* * * Так казала Алёнка-залётніца, Да князёвых ласкаў ахвотніца, За руку яго трымаючы, 3 рукі стрэльбу вынімаючы. Апусьціўся князь, усьмяхаючыся, Па траве-мурагу раскідаючыся, Мо’ паверыўшы казцы, мо’ так, бо любіў, — Маладую лябёдку ён, князь, не забіў. Эх, ня вецер каліначку ў полі ламаў, — Князь Алёнку туліў да сябе, абнімаў, Не хмяліначка ля кіёчка завівалася, — Алёнка да любога княза схілялася, А ўжо сонейка ў небе нізка было, За горы-гарыстыя спаці ішло… * * * А і хочацца Данілцы спаці, Цяжка з лаўкі дубовае ўстаці, А і хочацца, і ня хочацца, Думкі рэчкаю быстрай коцяцца, Як паехаў князь на тым тыдні ў лес, За ласём ішоў, у гушчар улез, Ад зары скакаў між густых сасон, Ад капытаў гул нёсься ўдаль, як стогн, А і езьдзіў князь ды пакрыківаў, Сваіх верных слугаў пакліківаў. А за іх усьлед разам йшлі псары, 3 ім, Данілаю маладым, ўгары. На Данілцы быў дарагі каптан, Паяс шоўкавы жамчугом заткан, Шапка новая, сабаліная, На ёй пёрка сакалінае, 3-пад яе кудры падалі русыя, Бровы хмэрылісь нешта густыя, Углядаліся ўдаль вочы сьмелыя, Як дзьве зоркі далёкія, белыя…     Ня віхор ляціць і асінкі гнець,     Лятучы праз лес, на бярозы дзьмець,     Гэтак скача Даніла праз старыя пні,     А і скача ён на сваім кані… Ўсё сьвятлее лес, радзей рад сасон… 3 вараным канём на паляне ён… Ня чуваць сабак, ня гудуць псары, Бор стары, глухі, як усе бары, Па бакох кусты маладых ляшчын, А над імі сплёт векавых галін…     Стаў Даніла, аглядаецца,     У сьляды свае ўзіраецца. Конь пад ім дрыжыць, капытамі б’е, У халодны цень, пад кусты заве… Пад кустамі сьцежачка ўецца, Тою сьцежкай Даніла імкнецца. Аб суччо сасон абарваў паяс, Сходзіць сонейка, ўжо няраньні час, А Даніла ўсё скача па сьцежачцы, Ўсё скача, аглядаецца, У сьляды свае ўзіраецца..     Толькі што гэта за возера ляжыць,     Што за сіняе, прыгожае блішчыць?     Берагі ў яго зялёныя,     Асакою кругом абнясёныя,     Спавітыя чаротам-гаротнікам,     Да нярадасных казкаў ахвотнікам,     Пасярэдзіне лебядзі плаваюць,     Ваду крыльлямі б’юць лебядзінымі,     За сьнягі храшчэнскія бялейшымі,     За росы купальскія чысьцейшымі. Даніла да возера на кані пад’яжджзе, Як на той бок праехаць, шукае… Бачыць чорную грэблю ля млыну, Бачыць кола праз дрэваў тканіну, Пена густа з-пад кола нясецца… Далей хата… дым стужкаю ўецца…     Пад’яжджае Даніла, аглядаецца,     У ваду, у млын узіраецца… Ня дрыжыць зямля, калі гром грыміць, Не гарыць зара, калі сонца сьпіць, А дрыжыць душа маладзецкая, А іграець кроў удалецкая:
Вы читаете Пад сінім небам
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату