А ўжо тая зорка перад ім стаіць. Зь цемры непрыветнай твар дзяўчыны сьветлай Выплывае моўчкі і глядзіць, глядзіць, Апусьціўшы вочы, мо спытацца хоча: «Што сумуеш, хлопча, што табе баліць?» Вочы у дзяўчыны — возера глыбіні, Ад павек кладзецца сіняваты цень. Валасы дзяўчыны — зорныя тканіны, Сэрабрыста-белы месяца прамень. Лёгкае убраньне з мглы правіднай раньня Абвілося хмаркай каля белых ног… Ўся яна ірдзіцца, квола сэрабрыцца, Як адна з тых зораў, што раскідаў Бог. «Хто ты?» — «Я дзяўчына з хмарнае лагчыны, — Зазьвінела ціха, бы званкі ў траве, — А пачула песьні, вабяць так балесьне, — I прыйшла у поле… слухаць… да цябе. Пей гучней, я сяду»… Слухае загаду, Засьпяваў, заліўся, сэрцайка дрыжыць… А дзяўчына-зорка ўсё сьмяецца горка I вачмі-бяздоньнем жудасна блішчыць… Скончыў Янка граньне: «Дзеўчынка-каханьне, Для цябе пайду я на мучэньні, зьдзек. Будзеш мая жонка — аджыве старонка, Расьсьвятлее доля: палюбіў навек! Пэўна, знаеш чары, калі таюць хмары, Калі гінуць цені ад тваіх вачэй. Безь цябе мадзеці не магу на сьвеце, Будзь маёю, любка, падыдзі бліжэй». Не жалейка плача, стогне небарача, Не, ня ночны вецер жаласна гудзе, — А з грудзей дзявочых сьпеў ліецца ўночы, Кроіць сэрца болем, сьлёзы гора лье… Пабялелі сеці месяца на вецьці, Паляцелі зоры з чорных Божых рыз, Тонкія таполі застагналі з болі, Апусьцілі вецьце распачліва ўніз. А душа канае… Але тут зьмяняе Сваю песьню дзеўча на вясёлы тон… Расплыліся хмаркі, выплыў месяц шпаркі, Зазіялі зоры белым жамчугом. Белыя бярозы, што гублялі сьлёзы, Загудзелі сьветла, радасна, як сьмех. Прабудзілісь кветкі, аджылі палеткі, Ўсё пайшло круціцца, як узімку сьнег. Скача месяц белы, скачуць зоркі сьмела, I дзяўчына скача зь Янкаю, пяе… Валасы сплятае, нібы птушка тая, Ўсё лягчэй нясецца, ўсё вышэй плыве. Ад зямлі паволі сілай дзіўнай волі Адлятае… ўецца сінім матылём, Над густой пшаніцай зьзяе зараніцай, А хлапец трымае, зь ёй імкнецца й ён. «Ой, пусьці, хлапчына, — просіцца дзяўчына, — Не сваёю воляй я ляту да зор!» Але дарма б’ецца, яго страшыць, рвецца: Як каршун з галубкай, праляцелі бор. «Ой, пусьці!» — «Загіну, а цябе, дзяўчына, Не пушчу, хай будзе, што захоча Бог». Ды запелі пеўні дзесь у вёсцы, пэўне, Ірванулась любка — затрымаць ня мог… Шуганула ў неба залатыя глебы, Задрыжэла зоркай — чыстаю расой. I дагэтуль зьзяе, ночкамі гуляе, Аж пакуль не ўбачыць сонца над сабой.
Вы читаете Пад сінім небам
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату