дрыжэла ад сутаргаў, болю і сцюжы. Смерць была блізка, яна ўсё настойліва падкамячвала пад сябе ягонае цела, нішчыла жыццё болем, ад пякельных кашмараў мутнела свядомасць. Часам ён забываўся, дзе ляжыць і што сталася з ім. Угары гарэла нейкая вельмі яркая зорка, час ад ча-су яна напамінала пра тое, што ён не пераступіў яшчэ таго апошняга парога, за якім была адвечная пустка. Ён то абу-джаўся, то зноў заміраў, у разгарачанай свядомасці таўкліся прывіды, пасля з’яўляліся выразныя думкі і зноў пачыналася немаведама што. Здавалася Рыбчонку, што ён імчыцца некуды ў цемры, што хтосьці крычыць у ім, спрачаецца, скуголіць і гамоніць-скардзіцца ўрыўкамі ягоных фраз-думак.
Але смерць чамусьці не спяшалася так, як спярша здалося яму. Жыццё ўсё яшчэ змагалася з ёю, і часам Рыбчонак думаў, а можа ён выжыве. О калі б выжыць! Хоць бы пажыць яшчэ трошкі, хаця б некалькі тыдняў! Ён ужо згодны быў застацца ў роце, кожнага дня пакутваць пад лютым нямецкім агнём, мерзнуць, не спаць, галадаць, толькі б пажыць яшчэ
з год, паўгода, месяц. Навошта ўсе тыя яго хітрасці, усе заха-ды за ўсё жыццё, калі такі заўчасны і такі недарэчны канец? Ад роспачы, крыўды і па-ранейшаму пякельнага болю ён застагнаў глуха, цягуча, хрыпата, яго маглі ўчуць немцы, але ця-пер гэта ўжо не мела значэння.
І раптам, здалося яму, сапраўды яго ўчуў нехта, нехта зводдаль ціха знаёма паклікаў:
? Гэй! Хто тут?
Рыбчонку здалося, што яго аж ускінула ад радасці ? то бы-лі свае, родныя, дарагія рускія людзі ? яны выратуюць, дапамогуць, яны не аддадуць яго смерці. Раптоўна падзесецярылася ў ім прага да жыцця і надзея, ён зварухнуўся і прастагнаў гучней, чым усе разы, з прыцятым унутраным крыкам:
? О-о-о-ох!
Яго ўчулі, нехта затупаў па лёдзе сюды ? усё бліжай і блі-жай, Рыбчонак яшчэ застагнаў і знямог ? ад радасці, палёгкі
і напружанай балючай надзеі…
11.
Да часу атакі заставалася яшчэ некалькі хвілін, як на КП пачулі шалёную страляніну ў баку шостай роты. Адчуўшы, што здарылася штось нечаканае, Васілевіч паўслухоўвася
з хвіліну, потым устаў з долу і паспакайнелым голасам коратка кінуў Сахно:
? Я ? туды! У шостую роту.
Сахно не запярэчыў і не пагадзіўся ? ён ваўкавата змоўчаў, седзячы на краі варонкі. Люся варухнулася, паімкнулася наперад, бы хочучы нешта сказаць, але не сказала, толькі ўстала і зноў села ля рацыі.
Васілевіч пайшоў у цемры, натыкаючыся на нябачны ў доле нізкарослы хмызняк і ўглядаючыся ў той бок, дзе ва ўсю моц гулка грахалі чэргі, мігалі, пырскалі агнём ракеты ? ві-даць, там сталася нешта нядобрае, і трэба было спяшацца. Вядома, Жаркоў быў някепскі сяржант, Васілевіч ведаў яго даўно і спадзяваўся, што ён не наробіць якога глупства,
але ўсё ж ён быў толькі сяржант, а абстаноўка складвалася без асаблівых надзей на ўдачу.
Ён ішоў адзін. Ардынарца ў яго не было ўжо некалькі дзён (параніла, і ён адправіў яго ў медсанбат), браць якога салдата з роты цяпер, калі так дораг там быў кожны баец, ён не хацеў і таму абыходзіўся адзін з сувязнымі і Люсяй. Цяпер жа, зняты з камандавання, ён страціў і тых і ішоў адзін ? пасунуў толькі кабур з «ТТ» бліжэй да спражкі і адклаў каўнер паў-шубка, каб лепш было чуваць навакол.
Немцы ажно шалелі ? усё кідалі за пагоркам у чорнае неба зіхатлівыя гранкі ракет, ва ўсю трашчэлі кулямётныя чэргі, мільготкія трасы, апярэджваючы прыглушаны зводдаль грукат стрэлаў, сям-там імкліва выскоквалі з-за хмызняку
і агністымі пісягамі праразалі зорную цемру ночы.
Хоць капітан і супакойваў сябе, але ўсё ж прыкметна
і міжвольна нерваваўся ад усяго, што сталася ў гэтую ноч,
і цяпер ішоў, слепа дзёўбаючы ботамі ў хамлакі змёрзлай травы. Ён быў невясёлы і думаў, што людскія хібы ? упартасць, самалюбства, пагоня за асабістым, пэўна, яшчэ доўга будуць прыносіць людзям вялікую шкоду. У каторы ўжо раз прыпаміналіся яму мудрыя словы яго старэнькага настаўніка, пасля калегі ? Рыгора Іванавіча, чалавека, які нейкім чынам па-свойму аформіў шмат што ў яго, Васілевічавым характары, светапоглядзе, адчуваннях. Ён сказаў некалі: найгоршае хіба нясе чалавек, калі ён дабіваецца ад людзей нечага ў сваю карысць. Гэта злачынства.
То была праўда. І яшчэ казаў некалі Рыгор Іванавіч, што каб зразумець сутнасць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам. Сёння акурат вось здарылася, што Сахно
з сябра стаў нейкім чынам яго камандзірам, і вось цяпер толь-кі праявіўся ў поўнай меры ўвесь яго чалавечы склад. Васіле-віч адчуваў, што для таго, каб утрымацца неяк на той ступень-цы, на якую выпадкова паставіў яго камандзір палка, Сахно не спыніцца ні перад чым, ужо тут ён забудзе, відаць, і на іх сяброўскія адносіны, і на тую цану, якой можа абысціся батальёну гэтае яго павышэнне.
І тым даражэй быў Васілевічу даўні, але незабыўны прыклад Рыгора Іванавіча, які ніколі не рабіў таго, што хоць бы ўскосным чынам несла карысць перш за ўсё яму, або таго, што пярэчыла яго перакананням. Калі ён патрабаваў бездакорнага ведання гісторыі, якую выкладаў, дык вучні разумелі, што гэта патрэбна ім самім, гэта не тое, што Вольга Наумаў- на, іх класны кіраўнік, якая крычала калі ў канцы чвэрці: «Вы можаце сабе не цікавіцца, калі такія ёлупы, але вы здайце; мне ацэнкі патрэбны, а то паспяховасць завалілі: найгоршы клас у школе». Тое не дапамагала, як не дапамагалі
і ўшчуванні, калектыўныя і індывідуальныя, вучні бачылі, што паспяховасць патрэбна была Вользе Наумаўне болей, чым ім, і не вельмі хацелі вучыцца дзеля такой крыклівай кабеты.
Колька Васілевіч пяць год з хлапчукоўскай улюбёнасцю адносіўся да гэтага старэнькага, трохі