«Але як жа гэта?.. Як?.. Чаму?.. ? неўзабаве слупам паўстала ў галаве неўразумелае запытанне. ? Чаму так недарэчна, так няўдала, так рана і так балюча?..»
Ён хацеў сказаць сабе, чаму так недарэчна ён гіне тут, калі заўсёды так дбаў пра сваё жыццё і больш за каго іншага зрабіў для яго паратунку? Хіба ён не бярог сябе, хіба не туліў-ся да самай зямлі, хіба не хітрыў, не выкручваўся, як толькі можна было, каб зрабіць як лепей для сябе, для свайго жыц-ця ? ніколі не лез на ражон, а так ціхенька, хітравата, можа, не заўжды сумленна, але затое і без вялікае шкоды для ін-шых. Шкоды нікому ён не хацеў і нават тады, калі ў чым была маленькая выгода яму, але што ж зробіш, калі ў жыцці ўладкавана так, што добрае сабе можна прыдбаць, вельмі часта падсунуўшы благое іншым…
Недзе бліскалі-гарэлі ракеты, іх белае святло торапка блукала між кустоў па ледзяным доле. Зверху праз суччо хмызняку блішчэла палавінка месяца і гарэлі, сноўдалі, іскрыліся па-зімоваму яркія зоркі ? яны поўніліся сваім адметным
ад зямлі клопатам, у іх была там суладнасць, згода, поўныя вялікага незямнога сэнсу…
Рыбчонак ціха енчыў ад болю, сутаргамі біўся на лёдзе,
і ў яго тлумам затуманенай галаве снавалі, жылі і біліся
ў роспачнай безадказнай маўклівасці вялікія зараз думкі-пы-танні: чаму? і за што?
Чаму гіне іменна ён, малады і здаровы дваццаці шасці год чалавек, які толькі яшчэ пачаў ладзіць сваё жыццё, свой дабрабыт і так многа яшчэ не пазнаў, недалюбіў, недагуляў, недабачыў… Дзе ён зрабіў памылку, на чым пакаўзнуўся, што не выканаў з мудрых бацькавых наказаў, такіх, накшталт: «Заўжды кумекай, як жыць», «Не глядзі, што людзі кажуць, глядзі, што робяць», «Слухай усіх і нікому не вер», «Усё, і благое, і добрае намотвай на вус, тады будзеш як туз».
Такое гэта было тады шчаслівае і далёкае жыццё: бацька яго працаваў на гарбарным заводзе і зарабляў някепска. Але тое, што было атрымана па ведамасці, складала толькі пэўную долю з прыбыткаў іх гаспадаркі, якая складалася з хаты, абшаляванай у елачку, гарода з садком, раўка, на якім яны збіралі капешкі са дзве сена для сваёй каровы. Яшчэ нейкую і немалую долю іхняга бюджэту бацька здабываў таемна. Рыбчонак
і дагэтуль не ведаў усяго, але памятаў, што ў бацькі заўжды было некалькі вельмі патрэбных сяброў, якія любілі выпіць, з імі «за кампанію» піў і бацька, гэты скупы скнарлівы чалавек прапіваў часам і свае грошы. Але малады Рыбчонак ведаў, што бацька п’е не так сабе, што ён п’е з людзьмі, якія былі патрэбны яму. Яшчэ дзіцём Рыбчонак даведаўся, што ўсе людзі дзеляцца на патрэбных і нікчэмных. Патрэбных бацька прыводзіў дадому, матка пякла ім яешню, патрэбным ён ірваў у садку кошыкі яблык і сам адносіў у пэўныя адрасы. Непатрэбныя боязна ўваходзілі ў брамку, дзе іх сустракаў звяглівы Валет, бацька, перш чым падысці і абараніць іх ад сабакі, бубніў пры сабе кепскія словы. Непатрэбнымі людзьмі былі шмат якія суседзі, ад якіх яны адгароджваліся высокімі з калючым дротам платамі, некаторыя рабочыя з завода, а таксама матчына цётка Галена
і яе дачка Зоя, што некалькі з ім вучылася ў гарадскім тэхнікуме. Спачатку Зоя жыла ў іх, а затым перайшла ў інтэрнат, і калі часам наведвалася да іх, бацька кожнага разу хмурыў бровы
і маўчаў. Аднойчы яны прыйшлі ўдзвюх з Галенай (тая была
з вёскі), цётка прынесла гасцінцаў ? кілбас, сала, сыр, загорнуты ў вільготную анучку, бацька павесялеў трохі, лагодна разві-таўся, а пасля, калі праводзіў сваякоў за брамку, заклапочана шкрэб за вухам і пытаўся ў маці:
? Чаго б гэта Галена раздобрылася? Няйначай, прасіць што будзе? Нездарма гэта ? ласункі.
Галена аднак болей не прыйшла да іх, паехала некуды
на працу і Зоя, а Рыбчонак доўга чакаў, калі ж гэта высветліцца, чаго таемна дабівалася цётка. Але чакаць ім давялося марна.
Жылі яны моўчкі, сквапна да ўсяго, што можна было пера-тварыць у грошы: маці кожнага ранку выпраўлялася на рынак, прадавала гародніну, малако, кветкі і з-пад палы ? хромавыя нарыхтоўкі і падэшвавы тавар на боты. У іх быў лепшы на вуліцы дом, пакрыты цынкаванай бляхай, спакваля яны паспраўлялі хатнюю абставу, купілі патэфон, швейную ма-шыну. У Рыбчонка заўжды былі цэлыя башмакі, паліто, цёплая шапка, сястра Нэля рыхтавалася замуж і накладвала ўсячынай паточаны шашалем бабін куфар.
З самага маленства Рыбчонак засвоіў бацькоўскія ісці-ны: «не ўкрадзеш ? не пражывеш», «з праўды штаноў не па-шыеш», «дурняў работа любіць». Скончыўшы шэсць класаў, ён кінуў школу і пайшоў на той жа гарбарны завод, дзе працаваў і бацька. Бацька тады ўжо зусім узяў яго пад сваю апеку ? яны па чарзе кралі з красільні скуры і выкідвалі
іх уначы за плот. Плот быў дашчаты, стары і паламаны,
і ў глухім месцы адзін перакідваў, а другі падбіраў у кра-піве. Але прапажу скур на заводзе прыкмецілі, паставілі
на ахову яшчэ некалькі вахцёраў, красці стала трудней. Баць-ка доўга думаў, як быць, бо без «свежай» капейкі жыць стала цяжэй, а галоўнае, нецікава, і ён удумаў. Ён стаў старацца на працы, некалькі месяцаў падрад даў самую высокую на заводзе выпрацоўку, прыдумаў рацыяналізацыю. Усё гэ-та не засталося непрыкмечаным, яго прэміявалі, залічылі стаханаўцам, аб ім сталі пісаць у газетах, ён заў-жды сядзеў у прэзідыумах розных сходаў. Вахцёры ў прахадной, як
і ўсе на заводзе, пранікліся павагай да яго і рэдка калі для прыліку мацалі яго кішэні, а часцей прапускалі так ? ніхто не наважваўся і падумаць, што такі чалавек можа што ўкрасці. А Рыбчонак стаў выносіць мяккія хромавыя скуркі ў халявах, пад світкай, у штанах. Увечары дома, калі зачыняліся стаўні, ён у спальні вымяраў свае дэцыметры і хітра пасмейваўся:
? Выгода, а што думаеш! І стаханавец ? выгода. Хе-хе. Партбілет бы яшчэ агораць…