Дземідовіча, прытрымлівала свой крок, каб ня дужа адрывацца ад чалавека. Так яны адолелі даволі даўгі схіл і падышлі да канца траншэі. Тут, аднак, у мелкай, па пояс, ня болей, траншэі ня надта каб было схоўна, і ду-жа гразка ў дне, але Серафімка скочыла ў яе шчыліну; неўзабаве туды, павагаўшыся, улез і Дземідовіч. Прыгінаючыся, яны доўга прабіраліся крывулякамі разьбітых хадоў, якія пакрысе рабіліся глыбейшымі, бруствер абапал вы-шэў, і высокаму Дземідовічу ўжо можна было ня горбіцца. Але, мусіць, яму не спадабалася нешта, і ён, ужо другі раз прыпыняючыся, пытаўся ў Серафімы:
– Куды гэта мы?
– Ідзіце, ідзіце, – лагодна казала яна, азіраючыся. – Там двое, але нічога. Бліндаж вялікі.
– Бліндаж?..
– Ну, бліндаж.
Дземідовіч ня ведаў, радавацца ці злаваць – бліндаж і ней-кіх двое ў ім – добра, калі свае. А калі немаведама якія? Як та-ды яму быць?
Мусіць, ля апошняй павароткі яны спыніліся, і Серафіма ціха гукнула:
– Гэта я, Серафіма...
– Ты, тётка? – глуха данеслася з-пад зямлі, і Серафімка першая падышла да напаўзасыпанага ходу ў бліндаж. Дзе-мідовіч жа нерашуча спыніўся зводдаль, і толькі як яна сха-валася там, сунуўся сьледам.
– Во прывяла яшчэ, – казала камусь Серафімка. – Ня бой-цеся, свой. У райкаме рабіў.
Дземідовіч стаяў, дужа ўгнуўшы галаву, якая ўпіралася
ў нізкую столь, і ва ўсе вочы глядзеў у паўзмроку на вайскоўца з забінтаваным тварам, што ляжаў у куце. Той па-клаў на палу шыняля свой пісталет і адхінуўся на сьпіну.
– Фамилия?
– Дземідовіч, – сказаў госьць. Тут ужо, мабыць, можна было не таіцца, перад ім ляжаў, мусіць, паранены капітан войск сувязі. Трохі паспакайнеўшы, Дземідовіч зірнуў убок, за Серафімку, і сударгава сьцяўся: з другога кутка на яго піль-на і выпрабавальна ўзіраўся нейкі дзяцюк у нямецкім мундзіры з няпэўным, але адразу відаць было, чужым выразам на белабрысым твары. Мусіць, зразумеўшы зьдзіўленьне Дземідовіча, Серафімка пасьпяшалася супакоіць яго:
– Нічога, нічога… Як-небудзь…
«Добра – як-небудзь», – падумаў Дземідовіч, які ўжо быў ня супраць даць адсюль драла, каб толькі мог. Але ўжо, му-сіць, яму адсюль ня выйсьці, ён ужо ў пастцы – такія думкі перш за ўсё іншае паявіліся ў яго галаве. Капітан між тым варухнуў упартым падбароддзем, паказваючы кудысьці ўбок.
– Садись, Демидович, рассказывай. Где наши? Это не-мец-дезертир, не обращай внимания. Закурить имеешь?
– Не куру я… – паныла выціснуў з сябе Дземідовіч.
– Не куришь? Жаль… А то у немца эти сигареты, что трава. Серафима! – паклікаў капітан. – Ты не сможешь достать курева? Ну махры там или самосада?
– Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.