падганяючы кiямi, выводзяць мяне i каня на дарогу, каб выкарыстаць нас як уючную сiлу. Вельмi стомленыя шматлiкiмi пераваламi i кручамi, дабiраемся пад вечар да нейкай пячоры. Там навальваюць на нас мноства ўсякай паклажы i, не даўшы хвiлiны адпачынку, адразу гоняць назад, прытым вельмi спяшаюцца i так б'юць мяне кiямi i таўхаюць, што я павалiўся на прыдарожны камень. Тут зноў пасыпалiся на мяне ўдары, каб я падняўся, хоць у мяне была паранена правая галёнка i пашкоджаны левы капыт.
26. Адзiн з разбойнiкаў гаворыць: 'Цi доўга мы будзем дарма кармiць гэтага нi на што не здатнага асла, якi цяпер яшчэ закульгаў?' А другi: 'Як толькi завёўся ў нас гэты пракляты асёл, нi ў чым няма ў нас удачы, сама адважных то раняць, то забiваюць'. А яшчэ iншы: 'Як ён сабе хоча цi не хоча, а данясе гэту паклажу, я буду не я, калi не скiну яго са скалы ўнiз галавой, няхай дзяўбуць яго ястрабы'.
Пакуль гэтыя добрыя людзi вялi гаворку пра маю смерць, мы дабралiся дамоў. А ў мяне ад страху быццам выраслi крылы. Звалiўшы з нас той груз i забыўшыся пра нас i нават пра маю смерць, выклiкаюць тых, што заставалiся ў пячоры, параненых сяброў i спяшаюцца назад, каб рэшту здабычы перанесцi на руках, бо, як казалi, надакучыла iм наша марудлiвасць. А мяне ахапiў вялiкi неспакой пры думцы аб рыхтаванай мне загубе. Дык я так сам сабе думаў: 'Ну чаго ты, Луцый, стаiш i чаго яшчэ горшага чакаеш? Смерць, i прытым сама бязлiтасная, прысуджана табе на нарадзе разбойнiкаў. Выканаць iм iхняе рашэнне зусiм проста: бачыш вунь тыя блiзкiя скалы, абсыпаныя вострымi камянямi, якiя ўрэжуцца ў тваё цела i разарвуць цябе на кавалкi, перш чым ты паспееш памерцi. Бо гэта твая магiя, зрабiўшы цябе аслом, надзялiла цябе не аслiнай скурай, а тоненькай скуркай, як у п'яўкi. Чаму ж ты не адважышся i не падумаеш аб сваiм выратаваннi, пакуль яшчэ не позна? Пакуль няма разбойнiкаў, усё складваецца на тваю карысць. Цi, можа, ты баiшся нагляду гэтай ледзь жывой бабулi? Убрыкнуць яе разок нават гэтай хворай нагой, i будуць ёй капцы! Але куды мне бегчы i хто акажа мне гасцiннасць? Ну вось бязглуздае аслiнае меркаванне! Ды любы падарожны ахвотна прыхопiць з сабой транспартны сродак'.
27. I праз момант, моцна рвануўшы повад, якiм быў я прывязаны да плота, пускаюся з усiх чатырох наўцёкi. Аднак не змог я вышмыгнуць з-пад каршуновага вока хiтрай старой. Як толькi ўбачыла яна, што я адарваўся, дык з неўласцiвай свайму полу i ўзросту жвавасцю ўхапiлася за мой повад i пачала цягнуць мяне назад. А я, помнячы аб злавесным намеры разбойнiкаў, не паддаюся ёй, а ўдарам заднiх ног валю яе на зямлю.
Аднак яна i паваленая моцна трымалася за повад, i я, бегучы, працягнуў яе па зямлi некалькi крокаў. А ў той час яна пачала крычаць i клiкаць каго-небудзь на дапамогу. Толькi дарма ўзнiмала трывогу, бо нiкога навокал не было, апроч той палоннай дзяўчыны, якая, прыбегшы на крык, убачыла, клянуся Геркулесам, вартае памяцi вiдовiшча - старую ў вобразе Дырцэi, што вiсела не на быку, а на асле.
Тады яна, узброiўшыся мужчынскай стойкасцю, адважылася на цудоўны ўчынак. Выхапiўшы з рук у старой повад i супакоiўшы мяне сваiм шчабятаннем, спрытна ўскоквае на мой хрыбет i пускае мяне ў бег.
28. Натхнёны адначасова сваiм рашэннем уцячы i жаданнем вызвалiць дзяўчыну, а да таго падганяны ўдарамi, якiмi яна мяне падбадзёрвала, я з конскай хуткасцю застукаў па зямлi капытамi, спрабуючы нават у адказ на яе панукi заржаць. Не раз, павярнуўшы шыю, як быццам для таго, каб пачомхаць спiну, я цалаваў яе прыгожыя дзявочыя ногi. А яна, глыбока ўздыхаючы i павяртаючы ў бок неба свой усхваляваны твар, малiлася:
'Вы, усявышнiя багi, памажыце ж мне ў гэтай небяспецы, а ты, суровы лёс, перастань быць да мяне такiм варожым. Гэтых вартых спачування пакут хопiць, каб цябе ўласкавiць. А ты, апора маёй свабоды i выратавання, калi прывязеш мяне дамоў i вернеш мяне маiм бацькам i жанiху майму дарагому, дык я цябе без аддзякi не пакiну, будзеш мець i найвышэйшую пашану, i найсмачнейшы корм! Найперш, расчасаўшы сваiмi дзявочымi рукамi тваю грыву, упрыгожу яе каштоўнасцямi, чубок, спачатку завiўшы, прыгожа раздзялю на дзве пасмы, а твой калматы, зваляны i даўно не мыты хвост старанна разгладжу. Упрыгожаны залатымi шарыкамi, заблiшчыш ты, як ад нябесных зорак, i будзеш прывiтаны шматгалоссем радаснага натоўпу. Насыпаўшы ў шаўковую торбу мiндалю i розных прысмакаў, кожны дзень буду цябе, свайго выратавальнiка, кармiць да адвалу'.
29. I працягвала: 'Апроч смачнай ежы, поўнага супакою i асалоды праз усё жыццё не будзе табе недахопу ў пашане. Памяць аб маiм шчасцi i боскай апецы замацую вечным пасведчаннем: у атрыуме свайго дома павешу малюнак, у якiм будуць адлюстраваныя гэтыя мае ўцёкi. I ўсе будуць бачыць, i слухаць у казках, i чытаць запiсаную палачкамi вучоных гiсторыю пра тое, як дзяўчына царскай крывi ўцякла з палону на асле. Ты будзеш залiчаны да старажытных цудаў, i твой жывы прыклад змусiць паверыць i ў Фрыкса, якi пераплыў мора на баране, i ў Арыёна, што кiраваў дэльфiнам, i ў Эўропу, якая ляжала на быку.
Калi праўда, што Юпiтэр роў па-бычынаму, ператварыўшыся ў быка, дык можа быць, што i ў маiм асле хаваецца якi-небудзь чалавек цi боская асоба...'
Пакуль дзяўчына паўтарала гэта некалькi разоў i перапыняла свае абяцаннi цяжкiмi ўздыхамi, мы дабралiся да нейкага скрыжавання, адкуль, схапiўшы за павады, яна з усёй сiлы старалася скiраваць мяне направа, дзе, на яе думку, iшла дарога да яе бацькоў. Але я, ведаючы, што па ёй падалiся разбойнiкi па рэшту сваёй здабычы, моцна заўпiраўся i так моўчкi звяртаўся да яе ў сваёй душы: 'Што ты, няшчасная дзяўчына, робiш? Навошта спяшаешся да Орка? Навошта сiлай стараешся скiраваць мае крокi. Ты ж вядзеш нас не толькi на сваю загубу, але i на маю!'
Пакуль мы цягнулi ў розныя бакi i спрачалiся, быццам на судзе за размежаванне зямельных плошчаў цi, лепш сказаць, за падзел дарогi, раптам з'яўляюцца разбойнiкi, абладаваныя сваёй здабычай, i, яшчэ здалёк убачыўшы нас пры святле месяца, вiтаюць нас зларадным смехам.
30. Адзiн з iх так да нас звяртаецца: 'Што ж гэта вы па такой дарозе па начы цягаецеся, не баючыся ў глухую поўнач нi манаў, нi злых духаў? Цi, можа, ты, сумленная дзяўчына, спяшаешся ўбачыцца са сваiмi бацькамi? Дык мы ў тваёй адзiноце будзем табе аховай i пакажам да тваiх бацькоў найкарацейшы шлях'.
За словам прыйшла справа. Схапiўшы за повад, ён павярнуў мяне назад, не шкадуючы на мае бакi таго вузлаватага кiя, якi быў у яго ў руках. Тут я мiжволi ўспомнiў пра назначаную мне загубу i пра боль у капыце, дык, махаючы галавой, пачынаю кульгаць. А той, што цягнуў мяне назад, крычыць: 'Вось як! Зноў ты пачаў кульгаць i кiвацца? Твае гнiлыя ногi бегчы могуць, а iсцi не ўмеюць? Ты ж нядаўна iмчаўся хутчэй за крылатага Пегаса!' I пакуль мой лiтасцiвы пагоншчык вёў са мной, махаючы кiем, гутарку, мы дабралiся да першай агароджы нашага жылля i вось бачым, што на галiне высокага кiпарыса вiсiць старая. Зараз жа яе знялi i так з вяроўкай на шыi ўкiнулi ў прорву. Пасля таго закавалi дзяўчыну i, быццам звяры, накiнулiся на вячэру - пасмяротны плён клапатлiвасцi няшчаснай старой.
31. Пакуль яны ўсё, што было, з прагаю пхалi ў свае страўнiкi, узнiкла ў iх пытанне, якую прыдумаць нам у помсту за спробу ўцячы смерць. Але так, як i на кожным бурным сходзе, думкi iх не супадалi. Адзiн лiчыў, што трэба спалiць дзяўчыну жыўцом, другi даказваў, што лепш аддаць яе дзiкiм звярам, трэцi прапанаваў укрыжаваць, а чацвёрты радзiў замучыць катаваннямi. Толькi ў адным былi ўсе згодныя, што яна вартая смерцi. Пасля таго як агульны гоман прыцiх, адзiн з бандытаў звярнуўся да сабраных з такой прамовай: 'Не стасуецца нi са звычаем нашага таварыства, нi з лiтасцю кожнага з нас, нi, нарэшце, з маёй памяркоўнасцю, каб дапускаць нам празмерную лютасць, караючы за злачынства, i каб пры дапамозе дзiкiх звяроў, крыжа або катаванняў i якой бы нi было хуткай смерцi мы наблiзiлi яе зыход у царства змроку. Дык, калi будзеце згодныя на маю прапанову, то мы даруем дзяўчыне жыццё, але такое, якога яна ў нас заслужыла. Вы ж памятаеце, што ўжо раней пастанавiлi мы наконт гэтага вельмi гультаяватага i вельмi абжорлiвага асла, якi цяпер прыкiдваецца калекам, тады як аказаўся пасрэднiкам i памочнiкам дзяўчыны ў яе ўцёках. Лепш за ўсё зарэжам яго заўтра i, вытрыбушыўшы, зашыем у ягонае бруха голую дзяўчыну, якую ён прызнаў лепшай за нас, так, каб толькi галава яе заставалася зверху, а рэшта цела была ў шкуры жывёлiны. Пасля таго паставiм гэтага раскормленага, нафаршыраванага асла на якую-небудзь скалу i пакiнем на сонечнай спёцы.
32. Такiм чынам яны абое атрымаюць тое, што вы справядлiва прапанавалi. Асёл атрымае даўно ўжо заслужаную смерць, а яна будзе i звярамi з'едзена, бо цела яе абгрызуць чэрвi, i агнём спалена, бо сонца будзе смалiць аслiнае бруха, i на крыжы будзе пакутаваць, калi сабакi i каршуны будуць выцягваць з яе вантробы. Прытым заўважце, колькi яшчэ пакут i мук дастанецца на яе долю: яна жывая апынецца ў пузе дохлай жывёлiны, яе будзе мучыць невыносны смурод, калi гарачыня будзе мацнець, яна будзе пакутаваць ад голаду i смагi i не зможа нават сама сабе зрабiць смерць, бо яе рукi не будуць свабодныя'.
Пасля такой прамовы разбойнiкi не рукамi, а ўсёй душой прагаласавалi за гэту прапанову. А што