Здрадзiць нашаму братэрству?

- Не, - адказаў я. - Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нiчога не крышылася.

Фердынанд нахiлiўся да мяне. Яго вялiзны дзiкаваты твар перасмыкнуўся.

- Ты - член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з iх бязмэтнымi жаданнямi, з iх сумам, што не прыносiць карысцi, з каханнем без будучынi, з адчаем, што не мае сэнсу. - Ён усмiхнуўся. - Ты - з таго братэрства, члены якога лепш загiнуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз - той вобраз, брат, якi яны носяць у сэрцы, якi непагасна гарыць у гадзiнах, днях i начах, дзе нiчога няма, акрамя аднаго: голага жыцця i голай смерцi.

Ён падняў чарку, звяртаючыся да Фрэда за стойкай:

- Дай мне выпiць.

Фрэд прынёс бутэльку.

- Завесцi яшчэ патэфон? - спытаў ён.

- Не трэба, - сказаў Ленц. - Выкiнь свой патэфон i прынясi большыя чаркi. А потым выключы палову святла, пастаў на стол некалькi бутэлек i знiкнi ў сваiм кабiнеце.

Фрэд кiўнуў галавой i выключыў верхняе святло. Засталiся гарэць толькi лямпачкi пад пергаментнымi абажурамi са старых геаграфiчных картаў. Ленц налiў у шклянкi.

- Будзьце здаровы, дзецi! Вып'ем за тое, што жывыя! За тое, што дыхаем! За тое, што мы так моцна адчуваем жыццё, што нават не ведаем, што з iм рабiць!

- Сапраўды, - сказаў Фердынанд. - Толькi няшчасны ведае, што такое шчасце. Шчаслiвы - як манекен. Ён толькi дэманструе шчасце жыцця. Ён iм не валодае. Святло не свецiць на святле. Яно свецiць у змроку. За змрок! Хто хоць раз перажыў навальнiцу, той разумее, што такое электрычны разрад. Да д'ябла навальнiцы! Няхай будзе блаславёна наша кароткае жыццё! Любячы яго, мы не закладзём яго пад працэнты! Мы скарыстаем яго самi! Пiце, дзецi! Ёсць зоркi, што свецяць кожную ноч, хоць яны пагаслi ўжо дзесяць тысяч светлавых гадоў назад! Пiце, пакуль ёсць час! Няхай жыве няшчасце! Няхай жыве змрок!

Ром стукнуў мне ў галаву. Я цiха ўстаў i пайшоў да Фрэда ў кабiнет. Ён спаў. Я разбудзiў яго i папрасiў заказаць тэлефонную размову з санаторыем.

- Пачакайце, - сказаў ён. - У гэты час хутка даюць.

Праз пяць хвiлiн тэлефон зазванiў.

- Я хачу пагаварыць з фройляйн Хольман, - сказаў я.

- Хвiлiнку, я звяжу вас з дзяжурнай.

Мне адказала старшая сястра:

- Фройляйн Хольман ужо спiць.

- У яе пакоi няма тэлефона? - Вы не можаце разбудзiць яе?

Голас павагаўся.

- Не. Сёння ёй ужо нельга ўставаць.

- Штосьцi здарылася?

- Нiчога. Толькi ў гэтыя днi ёй трэба паляжаць.

- Сапраўды нiчога не здарылася?

- Не, не, спачатку заўсёды так. Яна павiнна паляжаць у пасцелi i адаптавацца.

Я павесiў слухаўку.

- Запозна? - спытаў Фрэд.

- Што ты маеш на ўвазе?

Ён паказаў на свой гадзiннiк.

- Ужо дванаццатая гадзiна.

- Сапраўды, - сказаў я. - Не трэба было тэлефанаваць.

Я вярнуўся i выпiў яшчэ.

У дзве гадзiны мы сабралiся iсцi. Ленц завёз на таксi Валянцiна i Фердынанда дамоў.

- Пайшлi, - сказаў мне Кёстэр.

Ён завёў 'Карла'.

- Я магу прайсцi некалькi крокаў пехатой, Ота.

Ён глянуў на мяне.

- Мы выедзем за горад.

- Добра. - Я сеў у машыну.

- Садзiся за руль, - сказаў Кёстэр.

- Глупства, Ота. Я не магу кiраваць, я - п'яны.

- Кiруй! На маю адказнасць.

- Пабачыш, - сказаў я i сеў за руль.

Матор зароў. Руль задрыжаў у маiх руках. М'атляючыся, праляталi вулiцы мiма, дамы хiсталiся, лiхтары моклi пад дажджом.

- Не атрымлiваецца, Ота, - сказаў я. - Я дзесьцi ўрэжуся.

- Цiснi, - адказаў ён.

Я зiрнуў на яго. Твар быў светлы, напружана-спакойны. Я сцiснуў зубы i прыжмурыўся. Паволi дарога стала бачыцца выразна.

- Куды, Ота? - спытаў я.

- Наперад. За горад.

Мы даехалi да ўскраiны i выскачылi на шашу.

- Уключы фары, - сказаў Кёстэр.

Светла-шэрая бетонка блiшчала. Дождж быў ужо невялiкi, але кроплi бiлi мне ў твар, як градзiны. Вецер налятаў рэзкiмi парывамi, хмары плылi нiзка, над самым лесам яны вiселi шматамi, а памiж iмi свяцiлася серабро. Туман спаў з маiх вачэй. Шум матора праз рукi перадаваўся ва ўсё цела. Я адчуваў машыну i яе сiлу. Выхлапы ў цылiндрах праганялi тупую анямеласць маёй галавы. Поршнi нiбы пампавалi маю кроў. Я паддаў газу. Машына ляцела па шашы.

- Хутчэй, - сказаў Кёстэр.

Шыны засвiсталi. Дрэвы i тэлеграфныя слупы з гудам праляталi мiма. Прамiльгнула нейкая вёска. Я канчаткова працверазеў.

- Больш газу, - сказаў Кёстэр.

- А цi ўтрымаю я машыну? Дарога мокрая.

- Убачыш. Перад паваротамi пераключай на трэцюю хуткасць, не збаўляючы газу.

Матор зароў. Паветра ўдарыла мне ў твар. Я прыгнуўся за ветравым шчытком. I раптам правалiўся ў гул матора, цела злiлося з машынай у адзiным напружаннi, у з'яднанай высокай вiбрацыi. Я адчуваў колы пад нагамi, я адчуваў зямлю, шашу, хуткасць; адным штуршком нешта раптам стала на месца, ноч раўла i свiстала, яна выбiла з мяне ўсё, вусны сцiснулiся, рукi зрабiлiся як абцугi, i я ператварыўся ў шалёную язду, да беспрытомнасцi абыякавы i бязмежна ўважлiвы.

На павароце зад машыны занесла. Я некалькi разоў iрвануў руль у адваротным напрамку i зноў даў газу. На нейкi момант машына завiсла, як паветраны шар, потым зноў набыла ўстойлiвасць.

- Добра, - сказаў Кёстэр.

- Трапiлi на мокрае лiсце, - адказаў я i адчуў цеплыню палёгкi, якая заўсёды прыходзiць пасля небяспекi.

Кёстэр кiўнуў.

- Такая д'ябальшчына здараецца восенню на паваротах у лесе. Даць запалiць?

- Давай, - сказаў я.

Мы спынiлiся i запалiлi.

- Цяпер можна вяртацца, - сказаў потым Кёстэр.

Мы прыехалi ў горад, i я выйшаў з машыны.

- Добра, што мы пакаталiся, Ота. Усё прайшло.

- Наступны раз я табе пакажу яшчэ адзiн спосаб упiсвацца ў паварот, сказаў ён. - Паварот з адначасовым тармажэннем. Але гэта робiцца толькi на сухой дарозе.

- Цудоўна, Ота. Дабранач.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату