыны.
- Цi пазнаеш? - выдыхнуў я i ўдарыў яго ў жывот.
Ён звалiўся.
- Раз, - пачаў лiчыць Густаў ад касы, - два... тры...
На 'пяць' швейцар знясiлена падняўся. Я, як i нядаўна, бачыў перад сабой яго твар, вельмi выразна, гэты здаровы, тупы, шырокi, подлы твар; усяго гэтага здаровага, дужага хлапца, гэтую свiнню, якая нiколi не захварэе на лёгкiя, i я раптам адчуў, як вочы i мазгi зацягнула чырвонай плеўкай. Я падскочыў i ўдарыў. Я бiў па ўсiм тым, што скапiлася ўва мне за гэтыя днi i тыднi, бiў у гэты здаровы, шырокi твар, якi мэкаў... пакуль мяне не адцягнулi...
- Адумайся, ты ж заб'еш яго, - усклiкнуў Густаў.
Я азiрнуўся. Швейцар, увесь у крывi, прыхiлiўся да сцяны. У яго падкасiлiся каленi, ён упаў i паволi папоўз на карачках, як вялiзнае блiскучае насякомае, у сваёй лiўрэi.
- Цяпер ён не будзе бiцца, - сказаў Густаў. - Але пайшлi, уцякайма, пакуль нiкога няма. Гэта ўжо цяжкае цялеснае пашкоджанне.
Мы кiнулi грошы на зямлю, селi ў машыну i паехалi.
- У мяне таксама iдзе кроў? - спытаў я. - Цi гэта ад швейцара?
- Зноў з носа, - растлумачыў Густаў. - Ён усмалiў табе левай.
- Я i не заўважыў.
Густаў засмяяўся.
- Ведаеш, - сказаў я. - Мне цяпер значна лепш.
XVIII
Наша таксi стаяла каля бара. Я зайшоў, каб змянiць Ленца i ўзяць ключ i паперы. Готфрыд выйшаў разам са мной.
- Як выручка? - спытаў я.
- Так сабе, - адказаў ён. - Цi зашмат таксi, цi замала людзей ездзяць на таксi. А ў цябе?
- Дрэнна. Прастаяў усю ноч i нават дваццаць марак не зарабiў.
- Змрочныя часы! - Готфрыд ускiнуў бровы, - Ну, тады ты сёння, пэўна, не вельмi спяшаешся, га?
- Не, а чаму?
- Можаш мяне крыху падвезцi?
- Добра. - Мы селi ў машыну. - А куды ты? - спытаў я.
- Да сабора.
- Што? - спытаў я. - Цi не памылiўся я? Я правiльна пачуў: 'сабор'?
- Не, сынок, ты не памылiўся. Правiльна: сабор.
Я ў здзiўленнi паглядзеў на яго.
- Не здзiўляйся, паехалi, - сказаў Готфрыд.
- Ну добра.
Мы паехалi.
Сабор быў у старой частцы горада, на саборнай плошчы, акружанай дамамi духавенства. Я спынiўся перад брамай.
- Паехалi далей, - сказаў Готфрыд. - З другога боку.
Ён сказаў мне спынiцца каля маленькага ўвахода з другога боку i выйшаў.
- Усяго найлепшага, - сказаў я. - Здаецца, ты вырашыў паспавядацца.
- Пайшлi, - прапанаваў ён.
Я засмяяўся.
- Не сёння. Ранiцай я ўжо малiўся. Мне хопiць на ўвесь дзень.
- Не пляцi глупства, малы. Буду велiкадушны i штосьцi пакажу табе. Пайшлi.
Я з цiкаўнасцю пайшоў за iм. Мы прайшлi праз вузенькiя дзверы i ўвайшлi ў крытую манастырскую галерэю. Яна ўтварала вялiкi чатырохкутнiк з доўгiх радоў арак, якiя падтрымлiвалiся з сярэдзiны шэрымi гранiтнымi калонамi, адгароджваючы садок. Усярэдзiне ўзвышаўся вялiкi выветраны крыж з распяццем Хрыста. Па баках каменныя барэльефы з выявамi пакутнага шляху. Перад кожным барэльефам стаяла старая лаўка. Сад здзiчэў. Цяпер ён буйна расцвiў.
Готфрыд паказаў на некалькi вялiзных кустоў белых i чырвоных ружаў.
- Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?
Я спынiўся ў здзiўленнi.
- Вядома, пазнаю, - сказаў я. - Дык вось адкуль ты iх сцiбрыў, стары царкоўны рабаўнiк!
Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскi, i Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялiзны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўнiз i вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд iх узяў: я ведаў яго прынцып - нiколi не купляць кветак. На гарадскiх клумбах я такiх не бачыў.
- Выдатная iдэя, - пахвалiў я. - Разумная галава дадумалася!
- Гэты сад - сапраўдны скарб. - Ён урачыста паклаў мне руку на плячо. Бяру цябе ў долю. Думаю, табе менавiта цяпер гэта патрэбна. Бо гарадскiя клумбы ўжо апусцелi. А яны ж дагэтуль былi добрым папасам, так?
Я кiўнуў.
- Акрамя таго, - працягваў Готфрыд, - ты цяпер уваходзiш у пару, калi выразна праяўляецца рознiца памiж буржуа i кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлiвы да яе. А кавалер - усё больш уважлiвы. - Ён зрабiў шырокi жэст. - А з такiмi ружамi ты можаш стаць непараўнальным