дзiва й пра яго сьведчаньне за жывога Iсуса Хрыста.
- Што з Вамi, гер магiстр? - кажа жыд, - Ужо цi не хацелi б Вы, каб я ў галечы й брудзе пранэндзiў сваё жыцьцё, як большасьць майго народу?
Айцэн з гарачым абурэньнем адвяргае нават подумку такую; ён, кажа, мае сваю думку, што да жыдоў i iх карыснасьцi, нават сям-там, кажа, датачыў пра гэта ў казанях; калi б аднак, падкрэсьлена кажа далей, калi б аднак усе жыды былi такiя, як сэр Агасфэр, такiя велiкадушныя i датклiвыя духам у спагадзе сваёй, тады пытаньне стаяла б iнакш, i многiя-многiя з гояў прымiрылiся б з прысутнасьцю жыдоў у Германii, а нават давалi б iм сваю абарону на дарогах i ў гарадах, замест каб нападаць на iх i адбiраць у iх тое, што яны нахапалi сваiм лiхвярствам, замест таго каб адпякаць iм куханы й тузаць за бароды. I гэта, дадае ён, нягледзячы на тое, што сэр Агасфэр больш за тысячу пяцьсот гадоў таму назад прагнаў нашага Госпада Iсуса ад сваiх дзьвярэй; бо ясна ж вiдаць, што ён за доўгi бадзяжны свой час ачысьцiўся i сардэчна раскаяўся ў сваiм ганебным учынку й гатовы, як гэта зрабiў у Гэльмштэце, скласьцi сьведчаньне пра вялiкiя пакуты Iсуса Хрыста, якiя ён панёс за нашыя грахi.
Сэр Агасфэр разумнымi вачыма глядзiць на магiстра, якi iдзе поруч з лэдзi i ўсё прымае блiзка да сэрца, i гэты, крыху няўпэўнены, цi не адгадаў жыд, куды хiлiць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваiмi словамi, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, i кажа:
- У Вiтэнбэргу, калi яшчэ там я вывучаў тэалёгiю, мой настаўнiк Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцiнусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Пiлiп Мэланхтон лiчыў, што як што вы былi сьведка, як наш Гасподзь Iсус iшоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглi б выказаць пэўныя сумненьнi й адносна таго, што а цi быў ён сапраўдны мэсiя, i тым самым памагчы навярнуць iншых жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя i перавучыць iх, навярнуць немагчыма.
Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбiваючы клiнкi дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, i што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапiлiся за чубы з-за гэтага, толькi пад канец магiстр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такi халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.
Цi тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, цi тое ад блiзкасьцi лэдзi, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкi адлятаюць зь iм; рэдка калi ён бачыў сьвет так выразна й так просталiнейна аргумэнтавана: менавiта, што ён, карыстаючыся iдэяй свайго настаўнiка Мэланхтона, мог бы так i так ушыць крымiнал Агасфэру, тым часам як сэр цi як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялiкай абшчынай жыдоў i iншых, сьведчачы за мэсiю, i тым самым усiх жыдоў разам робiць ворагамi й тым самым прычыняе вялiкую шкоду гешэфту, калi ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Iсус ня быў мэсiя, ня быў сапраўдны Сын Божы, якi за нашыя грахi узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскiм, у залежнасьцi ад месца дыспутацыi, выкрываецца як махляр i фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калi ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькi адзiн прытулак i аднаго абаронцу, менавiта магiстра Паўля.
Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб iнстытуяваць такi spectaculum, i гер галоўны пастар Эпiнус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьцi супроць жыдоў i супроць яго самога таксама ня зробiць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, i чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, i таму ён сьвiдруе далей i кажа жыду:
- Цi можна на вас разьлiчваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай i перад усiм народам зрабiлi, што бачылi нашага Госпада Iсуса ў плоцi й што ён быў тым, кiм быў?
Тут лэдзi, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нiчога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закiпае гневам i кажа:
- Што вам такое ў галаву завярнула, гер магiстр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлiгii, зь якою кожны можа абыходзiцца, як сам хоча, будзь ён жыд цi хрысьцiянiн.
Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцiнуса й iншых вучоных гераў, i ён кажа:
- Баранi Божа, лэдзi, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьцiла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума вiдамi, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлiгiя гэта справа начальстваў i агульнага парадку, iнакш тут будзе кiшэць рознымi баламутамi, чмутамi, чарадзеямi й лiхадзеямi, ератыкамi й бунтаўшчыкамi, што царкве й законам - амба; ёсьць толькi адна праўда, i яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхiзiсе доктара Марцiнуса Лютэра, i таму было б вельмi пахвальна, калi б сэр устаў перад усiмi жыдамi й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Iсусам, якi быў наканаваны збаўца альбо мэсiя i што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага iншага мэсii i яны з добрым i чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзiнашчасьцедайную веру.
Лэдзi Маргрыт бачыць, зь якiм запалам магiстр змагаецца за догмат веры, i думае, што ну нiяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымi настойлiвымi словамi а цi не ляжыць якi-небудзь iншы iнтэрас, але ня ведае, якi, i ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзiць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялiкiя турботы пра душэўныя даброцi ягоных братоў па веры i што падумае: рабi быў адзiн такi, пра каго можна вой колькi ўсяго расказаць, як i пра чатырох евангелiстаў, якiя больш чым у адным толькi пункце ня сыходзiлiся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце - прыйшлi.
Не сказаць, каб магiстр Айцэн альбо дзева Барбара выйшлi з голай галечы, не; палатно й шэрсьць, як i карабельныя пастаўкi кормяць гаспадара, i ў доме Штэдэраў як i ў Айцэна гер Голад нiколi за кухара ня быў, у кожнага свой пакой i свой ложак i свае дзьве кашулi; але дом сэра Агасфэра, хай толькi зьняты, гэта ж толькi падзiвiцца! раскошай перабiрае ўсё, што яна калi-колечы бачыла, i абодвум паўстае як палац, так пакняску абсталяваны й багата дэкараваны. Ногi топнуць у каляровых дыванах, падобных на расквечаныя лугi, мэбля самага тонкага й далiкатнага вырабу, сталы й крэслы й шафы й сподкi пад талеркi й кубкi; яны з палiраванага срэбра i ў пазалоце, а побач дзiвоснай разьбы фiгуркi з высакароднай драўнiны й слановай касьцi. Цяжкiя сьвяцiльнi й кандэлябры таксама з срэбра й мастацкай выштукаванасьцю куды вышэй за тыя, што ў сьв. Якава й сьв. Пятра, i тоўстыя васковыя i лойныя сьвечкi ў iх лiюць мяккае сьвятло на чалавека й рэч, найперш на сьцены з дарагiмi шпалерамi з голымi нiмфамi на iх, калi тыя бавяцца з аднарогам, а на тых вунь - траянскi прынц Парыс, выбiрае, якая з трох багiняў самая прыгожая, i ўсе тры з голымi пышнымi грудзьмi, апетытна акруглымi клубамi, ну як ўсё роўна ў лэдзi Маргарэт, якая здымае зь сябе шпацырную палярынку й запрашае гасьцей за стол у сукенцы, якая i выстаўляе яе панаднасьцi, i дзiка пачашчае дыханьне магiстру Айцэну. Стол накрыты цудоўнымi блюдамi: дразды, гефiлтэ фiш i самая розная смажанiна, усё строга кашэрнае, як з усьмешкай тлумачыць сэр, далiкатна прыпраўленае, да ўсяго дарагiя бутэлькi зь венецыянскага шкла, празь якое iскрыста праблiсквае вiно. У адным эркеры сядзяць двох музыкаў, адзiн зь лютняй, другi зь вiялiнай, граюць пяшчотныя мэлёдыi, да таго ж каторы зь лютняй яшчэ й сьпявае, праўда не пра Бога, не пра нябесныя радасьцi, а пра каханьне й любоўную млосьць. Адна асалода застольнiчаць, асаблiва калi жыд, як гаспадар на чале стала, лэдзi каля магiстра, а Лёйхтэнтрагер сядзiць пры дзеве Барбары, гэтакiм чынам яшчэ цясьней ушчыльняючы повязi, якiя ўзьнiклi падчас шпацыру.
Магiстру Паўлю аж так добрыцца на душы ад ежы й пiтва, а яшчэ ад таго выпраменьваньня, якое йдзе ад яго суседкi, якая выдатна падагравае i iскрыць свае сокi; пры гэтым Маргрыт, цi як яе - прынцэса Трапезундзкая альбо лэдзi падкладвае яму самыя лепшыя кавалкi, падлiвае зноў i зноў, i за кожным разам ён бачыць, як яна паводзiць пышнымi плячыма, што здаецца адкусiў бы кавалачак зь iх, а не з талеркi, i як яна так умела туга напiнае грудзi, што яны аж як бы самi просяцца з карсажа. Але й дзева Барбара штораз больш разахвочваецца да свайго суседа, якi салодзенькiмi губкамi нашэптвае ёй на вушка ўсякае-ўсялякае, як ён хоча яе, асаблiва за яе дзявоцкiя формы, i, божа, як бы ён зь ёю пабавiлiся, як анёлкi памiж сабою, а ён як хохлiк, а менавiта ж бо ззаду, альбо ж i зьверху бубкi, зьнiзу губкi - таксама сьлiчна!, пакуль абое, зьлiўшыся, ня пырхнулi б у адзiную шчаснасьць, якая даецца добрым людцам ужо тут, на зямлi, i што ён трымаецца толькi зь вернасьцi свайму сябру Айцэну, якi, як яна можа лёгка бачыць, ужо даседзеўся да таго, чаго Сьвяты Дух ужо выседзеў у Марыi. I якраз таму, што Барбара пра такiя забавы пакуль што ведала толькi па чутках, ня кажучы пра тое, каб начамi ў iх практыкавацца, кроў гарачымi хвалямi шумуе ёй у галоўцы, але тым часам i ў тым месцы, якiм ведзьмы садзяцца на памяло, высока ў паветры летучы на Блоксберг на шабас, i ў яе беднай галоўцы ўзьнiкаюць выявы голых цел, палка склiненых памiж сабою, i ў такой