Злога ня ведала сэрцайка Галі… * Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае — Гэта Галінка чаромху ламае. Ў лесе на краю зялёнай паляны, Сьветлай расой, як сьлязамі прыбранай, Сонца з-за цёмнага бору ірвецца, Скора імгла над зямлёй распаўзецца, Цень, між камлёў пасплятаны, вузорны, Сіні, халодны, мясцамі йшчэ чорны, Зьнікне у золаце раньняга сонца, Ў ласках вясеньніх, гарачых бясконца… Ходзіць дзяўчына, чаромху зрывае, Песьню маркотную ціха сьпявае, Ходзіць і ходзіць… а дрэвы дарогу Моўчкі ёй кажуць да гушчы ў разлогу, Кажуць дарогу да тоні-балота, Тоні, дзе сонца блішчыць пазалота Ў плямах рудое, іржавай вадзіцы, Тоні, аер дзе зялёны хіліцца, Качкі ўюць гнёзды, маленькіх выводзяць, Дзівы дзе лес гулам жудасным родзіць. Там, над балотам, як чула Галіна, Рэшткі згніваюць старуткага млына, Мхом зарастаюць, а ў ім, між асокі Век дажывае млынар адзінокі. Можа зайсьці варажыці? Ён мае Сілу дзіўную і моц нялюдзкую, Чортаву, кажуць… вужакаў гадуе, Лечыць, варожыць, урокі зьнімае. Сэрцайка Галі калоціцца, б’ецца, Так-бы дамоў і пабегла, здаецца. Ціха ідзе па імховай пасьцелі, Твар пахаваўшы ў чаромхавай белі. Холад іголкамі колець у грудзі, Вось і балота… Хай будзе, што будзе… * Госьцю стары чараўніча вітае, Зь дзіўнай усьмешкай яе аглядае. Белы, высокі, калматыя бровы, Ссушаны твар, пажаўцеўшы, васковы, Белая вопратка, пояс сатканы Зь ніцяў грубых, кутасамі прыбраны, Лапці зь ліповага лыка, аборы… Самае дзіўнае — вочы, як зоры, Цёмныя, цёмныя — неба уночы. Ўсё пахаваюць, што знае, што хоча, Добрае, злое, насьмешку ці ласку, Долю праклятую, долю, як казку, Нейкі агонь у тым поглядзе дзіўным. Голасам ціхім, глухім, зауныўным Госьцю стары чараўніча вітае, Што яна, красная, хоча, пытае. Шэптам штось кажа старому Галіна. Шчокі зьбялелі, бы сьнег, палатніна, Хоча аб долі сваёй запытацца, З будучым часам таемным спазнацца. Мо' ужо любіць дзяўчына кагосьці, Мо' ўжо заняў яе сэрцайка хтосьці? Не, не аб тым, пэўна, кажа Галінка, К дзеду схіліўшысь, бы ў полі калінка. Любіць… ня любіць… а трудна прызнацца, Сэрца даўно пачынае мо' рвацца, Хочацца ўсё, усё выліць, сказаці — Сорамна неяк, ну й трэба маўчаці… Моўчкі стары чараўнік адыходзіць, Кій свой бярэ, кола кіем абводзіць, Коўшык прыносіць сьцюдзёнай вадзіцы, Жменю ў ваду сыпле чорнай зямліцы, Кажа дзяўчыне у коўшык глядзеці, Золкі прыносіць тым часам ды з клеці, Крышыць іх, сыпле таксама ў вадзіцу, Ў коўшык, куды і Галіна глядзіцца. Ціха у чорнай закуранай хатцы… Моўчкі стары пачынае хістацца, Штосьці нячутна і глуха шапоча, Доля-нядолю пытае, прароча: — «Ўстану я і вайду ў лес-бор паволі, Зь лесу-бору выйду ў чыстае поле Сьпінаю устану я там да заходу, Стану чыстым тварам я да усходу…» Слухае Галя… чуць дыхае… душыць… Звон быццам б’е, аглушаючы, ў вушы… Круціцца хата… Туман ад парогу Ўстаў… спавівае… ня помніць нічога… Шэпча вядун і ў ваду заглядае, Зёлак у коўшык сухіх падсыпае, Сыпле і кажа ціха, паволі, Жудасна, глуха, што далей, то болей: — «Абвяжуся я хмарамі сівымі, Падпаяшуся ранічнай зарою, Паабтычуся зоркамі малымі, Абмачуся чыстаю расою, Абсушуся сонейка касою…» Шэпча ўжо толькі губамі аднымі