Яшчэ сонца ня вітае З-за кароны цёмнай гаю, Яшчэ ў лесе, у гушчары Туману клубяцца хмары, А ўжо перад старшым братам Ясны сокал ляціць сватам, Ляціць сватам да Галіны, Ў якой губкі, як каліны. Яшчэ сонца ня відаці Над мурогам сенажаці, Яшчэ кропелькі расіцы Жутла зьзяюць на пшаніцы, — А ўжо перад срэднім братам Мал жаўронак ляціць сватам, Ляціць сватам ён да Галі, Ў якой косы — жыта хвалі. Яшчэ сонца не сьмяецца, Бліск з нябёсаў ня ліецца Яшчэ толькі гаснуць зоры, Сьпяць у лесе птушкаў хоры,— А ўжо прад малодшым братам Салавейка ляціць сватам, Ляціць сватам да Галінкі, Ў якой вочы — дзьзе расінкі. Старшы брат выкуп багаты За любую ўносіць ў хату: Многацэнных кунаў скуры, Гарнастайкі, собаль буры, Мёд пахучы, бурштыновы, Бору, соснаў пах здаровы. Срэдні брат у хату зносіць Выкуп свой, прыняці просіць: Раскладае зьвіткі лёну, Жыта з роднага загону, Воўну белую, пшаніцу, — За дзяўчыну-чараўніцу. Меншы брат з каня зьлязае, Йдзе у хату і выймае Златалітыя пярсьцёнкі, Што з чужой прывёз старонкі, I пытаецца, як ласкі, Аб дзяўчыне сваей казкі. * Так у хаце пры растані Брацьці зьехаліся ўраньні. На сябе яны зірнулі, Дзіўна твары адвярнулі, Усьмяхнуліся панура… Ой, там будзе, будзе бура, Бо няма вастрэйшай звадкі, Як з-за дзеўчыны-загадкі!

V

Сумна, сумна, як каліна Ўвосень дождж з галін страсае. Сумна, сумна, як дзяўчына Дробны сьлёзы вылівае: — “Ой, чаму, чаму я, маці, Сьлёзы мушу праліваці? Каб была я сонцам ясным, Каб была я ветрам буйным, Каб была імглою раньняй, Каб была крыніцай тою З жыватворнаю вадою, — Я-бы любых абагрэла, Абсушыла-б суха цела, Абхінула-б мглою белай, Аджывіла-б думкай сьмелай!” Так заводзіць прычытаньні Дзеўча ў хатцы на растані, А у полі вецер вее, Дробны дождж над полем сее…
Вы читаете Пад сінім небам
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату