заставалася рабiць мне, якi ўсё гэта чуў сваiмi аслiнымi вушамi? Як аплакваць сябе аслу, якi заўтра будзе не чым iншым, як смярдзючай падлай?
КНIГА СЁМАЯ
1. Ледзь толькi, разагнаўшы цемру, зардзеў дзень i блiскучая каляснiца сонца асвятлiла наваколле, з'явiўся нейкi чалавек з лiку разбойнiкаў, аб чым сведчыла яго прывiтанне з сябрамi, сеў ля ўвахода ў пячору, перавёў дух i расказаў прысутным наступнае: 'Што да Мiлона Гiпацкага, дом якога мы гэтымi днямi абрабавалi, дык можна, кiнуўшы трывогу, супакоiцца. Пасля таго як вы з вялiкай смеласцю расцягалi ўсю яго маёмасць i вярнулiся ў лагер, я змяшаўся з натоўпам мясцовых жыхароў i, выказваючы то жаль, то абурэнне, стараўся даведацца, якi будзе выкарыстаны спосаб пошуку разбойнiкаў i якiм чынам пра ўсё вам данесцi, як мне было даручана. На падставе няпэўных здагадак i на аснове праўдападобных меркаванняў увесь натоўп аднадушна сходзiцца на тым, што вiноўнiкам злачынства з'яўляецца нейкi Луцый, якi некалькi дзён таму назад пры дапамозе фальшывых рэкамендацыйных пiсьмаў, выдаўшы сябе Мiлону за прыстойнага чалавека, дамогся таго, што яму была аказана гасцiннасць i што яго ўвялi ў сама цесны сямейны круг. Пражыўшы там некалькi дзён, ён збаламуцiў Мiлонаву служанку, прыкiнуўшыся закаханым, разгледзеў усе засаўкi i завалы i месцы, дзе захоўвалася гаспадарскае дабро.
2. Як немалаважны доказ ягонага злачынства прыводзiлася тое, што ў тую самую ноч, за хвiлiну да нападу, ён кудысьцi ўцёк i не вяртаецца да гэтай пары. Да таго ж яму лёгка было знайсцi i сродак для ўцёкаў, каб хутчэй i далей схавацца, бо ён забраў з сабой свайго белага каня. Дома застаўся яго слуга, дык яго схапiлi i зачынiлi ў гарадскую турму. Аднак, амаль да смерцi закатаваны, ён нi ў чым не прызнаўся. Тады выправiлi на радзiму гэтага самага Луцыя ўпаўнаважаных, каб яны знайшлi вiноўнiка, якi павiнен адказаць за зробленае iм злачынства'.
У час яго расказу я прыраўняў сваё шчаслiвае жыццё да цяперашняга злашчаснага лёсу асла, уздыхнуў з глыбiнi душы i падумаў, што невыпадкова грэцкiя мудрацы лiчылi Фартуну сляпой i паказвалi яе зусiм бязвокай. Яна заўсёды абсыпае сваiмi дабротамi людзей нявартых, благiх i нiколi не кiруецца розумам, выбiраючы сабе пестуноў памiж смяротных, i з тымi найчасцей важдаецца, ад якiх, каб не была сляпая, павiнна была б уцякаць. А горш за ўсё тое, што стварае iлжывыя i супярэчлiвыя меркаваннi аб рэчаiснасцi, i такiм чынам нягоднiк бывае ўпрыгожаны вянком сумленнага чалавека, а нi ў чым не вiнаватыя становяцца здабычай згубнага нагаверу.
3. Зрэшты, я сам, каго люты нацiск ператварыў у жывёлiну i давёў да лёсу пагарджанага чатырохногага, да долi, якая можа выклiкаць спачуванне i жаль, цяпер узвалiў на сябе яшчэ i абвiнавачанне ў злачынстве супраць свайго любiмага гаспадара. Гэтакi ўчынак правiльней назваць не проста бандыцкiм, а сапраўды бацьказабойчым. I не было ў мяне магчымасцi не толькi абараняцца, але нават i пярэчыць. Дык каб маё маўчанне перад тварам нiкчэмнага абвiнавачання не было растлумачана як знак згоды i прыкмета нячыстага сумлення, я, страцiўшы ўсякую цярплiвасць, хацеў толькi выкрыкнуць: 'Не вiнаваты!' Але няспынна вымаўляў толькi першы склад, а наступных нiяк не мог вымавiць, спынiўшыся на месца i равучы: 'Не, не!' Не памагло старанне як мага акруглiць свае адвiслыя губы. Ды што за карысць скардзiцца на бязлiтаснасць лёсу, калi ён не пасаромеўся зраўняць мяне з маiм уласным канём, з маiм слугой, на якiм раней я ездзiў верхам?
4. Аднак сярод гэтых скрушлiвых думак адзiн клопат турбаваў мяне больш за ўсё. Як толькi ўспамiнаў, што рашэннем разбойнiкаў павiнен буду стаць пахавальнай ахвярай для закатавання дзяўчыны, кожны раз аглядаў свой жывот, i мне здавалася, што я ўжо быў гатоў вызвалiць з сябе гэту няшчасную дзяўчыну.
А тым часам той чалавек, якi толькi што паведамляў пра мяне iлжывыя весткi, выцягнуў тысячу залатых, што былi ў крысе ягонай апранахi, забраныя, як ён казаў, у розных сустрэчных, i, як чалавек справядлiвы, здаў iх у агульную касу. Пасля таго пачаў распытваць пра здароўе сваiх таварышаў. Даведаўшыся, што некалькi з iх, прытым сама адважных, загiнулi па-геройску ў розных абставiнах, пачаў угаворваць даць на нейкi час спакой дарогам i спынiць крывавыя сутычкi, каб заняцца папаўненнем атрада да ранейшага лiку за кошт новых маладых, здаровых i адважных мужчын. Тых, якiя будуць адмаўляцца, можна запалохаць, а iншых завабiць узнагародамi. Ды нямала знойдзецца людзей, якiя, зненавiдзеўшы парадкi паднявольнага жыцця, ахвотна прыйдуць у нашу шайку, бо тут у нас усе роўныя i кожны мае ледзь не тыранiчную ўладу. Сам ён даўно ўжо знайшоў аднаго чалавека i высокага ростам, i маладога гадамi, i моцнага целам, i на руку спрытнага, якога доўга пераконваў i нарэшце пераканаў, каб той прыклаў свае аслабелыя ад бяздзейнасцi рукi да якой-небудзь карыснай справы, напрыклад, пакуль ёсць магчымасць, здабываць золата, а не выцягваць рукi па мiласцiну.
5. Усе згаджаюцца з яго словамi i пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства iншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвiлiну i прыводзiць нейкага, як i абяцаў, высокага юнака, з якiм наўрад цi мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. Не гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсiх, хоць на яго твары ледзь толькi прабiваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якiя прасвечвалiся магутныя грудзi i жывот. I вось гэты новы знаёмы гаворыць: 'Прывiтанне вам, клiенты наймацнейшага бога Марса, якiя сталi мне ўжо вернымi паплечнiкамi. Мужа велiкадушнага i палкага, якi з радасцю да вас прыходзiць, з радасцю прымiце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзi пад удары, чым здабываю золата, i сама смерць, якая палохае iншых, мне толькi дадае адвагi. Не лiчыце мяне жабраком цi даведзеным да адчаю i не мяркуйце аб маiх якасцях па гэтых лахманах. Я стаяў на чале магутнай шайкi i пустошыў усю Македонiю. Я - славуты рабаўнiк, той самы Гем, чыё iмя наводзiць страх на ўсе правiнцыi. Я парастак бацькi Ферона, у сваю чаргу праслаўленага разбойнiка, успоены чалавечай крывёй, выхаваны на ўлоннi шайкi, нашчадак i сапернiк бацькавай доблесцi.
6. Аднак усё мноства маiх даўнейшых адважных сяброў i ўсё маё вялiкае багацце было страчана мною за кароткi час. Здарылася так, што я зрабiў напад на iмператарскага пракуратара, якi атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэрцыяў, але пазней яго справы пахiснулiся, i ён апынуўся ў беднасцi. Боскi гнеў скрыжаваў нашы шляхi... зрэшты, дзеля таго, што гэта гiсторыя вам невядомая, пачну па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмi вядомы сваiм высокiм становiшчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамi некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плацiна, жанчына рэдкай вернасцi i выключнай цнатлiвасцi, нарадзiўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамi сталiчнага жыцця i зненавiдзеўшы раскошу, гэта паплечнiца ў выгнаннi i сяброўка ў няшчасцi абстрыгла валасы, змянiла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якiм былi зашытыя каштоўныя нашыйнiкi i залатыя манеты, i пераносiла небяспекi i нязручнасцi сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку i выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так i на сушы, наблiжалiся яны да Закiнфа, дзе бязлiтасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.
7. Але, як толькi дабралiся яны да актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македонii, былi на здабычы, i з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкi, размясцiлiся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблiзу свайго карабля, мы напалi на iх i ўсё забралi. Аднак нельга сказаць, што мы адплацiлiся нязначнай рызыкай. Як толькi пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоi, клiчучы сваiх слуг i вартаўнiкоў, i сваiм крыкам усiх напалохала так, што, каб яны не пахавалiся хто куды, мы не выйшлi б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлiвасць, годная жанчына, якая сваiмi выключнымi якасцямi заслужыла прыхiльнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай i дабiлася для свайго мужа хуткага вяртання i загаду на помсту за напад. I як толькi Цэзар пажадаў, каб перастала iснаваць брацтва разбойнiка Гема, адразу яго не стала - такую ўладу мае адзiн узмах рукi iмператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамi вексiларыяў, аказалася рассеянай i выбiтай, i толькi я адзiн, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.
8. Апрануўшы квяцiстую жаночую сукню, якая ападала незлiчонымi складкамi, накрыўшы галаву тонкай хусцiнкай, абуўшыся ў белыя далiкатныя жаночыя туфлi i схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, i праехаў праз самую сярэдзiну варожага атрада. Жаўнеры палiчылi мяне за паганятага аслоў i прапусцiлi без нiякай затрымкi. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым i мае шчокi ззялi юнацкай свежасцю. Пры ўсiм гэтым я не зганьбiў нi бацькавай славы, нi сваёй доблесцi, хоць i давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.
I ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзiночку нападаў на двары i сёлы i змог назбiраць сабе грошыкаў на дарогу'.
I, расхiнуўшы свае лахманы, ён дастаў з iх дзве тысячы залатых. 'Вось, кажа, - ад усяго сэрца падарунак вашай кампанii, цi, правiльней кажучы, мая доля, i адначасова прапаную вам сябе самога, калi вы не супраць, у сама верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмi кароткi час зраблю гэта ваша каменнае