кажуць, i дома, i на людзях мог праславiцца адважнымi подзвiгамi. Здарылася так, што мой паважаны пастух, запознена выконваючы гаспадарскi загад, надумаўся пусцiць мяне ў табун кабылiц. I вось я, нарэшце свабодны вослiк, весела падскокваючы, млявым крокам наблiжаюся да кабыл i выбiраю, каторая з iх найбольш здатная да злучкi. Аднак гэтай захапляючай надзеi пачала пагражаць смяротная небяспека.
Самцы, якiх доўга i шчодра адкормлiвалi спецыяльна для службы Венеры, яны наогул страшныя i да таго ж, вядома, дужэйшыя за любога асла, баючыся майго сапернiцтва i не жадаючы разводзiць мяшанцаў, пагрэбавалi запаветамi Зеўса Гасцiннага i, ашалеўшы, пачалi мяне ганяць са страшнай нянавiсцю. Адзiн, уздыбiўшы магутныя грудзi, узняўшы галаву i выцягнуўшы шыю, таптаў мяне пярэднiмi нагамi, другi, адвярнуўшыся ад мяне тоўстым азадкам, бiў заднiмi капытамi, а трэцi, пагражаючы злосным iржаннем, утулiўшы вушы i вышчарыўшы два рады блiскуючых зубоў, моцна мяне пакусаў. Усё гэта напомнiла мне чытаную калiсьцi гiсторыю пра фракiйскага цара, якi сваiх няшчасных гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. Гэты магутны тыран настолькi быў скупы, што голад сваiх ненажэрных кабылiц, замест ячменю, шчодра наталяў чалавечым мясам!
17. Гэтак i я быў знявечаны ўдарамi i ўкусамi жарабцоў i з сумам марыў аб тым, каб зноў вярнуцца да тых праклятых жорнаў. Аднак Фартуна, яшчэ канчаткова не здаволiўшыся маiмi пакутамi, паслала мне яшчэ адно выпрабаванне. Паставiлi мяне вазiць дровы з гары i вызначылi мне за паганятага хлопца, сама паганага з усiх хлапцоў. Ён не толькi прымушаў мяне ўзбiрацца па крутым схiле на высокую гару i ўшчэнт збiваць на гэтай дарозе капыты, але, апроч гэтага, як сапраўдны злачынец, без стомы лупiў мне бакi дубiнкай так, што боль ад гэтых пабояў i ран працiнаў мяне наскрозь. Прытым ён заўсёды трапляў па адным i тым самым месцы, бiў па правым сцягне, дзе раздзёр мне скуру, i балячка ўвесь час шырэла, з малой раны ператварылася ў вялiкую дзiру. А ён не пераставаў мясiць па гэтай ране, нягледзячы на тое, што з яе сачылася кроў. А столькi ўзвальваў ён на мяне дроў, што можна было падумаць, быццам тыя вязанкi збiралiся вазiць не на асле, а на слане. Апроч таго, кожны раз, як паклажа перацягвала на адзiн бок, ён, замест таго каб зняць некалькi пален i зменшыць трохi цяжар, даць мне лягчэй дыхнуць цi, прынамсi, пераклаўшы частку грузу на другi бок, ураўнаважыць яго, наадварот, прывязваў да лягчэйшага боку каменне i такiм чынам па-свойму захоўваў раўнавагу.
18. Не здаволiўшыся маiмi пакутамi пад непамерным грузам, калi мы пераходзiлi рэчку, якая сустракалася па дарозе, ён, каб не замачыць абутку, яшчэ i сам ускокваў мне на спiну - нязначны дадатак да грузу, цi ж не праўда? А калi пад такiм непасiльным цяжарам здаралася мне, паслiзнуўшыся на глiнiстай сцежцы, упасцi, ён i не думаў, як належыць добраму паганятаму, выцягнуць у мой бок руку, пацягнуць за аброць, падняць за хвост або скiнўць частку грузу, каб я хоць мог устаць на ногi. Нiякай дапамогi знясiленаму аслу ён не даваў, а пачынаючы з галавы, ад вушэй, паласаваў мяне сваёй дубiнкай па ўсiм целе, пакуль гэты супакойлiвы сродак не прымушаў мяне падняцца. I вось што прыдумаў ён мне на загубу: скруцiць вострыя калючкi з ядавiтымi iголкамi ў пучок i прывяжа мне да хваста вiсячай прыладай катавання, каб, матляючыся, яна балюча калола мяне пры хадзьбе сваiмi забойчымi шыпамi.
19. Так пакутаваў я ад падвойнай бяды, бо калi пушчуся бегчы, каб пазбегнуць уколаў, тады яшчэ мацней раняць мяне тыя калючкi, а калi спынюся, каб суцiшыць боль, тады ўдары прымушаюць бегчы. Выходзiла, што гэты паганы хлапец вырашыў так цi iнакш звесцi мяне са свету, чым ён мне не раз i пагражаў. А неяк здарылася, што, калi маё цярпенне лопнула, я моцна ўбрыкнуў яго капытамi. Тады ён прыдумаў супраць мяне такую подласць. Навалiўшы на мяне цэлую гару пакулля i моцна ўвязаўшы яго вяроўкай, пагнаў мяне наперад, а сам падхапiў у блiзкай сялiбе гарачы вугаль i ўсунуў яго ўсярэдзiну паклажы. I вось агонь, знайшоўшы сабе адпаведную спажыву, пачынае разгарацца, тлее i нарэшце выбухае полымем. Мяне пачало пякельна смалiць, i я не бачыў у гэтай бядзе нiякага ратунку.
Не было нiякай надзеi на выратаванне, а страшны пажар не дапускаў найменшага замаруджвання i выбiў у мяне з галавы ўсякую здольнасць да разумнага дзеяння.
20. Аднак у тых жорсткiх абставiнах Фартуна ласкава да мяне ўсмiхнулася (магчыма, каб захаваць мяне для яшчэ большых пакут) i выратавала ад немiнучай смерцi, якая ўжо стаяла ў мяне перад вачыма. Убачыўшы лужыну, што засталася ад учарашняга лiўня, я кiнуўся ў брудную ваду i ўвесь у яе апусцiўся.
Затушыўшы такiм спосабам полымя i вызвалiўшыся ад грузу i смерцi, выходжу на дарогу. Але i тут гэты паганы хлопец звалiў усю вiну на мяне i змог пераканаць усiх пастухоў, што я, праходзячы каля запаленых лаўжоў, наўмысна паслiзнуўся i запалiў пакулле. А ў канцы дабавiў: 'Дакуль жа мы будзем дарма кармiць гэтага агняносца?'
Праз некалькi дзён пасля таго ён прыдумаў на маю бяду яшчэ падлейшую хiтрасць. Прадаўшы каля першай напатканай хаты дровы, якiя я вёз, i прыгнаўшы мяне ўлегцы, пачаў жалiцца, што не можа даць рады майму гнюснаму нораву i адмаўляецца ад няшчаснай службы пры мне. А для свайго апраўдання склаў такую выдумку:
21. 'Зiрнiце на гэтага непаваротлiвага гультая, двойчы асла! Апрача ўсякiх iншых правiнак ён пачаў дапякаць мяне новымi небяспечнымi выбрыкамi. Як толькi ўбачыць, што нехта праходзiць, цi гэта будзе прыгожанькая маладзiчка, цi дзяўчына на выданнi, або сцiплы падлетак, у той жа момант скiне паклажу, а часам нават i гуньку, i пусцiцца, як вар'ят, даганяць, а дагнаўшы, накiнецца, павалiць i стараецца задаволiць сваю надзвычайную похаць, iмкнучыся даць выйсце сваiм жывёльным ненармальным захапленням. Хочучы пацалаваць, тыцкае бруднай пысай i кусаецца. З гэтакiх спраў могуць узнiкнуць у нас вялiкiя непрыемнасцi i спрэчкi i можа нават дайсцi да крымiнальнага злачынства. Вось i цяпер, убачыўшы на дарозе нейкую маладую прыстойнага выгляду дзяўчыну, звалiў з сябе дровы, параскiдаў iх на ўсе бакi, а сам шалёна напаў на яе i, як спрактыкаваны самец, на вачах ва ўсiх стараўся ўзлезцi на яе, распасцёртую ў бруднай лужы. I каб на крык i лямант жанчыны не збеглiся на дапамогу прахожыя i не вырвалi яе з аслiных абдымкаў, няшчасная была б растрапаная i парваная i скончыла б жыццё ў пакутах, а нам давялося б галавой адказваць перад законам'.
22. Дапаўняючы гэту ману i iншымi выдумкамi, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзiн са слухачоў выкрыкнуў: 'А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносiн, гэтага прынароднага самца цi, дакладней кажучы, вельмi небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кiшкi кiнь нашым сабакам, мяса прыхавай работнiкам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясi гаспадарам, без цяжкасцi звалiўшы вiну на ваўка'.
I вось тут жа няўрымслiвы мой абвiнаваўца i ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маiм няшчасцем i не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.
23. Але тут адзiн з вясковай кампанii гаворыць: 'Не выпадае дарма губiць такога вынослiвага асла толькi за тое, што ён абвiнавачваецца ў празмернай мужчынскай сiле i любоўнай нясталасцi. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работнiка, калi толькi варта вылегчаць яго, i ён не толькi не зможа распальвацца, а зробiцца гладзейшым i сыцейшым, i вам не трэба будзе баяцца нiякiх непрыемнасцяў. Даводзiлася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але i дзiкiх, вельмi гарачых жарабцоў, якiя пасля лягчання рабiлiся спакойнымi, рахманымi, здатнымi да перавозкi грузаў i да любой iншай працы. Дык калi вы не супраць маёй прапановы, тады трохi пачакайце, мне трэба схадзiць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы iнструменты i зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўнiку ляжкi, я вылегчаю яго, i ён зробiцца спакайнейшым за ягня'.
24. Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў i пачаў аплакваць страту крайняй часткi свайго цела як поўную сваю пагiбель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай цi скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такiм спосабам я, вядома, загiну, але хоць не зазнаю абразлiвага калецтва.
Пакуль я так у думках выбiраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўраннi звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нiзкай галiны вялiкага дуба, адышоўся трохi далей, каб насекчы сукоў, якiя трэба было яму везцi. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля i ўся вылезла вялiкая мядзведзiха. Як толькi я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога вiдовiшча страху, усiм цяжарам цела асеў на заднiя ногi, задраў высока галаву i, парваўшы рэмень, якiм быў прывязаны, кiнуўся з усiх ног на ўцёкi, пусцiўшы ў ход не толькi капыты, але i ўсiм целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полi, якое рассцiлалася пад гарой, iмчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькi ад страшнай мядзведзiхi, але i ад горшага за яе паганага падлетка.
25. А тут нейкi прахожы, убачыўшы, што я бягу адзiн без нагляду, злавiў мяне i, спрытна ўскочыўшы мне на спiну, кiем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавiў кроку,