грахоўнасьцi, што яна ўжо ня можа й сваёй калейкай шэпцiкам лашчыць Лёйхтэнтрагеру вушка, што годзе, напрамiлы божа, ну, перастань жа, ад такiх слоў я ўся перавялася.
Тым часам жыд зь нейкай адмысловай пляшкi налiвае гасьцям у чаркi салодкага, цяжкага вiна, пра якое кажа, што сам чорт гадаваў лазу й чавiў гронкi, але рэбэ Ёшуа, як хрысьцiяне называюць Iсуса, на сваёй апошняй тайнай вячэры з вучнямi пiў якраз гэтае вiно i, як вядома, дабраславiў яго, так што вiно сёньня робiць так, што таму, хто яго п'е, праўдзяцца ўсе яго жаданьнi. Пасьля кiвае музыкам, тыя выходзяць наперад, i каторы зь лютняй схiляецца перад лэдзi й перад дзевай Барбарай i заводзiць песеньку:
Мне так, ня знаю як,
ты ўся ў маiм нутру,
Прыйдзi, аддайся мне,
iнакш бо я памру.
Iнакш памру.
Як зорачка ўначэ,
так я к табе лячу.
Прыйдзi, дай сэрца мне
i нештачкi яшчэ.
I дай яшчэ.
Гасподзь стварыў людзей,
зь людзьмi цяпер бяда.
Прыйдзi, пусьцi ў сябе,
кашлатачка н-да... н-да...
Мая бяда.
Ад гэтых слоў, ад музыкi Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магiстр у вочы лэдзi, i ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьцiлiся ад дабраславёнага вiна. Сэр Агасфэр дае знак, i цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавiна налева, другая палавiна, значыцца, направа, i вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як i тая, дзе банкетавалi, але крыху меншая, пасярэдзiне якое шырокi ложак зь мяккiмi падушкамi й балдахiнам, так званым нябесным дахам над iм, расшытым золатам з кутасамi па краях.
А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсiх законах гонару, натуральна: ён i лэдзi будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магiстр лепш ня ўчынiў бы.
I з гэтымi словамi ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабiце, увесь у чорным i зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнiгу, была яна Бiблiя цi не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круцiцца ў галаве, вочы лезуць з вачнiц, калi ён вось так стаiць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай i яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карцiне майстра Кранаха зь Вiтэнбэрга, з каштоўным калье на шыi й рознымi iншымi залатымi штукенцыямi на руцэ.
А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнiгу й кажа:
- Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пiсаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, i стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабiць мужчыне памочнiцу, каб ня быў ён адзiн. Але муж павiнен быць верны сваёй жонцы, як i жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваiм целам, а муж. Вы, жанчыны, павiнны, слухацца сваiх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкi, як Хрыстос ёсьць галава эклезii вернiкаў. Але як абшчына вернiкаў падданая Хрысту, так i жонка падданая мужу свайму ва ўсiх справах ягоных.
Магiстр ведае тэкст вельмi добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, i ўсё ж яму здаецца, што гучаць яны як чысты зьдзек i кпiны, асаблiва калi сэнс iх прыкласьцi не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар i валадар. I ўвесь сьцiнаецца, калi Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:
- Цi хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьцi, пакуль сьмерць не разлучыць вас?
- Хачу, - кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў 'Лебедзях' у Лейпцыгу, i чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньнi, цi хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, цi хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсiх справах, пакуль сьмерць не разлучыць iх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у iмя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на 'ты' са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскiдае рукi, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагiнаецца, расшнуроўвае абутак, а менавiта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравiк на коўдру над жыватом дзевы й кажа: 'Каб ты ведала, пад чыiм ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар'; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзi звонка пляскае ў далонi й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьмiхаецца далiкатна й пытаецца ў магiстра, цi не хацеў бы ён зрабiць прыгатаваньнi й далучыцца да суджанай яму.
Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзi й выходзiць, за iм Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, i толькi салодкая музыка застаецца. I тут нападае на Айцэна вялiкi юр, i ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавiта, што Бог стварыў усiх i ўсякiх жанчын з аднолькавай дзiркай i для аднолькавых патрэб i мэтаў; i не марудзячы далей, ён скiдае зь сябе парадную вопратку i ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьцi й юрзае заднiцай, быццам змалку нiчога iншага не рабiла, уся жарсьць i пажада, i стогне й клiча: 'Ходзь, каханы, ходзь да мяне', i Айцэну робiцца весела, калi чуе, якi ў яго прыгожанькi гарбок, якiя прыгожыя i густыя валаскi на грудзях, ну, i ўсё такое iншае. I заўважае раптам, што на ёй iнкуб, але й сам адчувае, што такi самы iнкуб i пад iм, нiбыта Барбара, i ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькiм i леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нiчога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.
А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, i абое засынаюць. Калi празь некалькi гадзiн прачынаюцца, на дварэ займаецца на ранiцу, i ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэнi й затканай павуцiньнем, у нейкай дзiкай трушчобiне на прадмесьцi, i нi ён, нi Барбара ня ведаюць, як сюды дасталiся, i замест iх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькi адмысловага швiва бот Лёйхтэнтрагера адзiнока стаiць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калi яны цiхенькiм крадком сыходзяць па лесьвiцы, выходзiць фраў гаспадыня i гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскiх, а ў яго нi пфенiга нi ў кашулi, нi ў штанах, i Айцэн мусiць паслаць пасыльнага з запiскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строiць зьдзекi ўсялякiя, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, i колькi сiнякоў яму яна насадзiла сваймi касьцямi.
РАЗЬДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
У якiм дасьледуецца, адкуль магло пайсьцi, што з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самыя зацятыя ахоўнiкi парадку, i адначасова расказваецца пра процiлегласьць памiж 'не' i 'так' i цяжкасьцi пры будаўнiцтве царства свабоды
Мы лунаем.
У глыбiнях прасторы, якая называецца шэол, што распасьцiраецца па-за межамi стваральнасьцi, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьнi.
Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма нi Бога й нiкога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькi Нiчога, а Нiчога ня мае вушэй.
Я не баюся, кажу я.
Люцыпар крыва ўсьмiхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмянiць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.
Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьцiц, мiзэрных часьцiнак Нiчога, якiя зь Нiчога рухаюцца ў Нiчога.
Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.
Дзе астатнiя? кажу я. Дзе твае цёмныя сонмы, якiя былi скiнутыя зь неба над нябёсамi разам з табою i са мною за тое, што мы перад Богам адмовiлiся ганараваць чалавека, якога Ён стварыў паводле вобрзу свайго з грудачкi пылу й кропелькi-вадзiнкi й вятрынкi й жарынкi агню. Дзе яны?
Тут мiнаецца ўсё, кажа ён.
Я бачу, як ён дрыжыць ад вялiкага холаду, якi вакол нас, i я разумею, што ён шукаў мяне, бо яшчэ горш за Нiчога ёсьць думка пра яго, Нiчога, вечнае iснаваньне.
Я гнаў цябе й твой чын, кажа ён. Ты ўстаў, выпрастаўся i адняў свой кулак i рабiўся ўсё больш i больш