выпусцiм з рук такую каштоўную здабычу? Мы ж не бабы? Чаму б нам не ўскочыць на коней i не пусцiцца наўздагон? Хапай вунь рагацiну, а я вазьму дзiду!'
I вось праз хвiлiну яны селi на коней i паскакалi ўслед за зверам. А той, не забыўшыся пра сваю прыродную сiлу, адварочваецца i, палаючы страшнай лютасцю, ашчэрыўшы клыкi, на момант спыняецца i азiраецца, выбiраючы, на каго першага накiнуцца. Перш Тлепалем усадзiў сваю зброю ў спiну зверу, а Тразiл, мiнаючы вепра, падразае кап'ём паджылкi заднiх ног каню, на якiм ехаў Тлепалем. Сцякаючы крывёй, конь перакулiўся, скiнуўшы ездака. А раз'юшаны звер не марудзiць, кiнуўшыся на ляжачага, раздзiрае на iм перш вопратку, а калi той хацеў прыўзняцца, наносiць яму клыком глыбокую рану. Аднак добрага сябра не збянтэжыў гэты злачынны пачатак, наадварот, яму здавалася, што такое небяспечнае становiшча не можа задаволiць яго нянавiсцi, дык калi Тлепалем у адчаi стараўся ўберагчы ад удараў параненыя ногi i клiкаў на дапамогу, ён прабiў кап'ём яго правае бядро з упэўненасцю, што рана ад зброi вельмi падобная да слядоў ад звярыных клыкоў. Пасля таго тут жа прыкончыў звера.
6. Гэтак расправiўся ён з юнаком, а тут мы збягаемся, кожны вылезшы са сваёй схованкi. А Тразiл, хоць у душы цешыўся, што здзейснiў сваё запаветнае жаданне i знiшчыў ворага, не даў твару паказацца вясёлым, а наморшчыў лоб, прыняў сумны выгляд i, абняўшы цела таго, каго сам загубiў, вельмi ўмела прыкiдваўся чалавекам, прыбiтым горам. Вось толькi слёзы не былi паслухмяныя яму i не паказвалiся на вачах. Напусцiўшы на сябе збедаваны выгляд, каб стаць падобным да тых, хто шчыра гараваў, усю вiну сваiх рук ён звалiў на звера.
Ледзь толькi здарылася гэта злачынства, чутка аб iм даляцела да дома Тлепалема i тут жа даходзiць да слыху няшчаснай жонкi. Пачуўшы гэту вестку, страшнейшай за якую не суджана было пачуць нiколi ў жыццi, як апантаная, страцiўшы розум, шалёна кiнулася яна бегчы па гарадскiх вулiцах, па вясковых палях, галосячы не сваiм голасам i выкрыкваючы аб няшчасцi свайго мужа. Збягаюцца да яе спагадлiвыя суседзi, да iх далучаюцца сустрэчныя, падзяляючы яе бяду, горад пусцее - усiх ахапiла жаданне ўбачыць, што здарылася. I вось яна падбягае да забiтага i, непрытомная, валiцца на мёртвае цела. У той момант ледзь не аддала душу свайму мужу, якому даўно яе прысвяцiла. З вялiкай цяжкасцю ўгаворваюць i падымаюць яе родзiчы, i яна, насуперак сваёй волi, застаецца жывая, а пахавальная працэсiя ў суправаджэннi ўсяго народа накiроўваецца да магiльнага склепа.
7. А Тразiл не пераставаў лямантаваць, плакаў надзвычайна i пралiваў слёзы, якiя ў першыя хвiлiны скрухi не хацелi паказвацца, а цяпер, вядома, ад усё большай радасцi пацяклi. Ён ашукваў саму багiню Iсцiны, абсыпаючы ласкавымi словамi i найменнямi нябожчыка. Жаласлiвым голасам называў яго i сябрам, i аднагодкам, i таварышам, i нават братам, а тым часам стараўся паўстрымаць рукi Харыты, якая бiла сябе ў грудзi, супакойваў яе роспач, стрымлiваў ад ляманту, ласкавымi словамi змякчаў джала гора, выказваючы суцяшэннi шматлiкiмi прыкладамi розных няшчасцяў. I з усiмi гэтымi няшчырымi клопатамi не прапускаў магчымасцi дакрануцца да жанчыны, стараючыся крадзенымi прыемнасцямi здаволiць свой ненавiсны юр.
Як толькi скончылiся пахавальныя абрады, маладая жанчына пачала думаць, як ёй чым хутчэй сысцi ўслед за мужам у магiлу, i, перабраўшы розныя спосабы, спынiлася на сама лёгкiм, спакойным, якi не патрабаваў нiякiх прылад - яна зусiм адмовiлася ад ежы, перастала пра сябе клапацiцца i, развiтаўшыся з дзённым святлом, зачынiлася ў сама цёмным пакоi.
Аднак Тразiл з напорам i настойлiвасцю, дзе ўласнымi довадамi, дзе праз сваякоў маладой жанчыны, дабiўся таго, што яна згадзiлася асвяжыць лазняй сваё цела i падмацаваць свае сiлы ежай. Яна, з увагi на бацькоў, хоць i супраць сваёй волi, падпарадкавалася святой неабходнасцi i, вядома, з невясёлым тварам, але ўжо трохi праясненым, вяртаецца, на агульнае патрабаванне, да жыццёвых звычак. Толькi ў яе ў грудзях, у сама патаемнай глыбiнi сэрца, цяснiлася скруха, i няўцешная туга нi ўдзень, нi ўночы не давала спакою. Акружыўшы сябе статуямi, якiя выяўлялi нябожчыка ў выглядзе бога Лiбера, у няспынным служэннi аддавала яму боскую пашану, мучаючы сябе гэтым суцяшэннем.
8. Тым часам Тразiл, чалавек наогул парывiсты i, як падказвае яго iмя, безразважны, не дачакаўшыся, каб журба спатолiлася слязьмi, супакоiлася шаленства ў разбiтым розуме, каб аслабела празмернасць гора i каб яно само сябе зжыло, пачаў без сарамлiвасцi гаварыць пра шлюб з жанчынай, якая яшчэ няспынна аплаквала свайго мужа, раздзiрала адзенне, iрвала на сабе валасы. З брудным нахабствам выдаў ён таямнiцу сваёй душы i неймавернае сваё каварства.
Пры гэтай прапанове напаў на Харыту жах, яна адчула агiду i, быццам ад перуна, сонечнага ўдару цi ад маланкi самога Юпiтэра, падае, страцiўшы прытомнасць. Праз нейкi час, апрытомнеўшы, яна некалькi разоў амаль па-звярынаму завыла, да канца зразумеўшы i ўявiўшы сабе ўсю подласць Тразiла, але папрасiла пачакаць адказу на яго просьбу, пакуль яна добра не абдумае. А ўночы з'яўляецца ёй у сне цень забiтага Тлепалема з перамененым бледнасцю i залiтым сукравiцай тварам i звяртаецца да яе так:
'Жонка мая, няхай нiкому не будзе дазволена называць цябе гэтым iмем. Але калi памяць пра мяне ў грудзях тваiх занiкла цi мая горкая смерць разбурыла нашу любоў, выходзь замуж, за каго ўздумаеш, толькi не трапляй у святатацкiя рукi Тразiла, гутаркай з iм не баўся, ежы з iм не падзяляй, на пасцелi не спачывай. Цурайся крывавай рукi майго забойцы, не выходзь замуж за злачынца. Тыя раны, з якiх твае слёзы змылi маю кроў, не ўсе ад клыкоў звера. Дзiда злога Тразiла разлучыла нас з табой'. I, дадаючы да гэтых слоў iншыя, расказаў, як было зроблена злачынства.
9. А яна, як i раней, у глыбiнi свайго душэўнага болю, тварам у падушку, не прачынаючыся, аблiваецца слязьмi, iрве на сабе кашулю, доўга енчыць i бязлiтасна б'е сама сябе далонямi па плячах. Не расказаўшы нiкому пра начную з'яву, старанна ўтаiўшы ўсё, што стала ёй вядома пра злачынства, пастанавiла пакараць нягоднiка i пазбавiцца ад свайго гаротнага жыцця.
Вось зноў з'яўляецца гнюсны шукальнiк прыемнасцяў, дакучаючы ёй, хоць яна не мае ахвоты слухаць, гутаркамi пра жанiцьбу. Тады яна, перапынiўшы гугарку Тразiла i з дзiвоснай хiтрасцю выконваючы сваю ролю, у адказ на дакучлiвую балбатню i прынiжаныя просьбы кажа:
'Усё яшчэ стаiць у маiх вачах цудоўны вобраз твайго брата i майго любiмага мужа, яшчэ дагэтуль мой нос ловiць пах кiнамону ад яго боскага цела, усё яшчэ цудоўны Тлепалем жыве ў маiм сэрцы. Добра будзе, калi ты дасi няшчаснай жанчыне час закончыць жалобу. Няхай пройдуць тыя месяцы, якiя завяршаюць гадавiну, што будзе адпавядаць не толькi маёй цнатлiвасцi, але будзе карысным для твайго спакою, каб заўчаснай жанiцьбай не падняць нам з магiлы на тваю загубу цень майго мужа, ахоплены справядлiвым абурэннем'.
10. Аднак такiя словы не ацвярозiлi Тразiла. Нягледзячы на абяцанне, якое павiнна было ў хуткiм часе здзейснiцца, зноў i зноў з яго вуснаў выляталi нячыстыя намаўленнi, аж пакуль Харыта не зрабiла выгляду, што ён яе пераканаў i не сказала яму: 'Хоць у адным прыйдзецца табе, Тразiл, уступiць: трэба, пакуль не мiнуць апошнiя днi гадавога тэрмiну, сустракацца нам так цiха i асцярожна, каб нiхто з хатнiх пра гэта не ведаў'.
Перакананы ў праўдзiвасцi хлуслiвых абяцанняў жанчыны, Тразiл ахвотна згадзiўся на тайнае сужыццё. Ён адразу пачаў марыць аб ночы i аб ахутаўшым зямлю змроку, паставiўшы над усё адно сваё жаданне - авалодаць.
'Але слухай, - кажа Харыта, - захiнiся як найшчыльней у плашч i без нiякiх спадарожнiкаў, цiха прыходзь у першую начную варту да маiх дзвярэй, свiснi адзiн раз i чакай маёй кармiцелькi, якая будзе сустракаць цябе каля ўвахода. Але i ўпусцiўшы цябе, яна не запалiць лямпы, а ў цемры прывядзе цябе ў маю спальню'.
11. Тразiлу спадабалася такая прапанова сустрэчы, ён быў вельмi задаволены i без нiякага падазрэння чакаў жаданай хвiлiны, злаваў, што так марудна цягнецца дзень i так доўга не надыходзiць вечар. I вось сонечнае святло саступiла месца начной цемры, i ён, паспешлiва апрануўшыся, як загадала яму Харыта, трапляе ў сiло хiтрай старой, што яго чакала i, поўнага надзей, правяла ў спальню. Выконваючы волю гаспадынi, старая акружае яго клопатамi, паставiўшы келiхi i збан з вiном, у якое было падмяшана соннае зелле, тлумачыць, што панi затрымалася ў хворага бацькi. Ён даверлiва апаражняе келiх за келiхам, i ў хуткiм часе сон валiць яго. I вось ужо ляжыць ён дагары, даступны любому варожаму дзеянню. У грозным парыве, з мужнасцю ў сэрцы ўваходзiць на клiч Харыта i з крыкам спыняецца над забойцам.
12. 'Вось ён, - гаворыць, - верны спадарожнiк майго мужа, вось хвацкi паляўнiчы, вось мiлы жанiх! Вось рука, што пралiла маю кроў, вось грудзi, дзе на маю загубу былi задуманы здраднiцкiя падкопы, вось вочы, якiм я ў благi час спадабалася, якiя ў прадчуваннi цемры, што iх чакае, ужо цяпер поўныя будучых пакут! Спакойна спачывай, прыемных табе сноў! Я не крану цябе нi мячом, нi iншым жалезам, недачаканне тваё