Але без працы не дастанеш грошай. Вось уявіце: ў час вайны, бывала, Калі чужынец сеяў смерць і жах, Усе, каго навала ўпрочкі гнала, Сваё дабро хавалі ў тайніках. Не кожны змог да лепшых дзён дажыць. А скарб сабе цалюсенькі ляжыць З часоў старога, спаленага Рыма — Належыць Вашаці зямля з грашыма.{132} Скарбнік
Хоць дурань, а сказаць разумна ўмее! — І сапраўды ж — царова прывілея! Канцлер
Намовы сатаны амаль у кожным слове! Нядобра, брыдка думаць так, панове. Кашталян
Мне ўсё адно, ў каго браць грошы — Ці то ў нячыстага, ці то ў святошы. Военачальнік
Разумны дурань бачыць сутнасць свету: Салдату горш за ўсіх — гані манету! Мефістофель
Вы мне не верыце? Ну што ж, тады — Спытайцеся ў вучонай барады: Астролаг тут жа вычытае з зорак Багацце вам, галечу і паморак. Гоман натоўпу
І той, і гэты — звадыяш. Як бобам сыпле дурань наш! Адзін у песенькі канец — Ля трона дурань і мудрэц. Астролаг (гаворыць з падказкі Мефістофеля)
Найбольшы скарб — то Сонца залатое;{133} Вястун Меркурый — прагны; ды затое Венера не жадае людзям злога, Уцешыць і старога, й маладога; Цнатлівы Месяц спакушае нас; Ваеннай сілай пагражае Марс; Юпітэр прыгажосцю цешыць вока; Сатурн халодны ад душы далёка: Ён як метал, не надта дарагі — Хоць вельмі цяжкае вагі. Найлепш, як Сонца з Месяцам да пары! Тады хутчэй збліжаемся да мары, Бо двор, сады, жанчын, палац з дабром Аплаціш золатам і серабром І гэтым ключыкам адчыніш дзверы Ва ўсе замкнёныя кругі і сферы. Імператар
Падвойны голас! Толькі ж — не, Не пераконвае мяне! Голас з натоўпу
Што нам з таго? З пустой яго І траскатні, і балбатні? Не першы раз дурылі нас І звездачот, і абармот, Мефістофель
Стаяць, бы дурні,— як давесці Ім шчырасць добрых прапаноў?