Поўныя пакуты стромкіх хвояў хоры Гімн сьпяваюць ночы… Ціша… цішыня… Не шумяць галіны маладой асіны Аб адвечных страхах, векавой жудзе, Толькі у лагчыне, дзе туман лёг сіні, Часам ночны вецер глуха загудзе. Ўслухайся у словы ветравае мовы, Ўслухайся у шэпты хвояў маладых: Многа казкаў дзіўных, песьняў пераліўных Чуткаю душою зразумеў бы ў іх… * — Тут былі калісьці, — зварухнуўшы лісьці, Пачынае вецер, — не лясы-палі. Над ракою дзесьці, год таму ўжо дзьвесьце, Між высокіх жытаў вёскі заляглі. Там, у нізкай хатцы, жыў хлапец пры матцы, Сам прыгожы, сьветлы — нібы дзень вясной, А пяяў так звонка, што аж чула сонка, Голас меў жаўронка, птушкі палявой. Чуць сьвітае ранкам, а у полі Янка Ўжо ідзе за плугам і папар арэ… Паліць сонца з вышы, ўсё замрэ — ня дыша, А яму і люба, толькі йдзе, пяе. Ўвечары да хаты цягнецца араты Адпачыць на сене ці пад кажухом, А Янук гуляе, дзеўкі забаўляе, Песьні ім сьпявае недзе за сялом. Посьле, ноччу, ў поле пад лісьцё таполі Прывядзе ён коні, сядзе на зямлі, Коней даглядае, месячык вітае, Дзівіцца і лічыць зорныя вагні… Часта ў Божым моры ірваліся зоры, Як збліжалась восень, маці горкіх мар. Ўніз яны зьляталі, гасьлі, прападалі У бяздоньнях неба між калматых хмар. Кажуць, што ня зоркі, ангелаў пацёркі Ў восеньскую ночку сыплюцца дажджом: Гэта лятавіцы, злыя чараўніцы На зямлю зьлятаюць, ой, не за дабром! Зоры ёсьць такія — ясныя, ціхія… Душы праклятыя там жывуць, чуваць… I за крыўду гэту да сканчэньня сьвету Пакляліся мсьціцца — людцаў чараваць. Спрыкрыцца праклятай жыці незанятай, Засумуе часам — зоркаю зьляціць. Скінецца дзяўчынай і брыдзе пуцінай Грэх па людзях сеяць, хлапчукоў звадзіць. * Варажыла ночка, жаляў, чараў дочка, Агарнуўшы мглою сіняю прастор, У душу прасіўся, сьпевам дзіўным ліўся Смутных ночных гукаў ціхі перабор… Лёг хлапец у полі пад лісьцём таполі I цягучай песьняй скалыхнуў цішу. Выліваў маркоты, сумы адзіноты, Разьядаў сьлязамі горкімі душу… У нябесным полі ярка, штораз болей Зігацелі зораў белыя вагні, Разрывалісь зоры, гінулі ў прасторы, Гасьлі над зямлёю, гасьлі на зямлі. Вось агнём зарніцы зорка-чараўніца У вачох бліснула і зьляцела ўніз. Толькі сьлед бліскучы, агнявы, мінучы На мамэнт празь неба ніткаю павіс. Глянуў хлопец — дзіва: пасьвятлела ніва, Зорка над зямлёю, над лісьцём ляціць. Глянуў і падняўся, ледзь перажагнаўся,