месяц зімовы глядзеў і сьмяяўся: — Сумна табе? — ён як быццам пытаўся, — праўда, ня сьпіцца у сьветлыя ночы? Ўстань і зірні на вакно, што адзета тонкаю сеткаю з рож серабрыстых, пэўна, як глянеш, прыпомніш ты лета, яркія красак у садзе маністы. Пэўна, прыпомніш ліпнёвыя ночкі, зорак узор, прыгажэйшы за сонца, сонна прыціхлыя ліпкі, дубочкі, цёмнае неба бяз краю, бясконца. Ўспомніш, як ціха бывала ў пакоі, ўсе ужо спалі, а ў вокны глядзела мляўкая цемра, паўночча глухое. Ўспомніш, аб чым ты тады летуцела, ўспомніш, як бралася плакаць парою, ўспомніш, як сэрца чагосьці шукала, ўспомніш, аб чым гэткай ночкай з сабою, толькі з сабою адной гаварыла. Ўспомніш, як глянеш на срэбныя краскі, ўсе свае думкі, надзеі дзіўныя, сумныя, быццам зімовыя казкі, ясныя, быццам вясьнянкі лясныя. Ўспомніш пра ўсё, што тады ты хацела, ўсё, што ў жыцьці ты яшчэ не пазнала, твары няясныя тых, што нясьмела толькі у снох, у лятунках кахала… Ў снох… а ня сьпіцца у сьветлыя ночы, сон мой сягоньня так рана парваўся, бо цераз вокны мне ў самыя вочы месяц прыгожы глядзеў і сьмяяўся.

У клясе

Нудна, нудна у клясе сягоньня, Неяк цёмна і ціха зусім. Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна Ясакор лісьцем б’ецца сухім. Дахі мокрыя зьзяюць, як з сталі, Нейкім бліскам халодным, цяжкім. Імжыць дождж, а ў вакно перасталі Біць лісьцём ясакоры сухім. Каля дошкі высокай і чорнай Стаіць Люба і піша, маўчыць. Ціха ўсё, а ў вакно аднатонна Зноў лісьцё ясакора гучыць. Неяк дзіўна, так ціха сягоньня, Ані сьмеху ня чутна, ні слоў. Ўсе маўчаць, а ў вакно аднатонна Ясакор перастаў біцца зноў. Доўга, доўга я ў кнігу глядзела, Слоў ня бачыла толькі, чаму? Мо’ затое, што ў вокны нясьмела Ясакор шаптаў казку сваю? Як далёка мне ўсё, што балесьне Адчувала я ночкай і днём! Мо’ затое, што лепшыя песьні Ясакор мне пяе за вакном? Ён пяе не аб тым, што мінула, Старадаўным, далёкім, сівым. Не, аб будучай долі, я чую — Ён лісьцём сваім шэпча сухім. I нясьмелыя, смутныя словы Непакояць, трывожаць душу. Ціха ў клясе, бо ціхую мову Абарвалі таполі сваю. I ўзноў нудна так, нудна, халодна, Неяк цемна і ціха зусім. Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна Ясакор лісьцем б’ецца сухім.
Вы читаете Пад сінім небам
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату