Фаўст ляжыць на лузе сярод кветак, стомлены, неспакойны; хоча заснуць. Досвітак. Навокал кружацца грацыёзныя духі-эльфы.
Арыель (спявае пад эолаву арфу)
Па зіме, як толькі кветкі Амалодзяць стылы свет, Нашы пашы і палеткі Зноў адзенуцца як след,— Зноўку лёткія малыя Эльфы роем наляцяць, Людзі добрыя і злыя Могуць ласку іх прыняць. Вы, што лунаеце над Фаўстам сонным Чароўна-эльфаўскім надземным сонмам, Суцішце боль агорклае нуды, Развейце ў сэрцы роспач ад дакору, Злагодзьце дух яго, здыміце змору, Каб ён забыў былое назаўжды. Закалышыце ласкай і пяшчотай, Скрапіце забыццёваю вадой, Каб сіл набраўся ён душой, істотай Да новай рызыкі, да маладой. Зрабіце дзіва з чараў і дзівос, Каб Фаўст нарэшце сон атрос. Эльфы (паасобку, па двое, хорам)
Цёплы ветрык ціха вее, Дзень згасае, вечарэе, Лёг на поле волкі змрок. Накалышам сон на вочы, Каб турбота адплыла, І зачынім браму ночы Ад праменнага святла. На бязмежжы, на прасторы Чорнай поўначы пячаць. У бяздонным небе зоры Запаліліся, зіхцяць І на луг, на гай чароўны Сыплюць іскры, прамяні. І плыве ўрачыста поўны Месяц горды ў вышыні. Адышлі ў нябыт суровы Шчасце, боль і пачуццё. Будзь бадзёры і здаровы, Вер у новае жыццё. На прыгорках, у далінах — Квецень, свежасць, пышны май: І калышацца на нівах, Даспявае ўраджай. Каб убачыць лёс жаданы, Глянь у ясную вясну, Прэч шпурні свае кайданы І адкінь лушпінне сну. Уставай жа, неўтаймоўны, Будзь нядрэмны між людзей І ваюй, натхнення поўны, За трыумф сваіх надзей! Гучны грукат абвяшчае ўзыход сонца.
Арыель
Чуйце, як спяваюць Оры{128}! Абвяшчаюць духаў хоры Узыход свяціла скоры.